Мінчанка паскардзілася на занадта вялікі выбарчы ўчастак. Чыноўнікі толькі развялі рукамі
Чытачка «Нашай Нівы» Любоў звярнулася ў Мінгарвыканкам з заявай аб парушэннях падчас фарміравання ўчасткаў для галасавання на рэферэндуме. Згодна з артыкула 17 Выбарчага кодэкса, участкі не павінны быць большыя за 3000 выбаршчыкаў. «У мой участак уваходзіць комплекс «Маяк Мінска», у адным ім пабудавана 5220 кватэр», — абураецца жанчына. Чыноўнікі, да якіх яна звярнулася, толькі разводзяць рукамі.
«Чыноўнікі Першамайскага раёна Мінска падпісалі рашэнне, якім стварылі ўчастак для галасавання № 39, у які ўключылі жыхароў кварталаў «Магістр» і «Маяк Мінска», гэта 41 дом, — расказвае жанчына. — На адным толькі «Маяку» пабудавана каля 5220 кватэр, у якіх жыхары ўжо пражываюць і большасць з іх там зарэгістравана і маюць права голасу. А на ўчастак дадалі яшчэ і 7 дамоў «Магістра». Я лічу, што стварэнне такога участка — гэта непрафесіяналізм супрацоўнікаў Першамайскага раёна Мінска».
Любоў напісала зварот у Мінгарвыканкам, а таксама патэлефанавала ў адміністрацыю Першамайскага раёна і ў Цэнтральную выбарчую камісію, каб паведаміць пра парушэнне.
«Паўнамоцтваў абмяркоўваць гэта ў мяне няма. Не магу даць каментар вам па гэтым пытанні. Я так разумею, што гэтае рашэнне Аадміністрацыі. Я не маю права яго адмяніць ці абмяркоўваць. Размова ні пра што», — адказаў ёй кіраўнік спраў адміністрацыі Першамайскага раёна Аляксей Ванкевіч.
А вось што адказалі мінчанцы на гарачай лініі Цэнтрвыбаркама:
«А на падставе чаго вы вырашылі, што колькасць жыхароў не адпавядаюць заканадаўству? Я думаю, што ўдакладніць колькасць удзельнікаў рэферэндуму на кожным участку можна ў Адміністрацыі Першамайскага раёна. Мне здаецца, што вы крыху блытаеце. У нас грамадзяне галасуюць па месцы рэгістрацыі. Калі чалавек там пражывае, гэта не значыць, што ён там зарэгістраваны. Зрабіць высновы ні вы, ні я аб колькасці зарэгістраваных удзельнікаў на рэферэндум не можам. Па гэтым пытанні вы можаце звярнуцца ў Адміністрацыю Першамайскага раёна. Вы не можаце сцвярджаць аб колькасці. Калі ўчастак сфарміраваны, — значыць колькасць была праверана. Давайце я яшчэ ўдакладню інфармацыю для вас. Таксама вы можаце напісаць электронны зварот».
Па афіцыйных дадзеных ЦВК, усяго па краіне сфарміравана 5510 участкаў. У горадзе Мінску — 692, у Мінскай вобласці — 929, Магілёўскай — 707, Гродзенскай — 608, Гомельскай — 977, Віцебскай — 714, Брэсцкай — 883.
Між тым, спісы членаў участковых камісій дагэтуль не вывесілі, хоць абяцалі гэта зрабіць да 11 лютага.
Каментары