«Я і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць свабоду Украіны». Гуркоў запісаў відэазварот з-за пагрозы вайны
Віталь Гуркоў запісаў зварот з-за пагрозы вайны. Яго апублікаваў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.
«Мая радзіма Беларусь перажывае адначасова трывожныя і гістарычныя часы. У турмах тысячы маіх землякоў, сотні тысяч чалавек выехалі з краіны, народ у прамым сэнсе гэтага слова гвалцяць. За незалежнасць даводзіцца плаціць высокую цану, і незалежнасць пад пагрозай.
Я звяртаюся да ўсіх, каго сёння ў Расіі і Беларусі рыхтуюць да вайны ва Украіне. Ведаю характар і баявы дух украінскага народа, страляць будуць з кожнага акна. І прагназую, што хутчэй за ўсё, многія акупанты здабудуць на украінскай зямлі свой апошні прыстанак, а не ўзнагароды і трафеі.
У выпадку вайны я і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць суверэнітэт і свабоду Украіны, бо ад Украіны ў тым ліку залежыць свабода Беларусі. А Беларусь будзе вольнай, гэта ёй наканавана лёсам. І гэты час надыходзіць. Мы пройдзем цяжкі шлях, але абавязкова пераможам», — заявіў Гуркоў.
Каментары