П'ер Рышар запісаў відэазварот да Пуціна з асуджэннем агрэсіі супраць Украіны
Вядомы французскі акцёр 87-гадовы П'ер Рышар запісаў відэазварот да Пуціна з асуджэннем агрэсіі супраць Украіны. Ён зрабіў гэта ў эфіры французскага тэлеканала BFM.TV.
«Мяне раздзірае на часткі ад таго, як расійская армія ўварвалася ў Украіну. І «ўварвалася» — гэта слаба сказана. Гэта ўварванне пераўтварылася ў масавыя забойствы, я нават сказаў бы ў варварства.
Я ўпэўнены, няма нічога, што магло б апраўдаць забойствы жанчын, дзяцей і мірных жыхароў — гэта проста жудасна», — падкрэсліў Рышар.
Ён адзначыў, што пастаянна глядзіць навіны і фота з Украіны, пасля чаго яго «больш чым перапаўняюць эмоцыі». Рышар адзначыў, што захапляецца адвагай і самаадданасцю ўкраінцаў.
«Я высока цаню іх смеласць і дух супрацьстаяння, іх самаадданасць. Я імі захапляюся. Вось што я хацеў вам сказаць. Я не губляю надзеі, што гэта ўсё скончыцца як мага хутчэй, паколькі працягваць гэта проста агідна», — дадаў французскі акцёр.
У папярэднія гады Рышар неаднаразова прызнаваўся ў сімпатыях да Расіі. Нават у гэтым звароце ён адзначыў: «Я ведаю Расею, ведаю яе народ, Я люблю яго. Я добра ведаю і Украіну, і я таксама люблю народ гэтай краіны».
Каментары