Лукашэнка абвясціў 2022-гі Годам гістарычнай памяці. За гісторыкаў ужо трывожна
Ва ўладнай трактоўцы гістарычная памяць — толькі тое, што загадаюць памятаць сілавікі і прыўладныя ідэолагі. Любая іншая памяць — варожая і падлягае пераследу.
Лукашэнка у апошнія хвіліны 2021-га абвясціў 2022 год годам гістарычнай памяці. І за гістарычную памяць ды ўвогуле гісторыю пасля гэтага робіцца трывожна.
У мінулым «годзе народнага адзінства» ўлады што толькі не рабілі для таго, каб нішчыць нават думкі пра гэтае адзінства. Прытым рабілася так не выпадкова, а цалкам мэтанакіравана і дэманстратыўна. Няма сумневу, што ва ўяўленні прадстаўнікоў рэжыму народ, да адзінства якога трэба імкнуцца — толькі тая меншасць, якая гэты рэжым падтрымлівае. А хто для іх астатнія — дастаткова праглядзець палітызаваны кантэнт дзяржаўных СМІ, зайсці ў тэлеграм-каналы запісных прапагандыстаў і палітрукоў. Рыторыка, якая там прымяняецца, ілюзій не пакідае.
Наўрад ці інакш будзе — ды ўжо і ёсць — з гістарычнай памяццю. Яна ва ўладнай трактоўцы — толькі тое, што загадаюць нам памятаць прыўладныя ідэолагі і сілавікі. Любая іншая памяць — варожая і падлягае пераследу.
У 2021 годзе пад будучы пераслед за гістарычнае дысідэнцтва закладалася заканадаўчая база. Нямала пасажаў пра абавязковы «правільны» патрыятызм у нядаўна абнародаваным праекце Канстытуцыі, тую ж лінію вядзе і зацверджаная зусім «пад ялінку» праграма патрыятычнага выхавання беларусаў. Ёсць зусім не тэарэтычная небяспека, што ў новым годзе прафесія гісторыка, спалучаная з асабістым сумленнем, стане ў Беларусі адной з найбольш небяспечных і рызыкоўных.
Таму за гісторыкаў і трывожна. Хоць шанцаў перамагчы на гэтым полі ў гістарычнай перспектыве ў рэжыму няма ніякіх. Але паламаць людзям жыцці магчымасцяў пакуль хапае.
Каментары