Свет1212

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?

Сенатар-рэспубліканец Марка Рубіа, вядомы ястраб і прыхільнік жорсткага стаўлення да Расіі, мае больш за ўсё шанцаў стаць новым кіраўніком дыпламатыі ЗША. Расказваем, што пра яго вядома і чаго чакаць Беларусі.

Марка Рубіа, сенатар ад штата Фларыда і сябар Рэспубліканскай партыі ЗША. Фота: Matt Rourke / AP

Сенатар ад штата Фларыда і сябар Рэспубліканскай партыі Марка Рубіа разглядаецца як найбольш верагодны кандыдат на пасаду будучага кіраўніка Дзярждэпа ЗША, пішуць выданні The Hill, Politico і Reuters са спасылкай на крыніцы ў блізкім атачэнні Дональда Трампа.

Рубіа — адзін з самых уплывовых ястрабаў амерыканскай палітыкі, вядомы сваім жорсткім стаўленнем да любых аўтарытарных рэжымаў планеты, асабліва Расіі, Ірана і Кітая.

Сенатар ад Фларыды яшчэ ў пачатку года адкрыта падтрымаў кандыдатуру Трампа на выбарах, напісаўшы ў твітары, што перамога мільярдэра ёсць «адзіным спосабам выправіць катастрофу, створаную Байдэнам, і тым самым выратаваць Амерыку».

Пры гэтым у 2016-м палітык змагаўся з Дональдам Трампам за статус кандыдата на выбарах прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі, называў таго «небяспечным для Амерыкі махляром» (гэты твіт Рубіа дагэтуль можна знайсці ў ягоным акаўнце), а пасля выбараў узначальваў афіцыйнае расследаванне Камітэта па разведцы Сената ЗША супраць Трампа «за меркаваныя сувязі мільярдэра і ягонага атачэння з Крамлём, які мог дапамагчы таму стаць прэзідэнтам».

Трамп тады таксама не застаўся ў даўгу, назваўшы Рубіа «ганебнай нікчэмнасцю і катастрофай для Фларыды, якому не давераць нават лоўлю сабакаў».

Дэбаты Марка Рубіа і Дональда Трампа за абранне кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на прэзідэнцкія выбары 2016 года. Фота: Houston Chronicle, Gary Coronado, Pool / AP

Як так сталася, што Рубіа, нягледзячы на сваю ранейшую непрыязь да Трампа, урэшце падтрымаў мільярдэра і мае высокую верагоднасць стаць пры ім кіраўніком амерыканскай дыпламатыі?

Святло на гэта пралівае канфідэнцыйнае дасье перадвыбарчага штабу Трампа на Марка Рубіа, якое было зліта ў інтэрнэт у выніку магутнай іранскай хакерскай атакі на серверы Рэспубліканскай партыі ЗША гэтым летам.

550-старонкавы дакумент быў апублікаваны на сайце суперкамітэта палітычных дзеянняў American Muckrakers PAC, звязанага з Дэмакратычнай партыяй ЗША. Камітэт, у сваю чаргу, атрымаў гэтыя даныя ў электронным выглядзе ад праўрадавай іранскай групоўкі APT42, якая, паводле амерыканскай выведкі, узламала серверы Рэспубліканскай партыі з уласнай ініцыятывы, каб не дапусціць перамогі Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. 

У выніку гэта не перашкодзіла Трампу стаць прэзідэнтам, у той час як само дасье на Рубіа пасля перамогі мільярдэра было пачышчана, пазбавіўшыся звыш 400 старонак. Але «Наша Ніва» паспела спампаваць некрануты арыгінальны файл і вывучыць яго.

Сутнасць дасье

Заўвага да тэксту на першых старонках дасье

Зыходзячы з заўвагі аўтараў дакумента на першых старонках тэксту, дасье на сенатара Марка Рубіа ўяўляе сабой аналіз усіх даступных і актуальных інтэрнэт-рэсурсаў, сотняў артыкулаў у Nexis (велізарная міжнародная база даных для паглыбленага пошуку юрыдычнай, прававой, фінансавай і іншай інфармацыі), публікацый у СМІ, дзясяткаў актыўных і архіўных вэб-старонак, а таксама некалькіх дзясяткаў публічных запісаў з розных федэральных, дзяржаўных і муніцыпальных урадавых устаноў ЗША.

Тэкст падаецца ў нейтральна-апісальным выглядзе без ацэнак і суправаджаецца гіганцкім наборам спасылак на кожныя выказванні і іншыя віды публічнай (а таксама непублічнай, але задакументаванай урадавымі структурамі ЗША) дзейнасці сенатара Марка Рубіа ў перыяд з 1995 па красавік 2024 года.

Як праверыла «Наша Ніва», спасылкі вядуць на працоўныя і сапраўдныя старонкі сусветных і амерыканскіх СМІ, афіцыйных урадавых і няўрадавых арганізацый і іншых рэсурсаў.

Дасье, грунтуючыся на рэальных выказваннях Рубіа, сведчыць аб тым, што палітык падтрымаў Трампа, каб не пазбаўляць сябе перспектываў кар'ернага росту, а таксама каб захаваць месца і ўплыў у Рэспубліканскай партыі, якая, паводле Рубіа, хутка змірылася з першым прэзідэнцтвам Трампа і за апошнія гады стала ўсё больш яму падпарадкоўвацца.

Дональд Трамп пераабраўся на другі тэрмін. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Пераход сенатара на бок мільярдэра не адбыўся адразу, і ўвесь першы прэзідэнцкі тэрмін Трампа Марка Рубіа разам з некаторымі іншымі бачнымі рэспубліканцамі актыўна складаў таму апазіцыю ў партыі.

Напрыклад, Рубіа спачатку крытыкаваў Трампа за прасоўванне ідэі ізаляцыянізму ЗША, непавагу да НАТА, жорсткую міграцыйную палітыку, эскалацыю гандлёвых войнаў з астатнім светам, а таксама за жаданне ісці на дамоўленасці і саступкі аўтарытарным рэжымам.

Акрамя таго, сенатар патрабаваў адключыць Расію ад сістэмы SWIFT і заканадаўча перашкаджаў Трампу здымаць санкцыі з расійскіх кампаній, роўна як і ўскладняў для Трампа механізм выхаду ЗША з НАТА, калі б той вырашыў ім скарыстацца.

Разам з тым, зыходзячы з дасье, Рубіа з гадамі паступова зніжаў градус крытыкі ў адрас Трампа і адначасова ўзмацняў падтрымку ягонай палітычнай праграмы. Гэта часам прыводзіла да супярэчлівых казусаў.

Напрыклад, афіцыйнае расследаванне Сената ЗША, распачатае ў 2016-ым пад кіраўніцтвам Рубіа, выявіла «прамыя сувязі перадвыбарчага штаба Дональда Трампа з расійскімі спецслужбамі» і, грунтуючыся на даных амерыканскай выведкі, прыйшло да высновы, што «Крэмль маштабна ўмяшаўся ў прэзідэнцкія выбары, каб дамагчыся перамогі Трампа». Але ўжо праз два гады сенатар Рубіа стаў прасоўваць думку, што расійскія намеры і ўплыў на выбары перабольшаныя.

На праймерыз Рэспубліканскай партыі 2016 года Рубіа моцна раскрытыкаваў Трампа за прапанову ўвесці высокія тарыфы на кітайскія тавары і паслугі, сцвярджаючы, што больш за ўсіх ад гэтага пацерпяць амерыканскія спажыўцы і кампаніі. Потым, калі Трамп, наадварот, захацеў скараціць абмежаванні на кітайскія інвестыцыі, Рубіа папярэдзіў, што адмова ад высокіх тарыфаў будзе «самай вялікай памылкай».

У 2020-2021 гадах, калі Дональд Трамп прайграў выбары Джо Байдэну, Марка Рубіа зноў павысіў градус крытыкі ў адносінах да палітычнага курсу мільярдэра. У прыватнасці, Рубіа звярнуў увагу на штурм Капітолія прыхільнікамі Трампа і іх спробы скасаваць вынікі выбараў, назваўшы гэта «антыамерыканскай анархіяй» і «нацыянальным сорамам» (але адмаўляўся асуджаць Трампа наўпрост).

У той жа час сенатар заклікаў Рэспубліканскую партыю прызнаць перамогу Байдэна і настойваў, што ўдзельнікі штурму Капітолія не павінны быць памілаваны.

Крытыкі і прыхільнікі Рубіа як з боку Дэмакратычнай, так і Рэспубліканскай партый, называюць палітыка «хітрым маніпулятарам» і «апартуністам сусветнага ўзроўню», пішуць аўтары дасье са спасылкай на розныя інтэрв'ю і публікацыі ў амерыканскіх медыя за апошнія 15 гадоў.

Так, газета Miami New Times, апытаўшы ў 2010 годзе былых аднакласнікаў, сяброў, дэмакратаў і калег-рэспубліканцаў, а таксама некаторых членаў сям'і Марка Рубіа, апісвае сенатара як «мэтанакіраванага, амбіцыйнага і нястомнага апартуніста з надзвычайнай здольнасцю аказвацца ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, які пойдзе на ўсё, каб дамагчыся прэзідэнцкай пасады».

Дональд Трамп і Марка Рубіа на нядаўнім рэспубліканскім перадвыбарчым мітынгу. Фота: Evan Vucci / AP

Чаго чакаць ад Рубіа свету і Беларусі?

Вывучыўшы дасье на Рубіа, «Наша Ніва» склала асобны спіс поглядаў Марка Рубіа на амерыканскую знешнюю палітыку, заснаваны на ягоных шматлікіх публічных выказваннях. Гэтыя перакананні, паводле заяў палітыка за апошнія дзесяцігоддзі, пакуль не зведалі значных змен.

Партрэт патэнцыйнага кіраўніка Дзярждэпа аказаўся такі.

  1. Рубіа прытрымліваецца неакансерватызму і інтэрвенцыянісцкай пазіцыі, выступаючы за актыўны ўдзел Амерыкі ў сусветных справах, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці ў краіне. Ён лічыць, што ЗША павінны несці цяжар сусветнага лідарства і «ратаваць свет ад тыраніі», нават калі для гэтага спатрэбіцца «рызыкаваць жыццямі і грашыма». Гэта робіць яго адным з нямногіх у Рэспубліканскай партыі, хто выступае супраць ізаляцыянісцкіх настрояў значнай колькасці прыхільнікаў Трампа.
  2. Рубіа заяўляе пра гатоўнасць ЗША ісці на канфлікт для абароны сваіх саюзнікаў па НАТА, адначасова настойваючы на істотным павышэнні выдаткаў на абарону сярод членаў блоку.
  3. Рубіа адчувае «адметную непрыязь» да рэжымаў Нікаласа Мадура ў Венесуэле, Башара Асада ў Сірыі і Аяталы Алі Хаменеі ў Іране, дапускаючы ў тым ліку ўжыванне вайсковай сілы для іх зрынання. Таксама палітык выступае за большае ўмяшанне ЗША ў справы Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, каб «абараніць іх ад уплыву Расіі і Кітая».
  4. Рубіа актыўна галасуе за санкцыі супраць Расіі, Ірана і Паўночнай Карэі, аргументуючы гэта «неабходнасцю барацьбы з тэрарызмам і фінансаваннем нелегальных структур». Пры гэтым палітык прызнае, што «часам даводзіцца весці перамовы з аўтакратамі».
  5. Рубіа падтрымлівае ідэю масавага збору амерыканскімі ведамствамі метаданых карыстальнікаў па ўсёй планеце, лічачы гэта патрэбным для забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны.

Канкрэтна пра Беларусь у дасье на Рубіа нічога не напісана, аднак пры гэтым палітык у апошнія гады рабіў шэраг бачных для СМІ крокаў на беларускім кірунку.

Так, сенатар Рубіа разам з некаторымі супартыйцамі ў 2017-ым крытыкаваў беларускія ўлады за ўвядзенне «падатку на дармаедства» і падаўленне мітынгаў незадаволеных. 

Са жніўня 2020 года палітык рэгулярна выступае за санкцыйны ціск і непрызнанне Штатамі рэжыму Лукашэнкі, з'яўляючыся суаўтарам некалькіх адпаведных рэзалюцый у Кангрэсе ЗША. У сакавіку 2022 года сенатар заявіў, што «Беларусь — не Расія» і што яе магчымы ўдзел у вайне ва Украіне стане «жудаснай памылкай».

У чацвертую гадавіну сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў Марка Рубіа напісаў у твітары, што ЗША памятаюць мірныя пратэсты ў Беларусі і падтрымліваюць беларусаў, якія працягваюць супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, які сфальсіфікаваў выбары».

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментарах пад допісам Рубіа падзякаваў яму за падтрымку і прапанаваў «змагацца з тыраніяй разам».

Але пры ўсім пры гэтым варта памятаць, што цяперашняя прадэмакратычная пазіцыя Рубіа па Беларусі, як і астатнія погляды сенатара, таксама не застрахаваныя ад рэзкіх зменаў пад уплывам абставінаў, інтарэсаў Рэспубліканскай партыі і самога Дональда Трампа.

Каментары12

  • .
    12.11.2024
    Коммент Франака под твитом сенатора - огонь просто. "Галантерейщик и кардинал - это сила!"
  • Zinedin_Zianon
    12.11.2024
    Хитрый оппортунист? Это и есть определение политика.
  • Злобный вожык
    12.11.2024
    Может же НН публиковать что-то стоящее, если захочет.

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?32

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Усе навіны →
Усе навіны

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі5

У Мінску людзі ўначы выстройваюцца ў чэргі, каб купіць рэдкія манеты

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

Літоўская мытня чарговы раз ускладніла ўмовы для транзіту аўто з ЗША ў Беларусь. Якія аўто цяпер могуць захраснуць у порце Клайпеды?5

У кафэ ў Брэсце можна разлічыцца лісцем2

МТЗ правёў краш-тэст сваёй сякеры: інструмент пераехалі трактарам ВІДЭА7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?32

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Галоўнае
Усе навіны →