«Прайшліся за ручку па калідоры дзесяць метраў — гэта цуд проста!» Неверагодная гісторыя кахання Яны і Валера Арабейкі, якія ажаніліся ў калоніі
Былая студэнтка педагігічнага ўніверсітэта Яна Арабейка асуджаная за ўдзел у акцыях пратэсту на 2,5 года. Сёмы месяц дзяўчына знаходзіцца ў жаночай калоніі ў Гомелі — дзе 27 студзеня выйшла замуж за Валерыя Таміліна. Маладзёны ледзь пазнаёміліся, як Яну затрымалі. Але гэта не спыніла Валерыя: ён падтрымліваў дзяўчыну ў лістах а цяпер вырашыў ажаніцца на ёй. І нават бярэ яе прозвішча!
Як усё адбывалася Валерый Тамілін расказаў «Нашай Ніве»:
«Я пазнаёміўся з Янай у ліпені 2020 на сумесным пікніку. Мы неяк спадабаліся адно аднаму, пачалі стасавацца, а затым Яна паехала ў Брэст, а я застаўся ў Мінску. Прайшлі выбары, затым мы трохі бачыліся ў верасні, але пасля я ляжаў ў бальніцы ад ваенкамата, затым хварэў на «карону»…
А пасля Яну затрымалі. Гэта было 12 лістапада: у той жа дзень забілі Бандарэнку, затрымалі Дзядка і апублікавалі тое жудаснае відэа з ім… І яшчэ і затрымалі Яну. Фактычна нармальна пабавіць час разам мы і не паспелі».
Але гэта не спыніла хлопца. Ён пачаў перапісвацца з Янай. дзяўчына адказвала.
«Я падумаў: «Ну, пачакаю, пакуль яна выйдзе». Калі шчыра, тады не думаў, што гэта зацягнецца аж на два гады. Але сёння ўжо здаецца, што гэта і не так шмат», — згадвае Валерый.
Прапанову да пасадкі дзяўчыны ён не рабіў — кажа, «не паспелі нармальна пачаць сустракацца, якая тут прапанова». Але пасля ў перапісцы маладзёны вырашылі, што калі Яну асудзяць, у калоніі яны ажэняцца.
«Мы безумоўна адно аднаму падабаемся, хочам стасункаў. Але я чалавек ужо дарослы, разумею, што дыстанцыйныя адносіны гэта адно, а пасля карабель кахання, як той казаў, можа разбіцца аб побыт. Спадзяюся, канечне, што гэтага не адбудзецца, што ўсё атрымаецца і Яна спадзяецца таксама», — кажа хлопец.
З будучымі цешчай і цесцем Валерый пазнаёміўся на судзе па справе Яны. Да гэтага яны кантактавалі толькі па перапісцы.
«На першым судзе быў такі прыкол, што канваіры не хацелі пускаць мяне. Маўляў, і так шмат сваякоў, таму, калі я хачу зайсці ў залу суда, маці і бацька Яны мусяць выйсці. І яны пагадзіліся, хоць дзеля дачкі ехалі з Брэста на працэс, але выйшлі, далі мне магчымасць убачыць Яну.
Калі яны даведаліся, што мы ажэнімся, канечне былі рады. Мама Яны і бабуля пісалі мне паведамленні кшталту: «Я плачу, Валера!»
Мае бацькі таксама не былі супраць, падтрымалі маё рашэнне. Хоць яны не бачылі ніводнага разу саму Яну, але ж яны ведалі, як я пра яе клапаціўся».
Адзінае пытанне ў бацькоў Валерыя было наконт яго рашэння узяць прозвішча Яны — і стаць Валерыем Арабейкам замест Таміліна.
«Я хацеў пазбегнуць пытанняў, каб дакладна было зразумела, што мы муж і жонка, што мы сваякі падчас арганізацыі спатканняў, падчас перадачаў, — тлумачыць Валерый. — Ды і Арабейка прыкольнае прозвішча — столькі літар «а», аж тры штукі!
За сваё прозвішча я не трымаюся. Пра нейкі род, каштоўнасць яго, тут казаць нельга, бо свой род я магу адсачыць толькі да дзеда, а пасля ўсё губляецца ў цемры. Вось па матчынай лініі — там род, старая шляхта, Сцебуракі. Усевалад Сцебурака, паэт, гэта ж мой далёкі сваяк па дзеду. А па бацьку, Таміліны, нічога пра сябе не ведаюць. Можа таму я і так смела іду на крок па змене прозвішча».
Сам шлюб прайшоў у калоніі.
«Падаеш заяву, пасля ў прызначаны дзень прыязджаеш у ЗАГС, бярэш там супрацоўніцу, вязеш у калонію. Цікава, дарэчы, што пакуль мы ехалі, жанчына з ЗАГСа казала мне: «Харошая ў вас пара! А то вось на мінулым тыдні былі такія дзіўныя: жанчына мужа забіла, а цяпер зноў замуж выйшла. Праўда, новы муж таксама сядзеўшы, яго нават на спатканне не пусцілі, бо п’яны быў». Я думаю: «Ого, рамантыка!»
Ну і ў калоніі заходзім у маленькі пакойчык для перамоваў, там Яна. Адказалі на стандартныя пытанні, сказалі: «Так!». Ну і затым: «Імём рэспублікі Беларусь абвяшчаю вас мужам і жонкай! Можаце пацалавацца».
Мы пацалаваліся, абняліся, пасля прайшліся за ручку па калідоры дзесяць метраў — гэта цуд проста! Затым Яну вывелі ў калонію, мяне — ў бок КПП.
Але, ў прынцыпе, увесь персанал сёння быў нейкі вельмі прыветлівы. Я быў у захапленні ад таго, што адбылося, — расказвае Валерый. — Але пасля асадачак нейкі быў, бо ўсё даволі цяжка было зрабіць: паўгода прайшло ад моманту заявы да шлюбу. Бо нешта там хтосьці доўга нам адказваў, пасля згубілі пашпарт Яны…»
Цяпер Валерый чакае працяглае спатканне ў калоніі, дзе маладзёны змогуць нармальна пабачыцца і правесці час разам.
«Нам нібыта падпісалі заяву на спатканне на 17 лютага. Але зноў жа, калі нейкі аператыўны супрацоўнік калоніі будзе задаволены паводзінамі Яны, то толькі тады яго дазволяць. І гэтая няпэўнасць неяк дэзарганізуе, пастаянныя незразумелыя перашкоды моцна ціснуць», — кажа Валерый.
Каментары