Грамадства33

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць

Чаму Лукашэнка з такім энтузіязмам вітаў перамогу Трампа? Што сабой будзе ўяўляць формула міру ва Украіне, якую прапануе Трамп? Якім можа быць месца Беларусі ў межах гэтай формулы? На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста на «Свабодзе» адказвае былы беларускі дыпламат, магістрант Гарвардскага ўніверсітэта ў ЗША Павал Слюнькін.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Sean Gallup / Getty Images

— Лукашэнка павіншаваў Трампа з абраньнем адным зь першых, назваўшы пры гэтым яго посьпех «подзьвігам». Адметна, што Лукашэнка павіншаваў амэрыканскага прэзыдэнта-электа раней за Пуціна. На што ён, на вашу думку, спадзяецца?

— Ну, я, шчыра кажучы, думаю, што тут усё даволі відавочна.

Ён разумее, што Трамп — не традыцыйны палітык заходніх краін. Ён гатовы на нестандартныя крокі. У сваё папярэдняе прэзыдэнцтва ён сустракаўся зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, што здавалася да гэтага неверагодным. Ён вёў дыялёг зь людзьмі, якія былі на Захадзе «нерукапаціскальнымі». Я думаю, што абраньне Трампа ў Менску бачыцца як магчымасьць для таго, каб наладзіць адносіны са Злучанымі Штатамі, не адмаўляючыся ад сваіх базавых падыходаў адносна рэпрэсій, палітвязьняў, саюзу з Расеяй. Спадзяваньне на тое, што Злучаныя Штаты будуць гатовыя размаўляць з асобамі, якія фактычна кантралююць краіну.

Усё гэта накладаецца на відавочныя спробы беларускіх уладаў перазагрузіць адносіны з Захадам у цэлым. То бок гэта ня нейкая асобная беларуска-амэрыканская тэндэнцыя. Гэта трэк, які мы назіраем ужо апошнія паўгода. І ў гэтым сэнсе прыход да ўлады Трампа — проста зручная магчымасьць, зручны шанец, за які можна ўчапіцца. З разьлікам на тое, што потым за ім будуць і іншыя крокі ўжо зь іншымі заходнімі краінамі пад уплывам Злучаных Штатаў.

— Нагадаю некаторыя пункты беларуска-амэрыканскіх адносінаў у часы папярэдняга прэзыдэнцтва Трампа:

  • Візыты ў Беларусь самых высокапастаўленых вашынгтонскіх чыноўнікаў за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі — Джона Болтана і Майка Пампэо.
  • Упершыню з 2008 году прызначэньне амбасадаркі ЗША ў Беларусь.
  • Набыцьцё Беларусьсю амэрыканскай нафты.
  • Пратэсты 2020 году і першыя амэрыканскія санкцыі ў сувязі зь імі.
  • Тэлефанаваньне Пампэо Лукашэнку, вынікам чаго стала вызваленьне палітвязьня Віталя Шклярава.

— Што з ранейшай палітыкі прэзыдэнта Трампа адносна Беларусі ў 2017—2020 гады можна экстрапаляваць на будучыню?

— Што заўгодна можа быць экстрапалявана. Але я ня думаю, што палітыка адносна Беларусі ў бліжэйшыя гады можа стаць сур’ёзным элемэнтам стратэгіі Злучаных Штатаў у рэгіёне. У любым выпадку стратэгія ЗША будзе факусавацца на адносінах з Расеяй і Ўкраінай, на адносінах з краінамі NATO, з саюзьнікамі ЗША ў Эўропе.

А Беларусь паспрабуе ўклініцца, прадэманстраваць сябе як элемэнт, безь якога немагчыма гэта зрабіць. Але я ня ўпэўнены, што безь якіх-небудзь сапраўды радыкальных крокаў з боку Менску можна рэальна зацікавіць Вашынгтон.

Таму пэрспэктывы ўзаемаадносінаў Беларусі са Злучанымі Штатамі шмат у чым залежаць ад таго, як будуць складацца адносіны Вашынгтона з ключавымі гульцамі, якая будзе выпрацаваная пазыцыя па Ўкраіне, да чаго прывядуць перамовы аб спыненьні баявых дзеяньняў, як Трамп бачыць адносіны ЗША і NATO.

Беларусь успрымаецца ў ЗША як факультатыўны дадатак да Расеі, які ня мае ніякай сур’ёзнай суб’ектнасьці і ўплыву на працэсы. Для таго каб зьмяніць гэтае бачаньне, Лукашэнку трэба вельмі моцна пастарацца. Трэба паказаць, што ён здольны на нейкія заўважныя, выгадныя для ЗША крокі.

Я нагадаю, што на пачатку 2020 году, калі дзяржсакратар Майк Пампэо прыяжджаў у Менск, па выніках яго візыту беларускае МЗС рыхтавала варыянты дастаўкі амэрыканскай нафты, якая павінна была б замяніць расейскую ў Беларусі.

— Дык тады пара танкераў з нафтай для Беларусі прыйшлі ў Клайпеду.

— Так, але ў МЗС Беларусі абмяркоўвалася, як зрабіць, каб гэтыя пастаўкі сталі не сымбалічнымі, а сталымі, значнымі, каб збалянсаваць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў. Такія крокі ў Вашынгтоне, сапраўды, могуць заўважыць. Аднак пасьля 2020 году Лукашэнка знаходзіцца ў вельмі падпарадкаванай Маскве пазыцыі. І я сумняюся, што ён можа зрабіць нейкія крокі, якія зробяць уражаньне на Вашынгтон, на Трампа.

— Адмыслоўцы кажуць, што прэзыдэнт ЗША, прыходзячы да ўлады, робіць прыкладна 5 тысяч кадравых прызначэньняў. Ён, у прыватнасьці, прызначае дзяржсакратара і іншых кіраўнікоў Дзярждэпартамэнту. А вось чыноўнік, які ў Дзярждэпартамэнце адказны за палітыку адносна Беларусі — ён таксама будзе новы? Ці Беларусьсю можа займацца той жа чалавек, які займаецца ёю і цяпер, і, магчыма, займаўся ў мінулую кадэнцыю Трампа? Калі падыходы да Беларусі ня будуць мяняцца на вышэйшым узроўні, то, можа, практычная палітыка і не памяняецца?

— Зразумела, што ёсьць палітычныя пазыцыі, а ёсьць выканальніцкія. Апошнія — не тэхнічныя, але на іх дыпляматы рэалізуюць лінію, якая выпрацоўваецца на больш высокім, палітычным узроўні. І ў дадзеным выпадку можа адбыцца тое, што адбылося ў 2016 годзе. Тады штат Дзярждэпартамэнту быў кардынальна абноўлены — так, як гэта не здаралася раней пры прыходзе новага прэзыдэнта. Тады вельмі шмат дыпляматаў было звольнена ці яны самі звольніліся, будучы нязгоднымі з палітыкай Трампа. І магчыма, што і зараз адбудзецца нешта падобнае. Гэта значыць, зьмены адбудуцца ня толькі на ўзроўні кіраўніцтва Дзярждэпартамэнту, але і на ніжэйшых узроўнях ведамства.

У ЗША ёсьць палітычная традыцыя: з прыходам новага прэзыдэнта ўсе амбасадары падаюць у адстаўку. І справа новага кіраўніка дзяржавы — прыняць гэтую адстаўку ці не. Я ня думаю, што будзе прапанаваная адмысловая новая палітыка адносна Беларусі. Але зьмена палітыкі адносна ўсяго рэгіёна можа закрануць і Беларусь. Зрэшты, калі, напрыклад, Масква адкіне мірныя прапановы Трампа і ваенная сытуацыя ня зьменіцца, то, магчыма, і амэрыканская палітыка адносна Беларусі ня вельмі зьменіцца.

Калі ж Трамп зможа дамовіцца з Пуціным, заключыць зь ім угоду, то гэта моцна паўплывае на Беларусь. У такім выпадку для беларускай улады адкрыюцца новыя магчымасьці.

Важным фактарам будуць і адносіны ЗША з саюзьнікамі. Былы дарадца Трампа ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан расказваў шмат разоў у інтэрвію, што Трамп быў проста на мяжы таго, каб зрабіць рэальную спробу вывесьці ЗША з NATO. Ці будзе ён спрабаваць гэта цяпер паўтарыць? А чаму не? У яго цяпер ёсьць кантроль ня толькі над Белым домам, але і над Кангрэсам. Магчыма, ён і ня выйдзе з NATO, але будзе аказваць моцны ціск на саюзьнікаў такой пагрозай.

— Як Трамп зьбіраецца дасягнуць міру ва Ўкраіне? Адны, як Гарыс, кажуць — ён будзе прымушаць Украіну капітуляваць, аддаць тэрыторыі. Іншыя — што Трамп дасьць Украіне неймаверную колькасьць зброі, апусьціць цану на нафту да 40 даляраў за барэль і прымусіць Крэмль да кампрамісу. Што, на ваш погляд, больш праўдападобна?

— Варта ўзгадаць, якой была ягоная палітыка, калі ён быў прэзыдэнтам. Ён кажа, што спыніць вайну ва Ўкраіне. Але ж вайна там ідзе з 2014 году. І яна працягвалася ўсе чатыры гады ягонага прэзыдэнцтва. І ўсе тыя гады Расея рыхтавалася да ўварваньня. А Ўкраіна не была тады для Трампа стратэгічна важнай краінай. Цяпер кажуць, што Трамп, каб схіліць Расею да міру, акажа на яе ціск.

Але я не ўзгадаю, каб у 2017—2020 гадах ён аказваў на Пуціна нейкі сур’ёзны ціск. Ён сустракаўся з Пуціным, даволі пазытыўна пра яго адгукаўся, казаў пра тое, як Расея і Злучаныя Штаты неабходныя адно аднаму. Цяпер ён будзе дзейнічаць, зыходзячы з інтарэсаў — як нацыянальных, так і асабістых. І будаваць адносіны з усімі краінамі, зыходзячы з гэтага.

Ён за месяц да выбараў выступаў на эканамічным форуме ў Чыкага і там расказваў пра тое, як у пару прэзыдэнцтва будаваў адносіны з Паўднёвай Карэяй. Ён казаў, што там стаяць амэрыканскія войскі, якія гарантуюць бясьпеку гэтай краіны. І ён запатрабаваў, каб Сэул за гэта плаціў. Паводле Трампа, паўднёвакарэйцы спачатку адмовіліся. Тады ён прыгразіў, што ня будзе іх абараняць. У адказ яны пагадзіліся плаціць.

Выступаючы ў Чыкага, Трамп казаў, што калі б ня Байдэн, які прыйшоў і скасаваў гэтую ўгоду з Паўднёвай Карэяй, Сеул бы плаціў. Гэта тое, як бачыць Трамп вонкавую палітыку. І гэтае ягонае бачаньне тычыцца ня толькі стратэгічных супернікаў кшталту Кітаю або Расеі, гэта тычыцца ў першую чаргу саюзьнікаў. І ў сувязі з гэтым мне цяжка ўявіць, што Трамп будзе чыніць ціск на Пуціна, пагражаць яму, інвэставаць у гэта палітычныя, фінансавыя, ваенныя рэсурсы, ідучы пры гэтым на немалую рызыку.

— Аднак у мінулую кадэнцыю Трамп не патрабаваў ад Украіны прызнаць Крым расейскім, не патрабаваў выконваць Менскія дамовы ў іх расейскай інтэрпрэтацыі. Менавіта ён даў Украіне «Джавэліны». Так што нельга сказаць, што ён рабіў тое, чаго хацела Масква.

— Наконт Крыму ён казаў, што, магчыма, прызнае яго расейскім. Але ў любым выпадку ён не зьбіраўся прыкладаць намаганьні для таго, каб Украіна вярнула Крым. «Джавэліны» ён і праўда даў Кіеву. Але гэта была, мабыць, адзіная сур’ёзная рэч, якую ён даў Украіне для ўмацаваньня яе вайсковых магчымасьцяў. Тое, што ЗША давалі ў гэтым сэнсе Ўкраіне, па маштабах непараўнальна менш за тое, што давалася ёй пасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня. А Расея тым часам рыхтавалася да гэтага ўварваньня.

Я ня згодны са сьцьвярджэньнем, што Трамп — прарасейскі палітык. Але калі ён ня верыць у пэрспэктыву якіх-небудзь дзеяньняў, то ён не гатовы і ня будзе ўкладаць вялікія грошы ў такія дзеяньні. Гэта тое, чаго мы павінны чакаць ад гэтай ягонай кадэнцыі.

— Вы ўжо казалі, што Лукашэнка спрабуе палепшыць адносіны з Захадам у цэлым, ня толькі з ЗША. І пры гэтым у абмен на паляпшэньне гэтых стасункаў ён прапануе вызваленьне палітвязьняў. Гэта ягоны, так бы мовіць, «тавар». Ён ім вельмі ашчадна гандлюе — сёлета памілаваў некалькі дзясяткаў чалавек. Для Эўразьвязу, для адміністрацыі Байдэна гэта каштоўны «тавар», калі казаць рынкавай мовай. А для Трампа?

— Я думаю, што Трампа цікавяць іншыя рэчы. Нават калі б Лукашэнка адпусьціў зараз некалькі сотняў палітвязьняў, то як Трамп мог бы манэтызаваць гэта? І як Лукашэнка зможа яму растлумачыць, чаму гэта ўяўляе каштоўнасьць? Таму, калі я кажу пра магчымасьць для Лукашэнкі зацікавіць Трампа, гэта дакладна не пра лёсы палітвязьняў.

— А расейская ядзерная зброя ў Беларусі — гэта можа быць цікава Трампу? Яе вывад зь Беларусі можа быць часткай вялікай угоды? Можа, у Лукашэнкі ўвогуле не спытаюць ягонай думкі наконт гэтага. Але тым ня менш — Трампу цікава, каб расейская ядзерная зброя была выведзеная зь Беларусі?

— Я думаю, так. Гэта быў бы «гучны» сымбалічны жэст, якія Трамп вельмі любіць. Вось ён прыйшоў да ўлады, Расея яго спалохалася і выводзіць свае ядзерныя ракеты зь Беларусі. Я думаю, што яму гэта сапраўды можна было б «прадаць».

Пытаньне палягае ў тым, наколькі Расеі гэта было б цікава. Лукашэнка гэтую ядзерную зброю не кантралюе і не прымае наўпрост рашэньняў аб ёй. Калі Лукашэнку захочацца гэтую ядзерную зброю вывесьці, я не ўяўляю, як ён змог бы ўгаварыць свайго сябра ў Маскве гэта зрабіць.

Мая гіпотэза палягае ў тым, што Расея разьмясьціла сваю ядзерную зброю ў Беларусі не таму, што ёй Беларусь цікавая. Гэта не пра Беларусь, гэта пра стасункі Масквы з заходнімі краінамі. Вы памятаеце ўльтыматум, які Расея прад’явіла Захаду перад уварваньнем ва Ўкраіну ў канцы 2021 году? Там утрымліваліся патрабаваньні вяртаньня NATO да стану на 1997 год і вываду амэрыканскай тактычнай ядзернай зброі з тэрыторыі краін-саюзьніц. Але магчымасьці пераканаць ці прымусіць заходнія краіны гэта зрабіць у Пуціна не было. Таму ён зараз ваюе.

Разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта элемэнт торгу з Захадам, у першую чаргу з ЗША.

Што раней Масква магла прапанаваць Захаду за вывад амэрыканскай ядзернай зброі з Эўропы? Нічога. А цяпер — вывад сваёй ядзернай зброі зь Беларусі. Пры тым, што невядома, ці ёсьць яна там увогуле насамрэч. У выніку Пуцін фактычна за бесцань займеў важны козыр для торгу з Захадам.

Ці будзе Трампу ўсё ж цікава, каб гэтая зброя была зь Беларусі выведзеная? Я думаю, так. Ці будзе Пуцін гатовы выводзіць ядзерную зброю зь Беларусі за нейкія сымбалічныя саступкі? Я думаю, што не. Для яго гэта каштоўны актыў. Ён гатовы яго абмяняць толькі на сапраўды важныя і сур’ёзныя саступкі з боку Захаду.

— І пасьля 2020 году, і асабліва пасьля 2022 году агульным месцам палітычных дыскусій у Беларусі была тэза, што лёс Беларусі будзе вызначацца тым, чым скончыцца вайна ва Ўкраіне і што будзе з Расеяй. Калі мірная ўгода Трампа адбудзецца, як гэта паўплывае на Беларусь? Пасьля яе заключэньня ўплыў Расеі ў Беларусі ўзмоцніцца ці зьменшыцца?

— Гэта залежыць ад таго, ці будзе Беларусь часткай дамовы аб міры. Гаворыцца пра тое, што праект гэтага пагадненьня прадугледжвае стварэньне буфэрнай зоны — зоны бясьпекі. Калі ўзгадаць, што ў лютым 2022 году расейскія войскі нападалі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, то нельга выключаць, што Беларусь ці яе частка стане часткай гэтай буфэрнай зоны. Што будзе накладаць на беларускія ўлады пэўныя абавязаньні.

Калі ж Беларусь ня будзе часткай мірнай дамовы, расклад будзе іншы. Калі зыходзіць з кансэрватыўнага сцэнару, пры якім ніякіх сур’ёзных зьменаў, перамір’я ці міру, не адбываецца, то Лукашэнка будзе малюсенькімі крокамі спрабаваць аднаўляць балянс у адносінах з заходнімі краінамі.

У яго ў студзені выбары. Я думаю, што ён ускладае сур’ёзную надзею на тое, каб «абнуліць» сваю нелегітымнасьць. Разьлічвае на тое, што гэта стане важным этапам у аднаўленьні нейкай часткі ягонай суб’ектнасьці і дыялёгу з заходнімі краінамі. Ці магчыма гэта? Я думаю, што цалкам магчыма. Нацыянальныя інтарэсы заходніх краін нікуды не падзеліся, а Лукашэнка працягвае кантраляваць тэрыторыю Беларусі. Беларуская апазыцыя, на жаль, ніякага ўплыву на тое, што адбываецца ўнутры Беларусі, не аказвае.

Калі ж Беларусь апынецца ў пакеце мірнай дамовы, калі для яе ў рамках гэтай дамовы будуць прадугледжаныя нейкія функцыі, то яе роля прыкметна ўзрастае. Яна зможа маніпуляваць гэтым пагадненьнем, таргуючыся і з Расеяй, і з Украінай, і з Захадам. І я думаю, што гэта адна з прычын, чаму Лукашэнка так дамагаецца месца за сталом перамоваў.

Ён ня хоча, каб за краіну, якой ён кіруе, вырашаў нехта іншы. І каб за выкананьне абавязаньняў, якія будуць ускладзеныя на Беларусь, таксама адказваў ягоны сябра ў Крамлі. Ён разумее, што, калі гэты козыр яму дадуць, то ён зможа яго скарыстаць, у тым ліку, для дасягненьня сваіх мэтаў — ня толькі расейскіх.

Каментары3

  • Ганьба
    12.11.2024
    Божухна, каго вы піярыце? Гэты недадыпламат у Вільні ўсе гады забіваў беларушчыны, цкаваў беларускіх патрыётаў. А як прыпякло ў 2020 і зразумеў, што шлях толькі дахаты да дыктатара, адразу перафарбаваўся і зараз даскакаў да Гарварда ўжо на хвалі беларускіх пратэстаў, не зрабіўшя для беларусаў нічога!
  • Анатоль Старкоў
    12.11.2024
    Э, вушасты, што ты за пургу нясеш.
  • Trump Tower
    12.11.2024
    Я вам коротко скажу не цикава Беларусь Трампу. Даже Украина по боку. Польша пока интересна. Занимайтесь беларуской справай школы асвета для детей. Не надейтесь на чудо что кто-то придет освобождать вас.

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →