Грамадства1212

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі

Не першы год беларусам па ўсёй краіне тэлефануюць ашуканцы з прапановамі аформіць крэдыт, растэрміноўку або расплаціцца за сваяка, які нібыта трапіў у непрыемнасці. Dev.by знайшоў двух чалавек, якія некалькі месяцаў прапрацавалі ў «чорных» кол-цэнтрах, і распытаў, як уладкаваная гэтая нелегальная сфера.

Фота: vecteezy.com

«У першы тыдзень навучання ты нічога не чуеш ані пра званкі, ані пра махлярства»

Аляксандру 25 гадоў. Ён праходзіў «школу навучання» для чорнага кол-цэнтра ў Мінску. Выйшаў на арганізацыю праз самы звычайны агрэгатар вакансій. Вакансія таксама нічым не выбівалася: патрабаваўся спецыяліст тэхнічнай падтрымкі, «у задачы якога ўваходзяць менеджарскія абавязкі».

Малады чалавек прызнаецца: яму самому было «прыкольна папрацаваць» у такім кол-цэнтры і паглядзець, чым «жыве гэтая нелегальная кухня».

— Не акунацца з галавой, а пабываць, так бы мовіць, праездам, — кажа ён. — Сам раней працаваў у продажах, але ў легальных, вядомая рэч. Стаміўся ад пастаянных камандзіровак. Плюс мяне шчыра прыцягвае сацыяльная інжынерыя. Для ўсякага хакерства і камп’ютарных спраў я не падыходжу, а вось язык падвешаны, і на практыцы там гэта праверыў. 

На сумоўі эйчарка расказала, што ў кампаніі ёсць некалькі офісаў у краінах «першага свету» і намякнула на магчымасць рэлакейту ў Іспанію. Паводле слоў Аляксандра, тыповае пытанне, якое задаюць кандыдатам на працу ў кол-цэнтры: «Ці гатовыя вы прадаваць неэфектыўны тавар?» 

Пасля сумоўя кандыдатаў дзеляць на групы прыкладна па 30 чалавек і адпраўляюць на навучанне з «бізнэс-трэнерам». «Курс» доўжыцца некалькі тыдняў і аплачваецца — «выпускнікам» плацяць каля 250 долараў.

— Заняткі падобныя да ўніверсітэцкіх. Толькі меры бяспекі строгія: усе запісы трэба пакідаць у кабінеце, а на ўваходзе здаваць смартфоны, — апісвае працэс навучання Аляксандр. — Асноўная задача «бізнэс-трэнера» — зараджаць публіку на даход, грошы, аферы. Пастаянна талдычыў пра перавагі хуткага ўзбагачэння. У першы тыдзень навучання ты нічога не чуеш ані пра званкі, ані пра махлярства. Нават намёкаў няма. І цябе кадзіруюць быць цынічным, думаць аб прыбытку і не баяцца ніякіх перашкод на шляху да прыбытку. Нават калі для гэтага трэба каго-небудзь падмануць. Калі грошы можна назваць наркотыкам, то ў першы тыдзень навучання цябе на яго і падсаджваюць.

Пры канцы другога тыдня навучання частка людзей з групы Аляксандра сышла. Засталося чалавек дзесяць. Ім прапанавалі прайсці паліграф. Паводле слоў нашага суразмоўцы, «курсантаў» пыталі пра ўжыванне наркотыкаў «і іншыя асабістыя рэчы». Пасля паліграфа першапачатковая група яшчэ больш скарацілася — да шасці чалавек. А пасля «экзамену» іх засталося ўсяго двое (у тым ліку Аляксандр). 

У часе «экзамену» кандыдатам прапанавалі патэлефанаваць пенсіянерам і прадаць лекі ад раку (насамрэч, паводле слоў Аляксандра, гэта былі бяскрыўдныя біялагічна актыўныя дабаўкі).

— Здача ўдалага экзамену называецца «закрыць слухаўку». Калі ты цімліду «закрыў слухаўку», то ўсё, пачынаеш працаваць, — тлумачыць суразмоўца dev.by. 

«Воркеры», «клоўзеры», «маманты» і «зрэзаныя слухаўкі»

Пасля навучання новаспечаных работнікаў кол-цэнтра перавялі на працу ў невялікі оўпэнспэйс у адным з бізнэс-цэнтраў у цэнтры Мінска.

Аляксандр характарызуе меры бяспекі там, як «уваход на сакрэтную базу». Работнікі перад уваходам у офіс павінны былі здаваць смартфоны, а выносіць адтуль запісы не дазвалялася. Усе супрацоўнікі знаходзіліся навідавоку адно ў аднаго, а ў памяшканні пастаянна грала гучная музыка — каб нельга было зрабіць дыктафонны запіс. У адным з такіх оўпэнспэйсаў, паводле слоў суразмоўцы dev.by, была нават узброеная ахова.

Аляксандр расказвае, што работнікі кол-цэнтра дзеляцца на «воркераў» і «клоўзераў». Воркеры — гэта «празвоншчыкі», людзі, якія робяць званкі. З прыкладна дзесяці воркераў фармуецца каманда, усім кіруе цімлід. 

Акрамя воркераў і іх лідоў ёсць так званыя «клоўзеры». Яны дапамагаюць закрываць складаныя ўгоды. Могуць праслухоўваць любога воркера і пры жаданні ўклініцца ў размову. Клоўзеры — гэта ўжо вопытныя ашуканцы, якія працуюць танчэй і адыгрываюць ролю крутых топ-менеджараў і спецыялістаў. «Людзі ім вераць і спраўна заносяць грошай», — характарызуе навыкі клоўзераў суразмоўца.

Заробкі воркераў невялікія — максімум 700 долараў на месяц. Клоўзерам плацяць больш — каля 1500 долараў. Грошы выплачваюць у крыптавалюце або наяўнымі.

— Далёка не ўсе кол-цэнтры займаюцца падманам пенсіянераў, — кажа Аляксандр. — Ёсць і такія, якія зазываюць укласці грошы на нейкую ўмоўную біржу і абяцаюць высокія адсоткі за інвестыцыі. Аператары кол-цэнтраў першага тыпу будуць разыгрываць сцэнар катастрофы або пагрозы. Напрыклад, тэлефануюць бабулі і кажуць: унук трапіў у аварыю і тэрмінова патрэбныя грошы. Або называюцца сілавікамі і расказваюць, што данымі чалавека завалодалі ашуканцы і трэба тэрмінова спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Другі тып — зазывалава з абяцаннем выгадных укладанняў і імклівага «навару» грошай. Тут механікі могуць быць самыя розныя: ад прамога званка ў месенджар да апрацоўкі чалавека праз дэйцінгавыя праграмы. Напрыклад, мілавідная дзяўчына ў ціндары паказвае скрыншоты, як крута зарабляе на біржы. Дзяўчынай называецца махляр, які такім чынам паралельна камунікуе з дзясяткам людзей і шле аўдыя-паведамленні, змененыя пад жаночы голас нейрасеткай.

Звычайна механіка ўключэння людзей у ашуканскую схему выглядае немудрагеліста. Карыстальнік сацсеткі націскае на рэкламу: «Зарабі разам з кампаніяй Газпрам». На сайце (які насамрэч ашуканскі) яму прапаноўваюць запоўніць форму. Далей з ім звязваецца воркер.

— Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста, — кажа Аляксандр. — Размовы з імі падобныя да размоў з дзіцем. Чалавеку кажаш пра выдатныя працэнты, а ён у адказ: «Так?», «Чэсна?», «А вы рэальна ж з Газпрама, так?». Для большай пераканаўчасці прыводзіш усякія аргументы накшталт «Ну, вы ж чыталі пра нас у навінах — Захад санкцыі ўвёў, вось і прыцягваем інвестараў сярод насельніцтва!». Многія людзі ні тое што навін не чыталі, ім лянота ўбіць у пашукавік назву сайта або ключавыя словы нашай гутаркі. 

На ўнутраным слэнгу кол-цэнтра падманутых кліентаў называюць «мамантамі». Калі ўгода з кліентам не ўдалася, такі кантакт называюць «зрэзанай слухаўкай». Звычайна сума ўгоды з «мамантам» не перавышае 140 долараў (прыкладна 10 базавых велічынь у Беларусі).

— Гэта звязана з асаблівасцямі беларускага заканадаўства, — тлумачыць Аляксандр. — Праз такую суму, хутчэй за ўсё, не ўзбудзяць крымінальнай справы. Максімум — адміністрацыйнае пакаранне. 

Як тлумачыць былы работнік кол-цэнтра, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу, званкі заўсёды здзяйсняюцца ў іншую краіну. Напрыклад, беларускія кол-цэнтры могуць абзвоньваць абанентаў у Расіі, а ўкраінскія — у Польшчы. 

«Атмасфера незадаволенасці і нервяку»

Аляксандр кажа, што ў кол-цэнтрах «касмічная цякучка»:

— Уявіць не магу, каб там хтосьці пратрымаўся даўжэй за пару месяцаў. Пануе агульная атмасфера незадаволенасці і «нервяку». Не бачыў аніводнага чалавека, хто б рабіў такую працу па кайфе. 

Сам Аляксандр, паводле яго слоў, сышоў з кол-цэнтра без якіх-небудзь праблем. На працу яго не афармлялі, ніякіх дамоў ён не падпісваў. 

«Заўсёды ўжываецца слова «растэрміноўка», бо людзі баяцца крэдытаў»

Як і Аляксандр, 23-гадовая Таццяна трапіла ў чорны кол-цэнтр, адгукнуўшыся на звычайную вакансію. Да гэтага яна працавала ў тэхпадтрымцы аднаго стартапа. 

— Адгукнулася на вакансію, бо абяцалі адразу ж заплаціць 1500 рублёў бонусам, — тлумачыць Таццяна. — Грошы былі вельмі патрэбныя, дый новы досвед нейкі. Сумоўе доўжылася нядоўга. Калі зразумелі, што язык у мяне падвешаны, увялі ў курс справы. Маўляў, фірма прадавала электроніку, але без свайго каталога. А замест яго выкарыстоўваўся каталог вядомай беларускай сеткавай крамы. Што цікава, кампанія працавала ў легальным юрыдычным полі: нібыта аказвалі «лізінгавыя паслугі» і афіцыйна афармлялі супрацоўнікаў у штат (хоць мяне так і не аформілі).

Дзяўчына тлумачыць сутнасць ашуканскай схемы наступным чынам. У сацыяльных сетках круцілася таргетаваная рэклама з прапановай купіць у растэрміноўку тавар — напрыклад, халадзільнік або пральную машыну. Ахвотныя купіць пакідалі свае кантакты. Рэклама таргетавалася не на Мінск і буйныя гарады, а на сельскія раёны. Людзей падкупляла тое, што растэрміноўка паказвалася досыць нізкая — усяго 30 рублёў на месяц, але цягам шасці гадоў. 

— Уся праца зводзілася да таго, што я цэлы дзень абзвоньвала людзей па гэтых нумарах і спрабавала ім што-небудзь уцюхаць, — кажа Таццяна. — Умоўна, зламалася ў бабулі ў глухой вёсцы пральная машына, да горада ехаць дзве гадзіны з трыма перасадкамі, а тут мы прапаноўваем растэрміноўку і дастаўку. Чалавек цікавіцца, ці ёсць у нас у наяўнасці пральная машына. Аператар адказвае, што так, такая ёсць. І далей кліента «прагружаюць» усялякімі бонусамі: і бясплатная дастаўка, і выгадная цана, і што гаджат выдатны, па якім зваротаў не было. І што ўжо праз тры дні запаветная пральная машына будзе ў вас дома. Заўсёды ўжываецца слова «растэрміноўка», бо людзі баяцца крэдытаў праз працэнты па іх.

На гэтым этапе самае важнае — выцягнуць з чалавека яго пашпартныя даныя. Як толькі даныя атрыманыя, пачынаецца чос па ўсіх сайтах, на якіх можна будзе аформіць крэдыт на куплю. Далей, калі крэдыт узяты і ўхвалены, нашая «кампанія» накладвала зверху сваю маржу. Напрыклад, гаджат каштуе 800 рублёў у краме, а зверху нацэнка на яго яшчэ 1600. 

Часта кліенты Таццяны палохаліся, калі чулі суму растэрміноўкі, пачыналі задаваць пытанні. Яна тлумачыць, што гэта самы важны момант у размове, на яго «і нацягваюць аператараў».

— Можна сказаць, што іншыя фірмы вам нічога не прывязуць, а ў нас самыя надзейныя партнёры, — прыводзіць прыклады выкрутаў аператараў суразмоўніца. — Або чалавеку кажуць, што толькі адзін банк гатовы даць грошай пад лізінг і растэрміноўку, а ўсе астатнія адмовілі. Мэта адна — напалохаць чалавека і прымусіць яго паверыць у тое, што ён сапраўды ў бязвыхаднай сітуацыі.

У дзень Таццяна рабіла прыкладна 500-600 падобных званкоў. 

— З тых, каму мы тэлефанавалі, прыкладна 5—8 чалавек давалі пашпарты і толькі 1—3 крэдыты маглі ўхваліць банкі, — кажа яна. — За кожны крэдыт я атрымлівала ў сярэднім 20 беларускіх рублёў. На дзень атрымлівалася рублёў 40. 

«Грошай няма зусім, а ёй патрэбная пральная машына, каб бялізну праць. І яна згодная на любыя ўмовы» 

— Што асабіста мне запала са званкоў, дык гэта скаргі на бытавыя праблемы, — успамінае Таццяна. — Лядоўня зламалася, а ў іх падсобная гаспадарка, і гучыць такое слова як «тэрмінова». А калі чуеш гэтае слова, то яшчэ да сумы крэдыту можна спакойна накідваць 300 рублёў.

Яшчэ запомніліся перманентна п’яныя людзі. П’яныя людзі вельмі згаворлівыя. Чуеш шум і гам, і часцяком пасля кароткай размовы: «Так, мы хочам самы вялікі тэлевізар, вязіце!», — кажаш: усяго толькі 250 рублёў на месяц і самы вялікі TV у вас дома. Там ужо можна маўчаць, на колькі гадоў ідзе гэты крэдыт. А калі яны «прасыхалі» праз пару дзён, ім ужо прывозілі дакументы і тэхніку. На гэтым этапе таксама ішлі ўсякія запалохванні і маніпуляцыі. Маўляў, тут ужо адмаўляцца позна, давайце падпісвайце.

Часта заяўкі пакідалі жанчыны ў дэкрэце.

— Гэта звязана з тым, што банкі не ўхваляюць крэдытаў дэкрэтніцам, — тлумачыць экс-працаўніца кол-цэнтра. — Памятаю гісторыю ад такой жанчыны, якая скардзілася, што ад яе сышоў муж, і ў яе трое дзяцей, яна цяжарная чацвёртым. Грошай няма зусім, а ёй патрэбная пральная машына, каб бялізну праць. І яна згодная на любыя ўмовы. 

Таццяна прызнаецца, што часам ёй станавілася шкада такіх людзей. Але за тым, каб з кліентаў выціскалі грошы па максімуму, сачылі менеджары (якія праслухоўвалі размовы).

— Часта тэлефанавалі людзі, якія апынуліся ў вельмі цяжкіх умовах. У нейкай глухой вёсцы. Фінансава непісьменныя. І ты ўсё гэта слухаеш так ці інакш, занураешся ў кантэкст гісторыі. Але калі я, напрыклад, не накручу паўтары тысячы рублёў з чалавека, то менеджары потым будуць пясочыць мяне. Ідзе ціск: маўляў, я не прыношу грошай у кампанію і гаворка ўжо пра маю зарплату. Калі ўжо апошнія дні там працавала, то проста пра сябе малілася, каб пенсіянер хоць бы параіўся са сваякамі або дадумаўся палічыць, у якія грошы яму ўляціць гэтая купля.

«За норму было прынята гнабіць чалавека»

Акрамя Таццяны ў кол-цэнтры працавала ад 6 да 15 аператараў (каманда пастаянна змянялася праз цякучку). Быў яшчэ менеджар, «чалавек, які праслухоўвае размовы», «аддзел па дакументах, дастаўцы і вырашэнні спрэчных сітуацый», некалькі дырэктараў і тры сузаснавальнікі.

— Атмасфера ўнутры калектыву была наўмысна і штучна жудасная, — кажа Таццяна. — За норму было прынята гнабіць чалавека, маральна яго зневажаць. Калі званок няўдалы, і ты нічога нікому не ўцюхаў, цябе маглі выклікаць у кабінет, дзе старшы менеджар разбіраў твой званок, паказваў на месцы, дзе ты чалавека «не даціснуў». І яны ж вучылі менавіта гнабіць людзей, маніпуляваць імі і адключаць эмпатыю.

Таццяна кажа, што яе «хапіла на тры тыдні» і яна звольнілася з кол-цэнтра. 

Якія ашуканскія схемы часта выкарыстоўваюць чорныя кол-цэнтры?

Напрыклад, такі від махлярства як «Алё, мама!». На тэлефоны бацькоў, бабуль і дзядуляў паступаюць званкі, нібыта ад сваякоў, у якіх паведамляецца, што яны патрапілі ў ДТЗ або здзейснілі злачынства, і тэрмінова патрэбныя грошы, каб пазбегнуць адказнасці. Сродкі трэба перавесці на спецыяльны рахунак або перадаць кур’еру, які працуе на ашуканцаў.

У 2024 годзе былі папулярныя «злачынствы, учыненыя пад марай інвеставання».

«Толькі ад імя «Газпрама» зламыснікам удалося падмануць сем беларусаў — яны пазбавіліся ашчаджанняў, будучы ўпэўненымі, што ўкладваюць сродкі ў акцыі аўтарытэтнай кампаніі», —тлумачылі ў МУС.

У ланцужку заўсёды задзейнічана некалькі аферыстаў. Адзін робіць выбарку тых, каго могуць зацікавіць біржавыя ўгоды, іншы дэталёва вывучае патрэбы і плацежаздольнасць канкрэтнай асобы, трэці, ведаючы пра магчымасці патэнцыйнай ахвяры, праз месенджары схіляе да ўкладання сродкаў у нібыта высокапрыбытковы праект.

Яшчэ адна тэндэнцыя гэтага года: ашуканцы выдаюць сябе за супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, тэлефануюць на месенджары і пад рознымі падставамі спрабуюць атрымаць грошы. 

За 2023 год у Беларусі было зарэгістравана каля 12 тысяч выпадкаў махлярства, значная частка якіх звязаная з тэлефоннымі аферамі. У першым квартале бягучага года такіх выпадкаў было больш за 3 тысячы. У лютым СК даў справаздачу аб затрыманні міжнароднай крымінальнай групы, якая праз сетку кол-цэнтраў падманула больш за 5 тысяч людзей у Беларусі і Расіі.

Каментары12

  • Супер
    13.11.2024
    Гореть им в аду, ск, текучка кадров говорит. Ты. преступник.
  • Кажыся я зразумеў чаму ўсё так
    13.11.2024
    Таму што. яны .. ПРАЦАВАЛІ махлярамі тэлефоннымі... яны ЗВАР'ЯЦЕЛІ. Я працую МАН'ЯКАМ. Гарыце ў пеклі!
  • Это
    13.11.2024
    Не раскаявшиеся преступники. Они не понимают, что они преступники и должны сидеть за мошенничество и грабёж. Они бл.ть работали. ОНИ РАБОТАЛИ. Я КОГДА ВЫРАСТУ БУДУ РАБОТАТЬ МАНЬЯКОМ УБИЙЦЕЙ Я БУДУ ИСКАТЬ ЭТИХ РАБОТНИКОВ И УБИВАТЬ ИХ. Я ХОЧУ ЧТО БЫ ОНИ ЗНАЛИ ПРО ЭТО.

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд2

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік1

Арыштавалі маёмасць уласніка кампаніі па вырабу надмагілляў. Ён падмануў сотні беларусаў на мільёны рублёў

У доме на праспекце Незалежнасці знайшлі таемны пакой1

Наступствы ДТЗ у Лідскім раёне з чатырма загінулымі: кіроўцу затрымалі

Скандал у каралеўскай сям'і Нарвегіі: сына прынцэсы абвінавачваюць у сэксуальным гвалце7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд2

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Галоўнае
Усе навіны →