«Прабачце нам». Былая прапагандыстка НТВ Лілія Гільдзеева — пра звальненне, ад’езд з Расіі і працу на дзяржканале
Вядучая тэлеканала НТВ Лілія Гільдзеева, якая пасля нападу Расіі на Украіну звольнілася і зʼехала з краіны, дала першае пасля гэтых падзеяў інтэрвʼю The Insider. Яна распавяла, як дзяржканалы працуюць па метадычках «зверху», што з 2014 года ішла на здзелку з сумленнем і папрасіла прабачэння ва ўкраінскіх маці.
Пра звальненне
Рашэнне спыніць усё гэта я прыняла раніцай 24 лютага, калі загрузіла сайты навін, уключыла тэлевізар, і ўсё гэта ўбачыла. Цяжка гаварыць нейкімі асэнсаванымі катэгорыямі, бо гэта хутчэй была чыста эмоцыя. Але я думаю, што мала хто рэагаваў адэкватна на падзеі, якія адбыліся, — на ўварванне.
Бо найперш гэта была вельмі магутная эмоцыя, на разрыў. Уласна, са мной здарылася тое самае. Гэта быў адразу нервовы зрыў. Некалькі дзён запар я проста не магла апрытомнець. Рашэнне было відавочным адразу. Ніякай працы больш не будзе.
Гэта быў выхадны тыдзень. Я патэлефанавала кіраўніцтву і сказала, што ў мяне нервовы зрыў, што ў панядзелак я на працу не выйду. Усведамляючы тое, што гэта ўжо ўсё, я тым не менш узяла адпачынак. Я ўзяла тыдзень, каб зразумець, што мне рабіць далей. 28 лютага я на працу не выйшла. З таго моманту, як толькі ўсё пачалося, я зразумела, што ўвогуле не змагу.
З боку кіраўніцтва былі спробы дамовіцца. Адразу стала зразумела, што ў прайм я не вяртаюся. Былі нейкія спробы прапанаваць мне іншыя варыянты — папрацаваць на іншыя эфіры. Не, вядома, [я не пагадзілася]. Было зразумела, што гэта не мая гісторыя.
Тры тыдні ўсё гэта ідзе, і я кожную раніцу прачынаюся з гэтай думкай пра тое, што гэта не можа быць праўдай. Гэта да гэтага часу нейкі, мабыць, адкладзены эфект траўмы, таму што ўсё глыбей і глыбей гэтае ўзрушэнне.
Першыя некалькі дзён была яшчэ надзея, што гэта хутка спыніцца, як страшны сон. Але з кожным днём гэта ўсё больш і больш падобна на нейкі вязкі кашмар.
Пра калег
Я нічога не чула [пра калег, якія таксама звольніліся]. Можа, нешта да мяне не даходзіць. Ва ўсякім разе, у мяне такіх даных няма. Мне вядомы толькі адзін канкрэтны выпадак «сыходу калег» — гэта Вадзім Глускер, мой калега, наш уласны карэспандэнт у Бруселі. Адзін з такіх слупоў старога НТВ, адзін з карэспандэнтаў, якія працягвалі працаваць столькі гадоў, звольніўся.
Па вялікім рахунку, я сама толькі нядаўна з усёй гэтай гісторыі выйшла. Мне падаецца, ацэньваць матывы людзей, якія застаюцца працаваць нават у такіх умовах, я не маю права. У кожнага свае прычыны. Але для мяне гэта было немагчыма.
Называць уварванне адной краіны ў іншую і вайну, якую яна вядзе не тэрыторыі іншай краіны, «спецаперацыяй» для мяне проста немагчыма. А якімі матывамі кіруюцца іншыя людзі, якія застаюцца працаваць і ўсё ж выконваюць, я не ведаю, не магу гэта ацэньваць.
Пра кампрамісы
Гэта пытанне пра здзелку, на якую я і многія мае калегі пайшлі, каб застацца. 2014-ы быў вельмі страшны, але калі ты ідзеш на вось гэтыя маленькія саступкі, табе здаецца, што адбываюцца вельмі дрэнныя рэчы, але мусіць быць лепей.
Гэты пераскок быў вельмі рэзкі. Калі ты пакрысе сабе саступаеш, ты не заўважаеш глыбіні падзення. І проста ў нейкі момант ты аказваешся тварам да твару з гэтай карцінкай, якую ты на выхлапе атрымліваеш 24 лютага. Прачынаешся раніцай і разумееш, што гэта ланцужок маленькіх крокаў.
Відавочна, што ўсе цэнтральныя каналы працавалі па адных і тых жа метадычках. Па адных і тых жа тэмніках. Я, дапусцім, не атрымлівала доступ на спецыяльныя нарады, дзе гэтыя метадычкі раздавалі, давалі ўказанні. Нам іх толькі спускалі, гэта не сакрэт. Гэта было і раней, але проста ў апошнія гады, калі сталі закручваць гайкі, гэта стала вельмі заўважна, стала вельмі кідацца ў вочы.
Былі тэмы, па якіх мы сапраўды некалькі разоў пераправяралі — «а ці сапраўды мы гэта не даём». Відавочна значныя нейкія падзеі, якія адбываліся. Ёсць рэчы, якія выходзяць не толькі ва ўсерасійскае, але яшчэ і ў міжнароднае поле, і мы проста на гэтую тэму ніяк не гаворым — вядома, гэта выклікала ў нас пытанні.
Былі невідавочныя, невытлумачальныя для мяне рэчы. Не звязаныя, мусіць, з палітыкай, якія былі не дазволеныя ў прайме.
Пра Аўсяннікаву
[Учынак Марыны Аўсяннікавай] — гэта абсалютнае ўзрушэнне. Я шмат размаўляла са сваімі калегамі, усе прыкладна аднолькава ацэньваюць, і часцей за іншыя гучыць слова «подзвіг».
Гэта зусім неверагодная пляцоўка для таго, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Скарыстацца эфірам Першага канала — гэта неверагоднае абазначэнне сваёй пазіцыі. Неверагодны выбар кропкі, выбар аўдыторыі. Гэта чыстае захапленне, вядома.
Пра адʼезд з Расіі
Чаму я зʼехала з Расіі? У мяне даволі смешны адказ. Мы паўгода таму з дачкой пачалі размаўляць пра тое, што сёлета я яе абавязкова вывезу да мора. Былі гісторыі, звязаныя з немагчымасцю выехаць. Яны ў асноўным тычыліся пандэміі. І я падумала, што сёлета трэба абавязкова вывезці дзіця. Потым — у апошні тыдзень перад маім выездам — пачалі адбывацца нейкія рэчы… Пайшлі чуткі, што зачыняць межы. І тады я падумала, што, па-першае, мне трэба выканаць абяцанне перад сваім дзіцём. А па-другое, калі гэта будзе няпраўдай, я вярнуцца заўсёды паспею.
Гэта ўсё было нейкім спантанным рашэннем, на якое наліпла мноства прычын адначасова. Я разумела, што калі я працягну яшчэ крыху, не будзе ў майго дзіцяці ніякага мора. Хоць гэта, вядома, на фоне вайны з Украінай гучыць зусім па-ідыёцку, жудасна, цынічна, мусіць. Але па факце — так.
Гэта, мусіць, было вельмі эмацыйным рашэннем.
Пра тое, што не выправіць словамі
Што б я сказала ўкраінскім маці? Я б сказала фразу, якая наўрад ці нешта, неяк гэтую сітуацыю… Гэта вельмі складана. Я б вядома, сказала: «Прабачце нам».
Я разумею, што гэта нікога не ўратуе.
Усё, што адбылося ‒ гэта надоўга. Паўплывае не толькі на нас, але і на нашых дзяцей, і на нашых унукаў. Словамі нічога не выправіць.
Каментары