Грамадства

«Праз жоўтыя біркі на адзенні палітычных называюць «куранятамі». Як жывуць у калоніях асуджаныя па «справе студэнтаў»

Год таму 12 лістапада стаў чорным днём для студэнцтва. Гэту восень «затрыманая па справе студэнтаў» моладзь сустракае ў калоніях. Замест таго, каб у свае 20 вучыцца на архітэктара ці матэматыка, яны працуюць прасавальшчыцамі і падсобнымі рабочымі. «Наша Ніва» даведалася апошнія навіны ад іх.

«Не можам распісацца, бо згубілі пашпарт»

Усіх студэнтак адправілі ў гомельскую калонію. Адна з іх — Яна Арабейка, якая раней вучылася ў педуніверсітэце. Падчас каранціна яна працавала на кухні, цяпер, як выйшла ў атрад, шые курткі на фабрыцы.

Фота з уласнага архіва

«Яну больш за ўсё пужала, што няма нейкай пэўнасці, няма кантролю над жыццём. Ты ўвогуле не разумееш, што адбываецца — калі суд, дзе будзеш адбываць пакаранне, што там будзе. І ў Яны з-за гэтага былі эмацыйныя арэлі. Але агулам яна больш-менш бадзёра трымаецца.

Яна прыняла ўсё як ёсць: цуду не адбудзецца, і трэба неяк жыць,

— расказвае як сябра Валер. — У СІЗА напачатку ў яе была праблема з камунікацыяй. Вельмі моцна змянілася кола. Адна справа — з аднагрупнікамі і сябрамі са школы камунікаваць, іншая — з дарослымі людзьмі, якія шмат што прайшлі. Яна пасталела за гэты год. 

Вельмі важна, што яна адчувала, што не адна, што мы яе падтрымліваем. Нават калі лісты зусім не даходзілі, мы ўсё адно стараліся паказаць, што мы не забыліся пра яе — рабілі перадачы кожную сераду і суботу».

У лістах з калоніі дзяўчына прасіла не выпісваць ёй газет, бо іх выкідаюць. У яе была камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні — пакаранне пакінулі без зменаў. Праз жоўтыя біркі на адзенні астатнія асуджаныя называць палітычных «куранятамі».

Валер і Яна плануюць распісацца, але ўзніклі складанасці — на этапе згубілі пашпарт дзяўчыны.

Чытайце таксама:
«Я вазьму яе прозвішча». Хлопец сёмы месяц носіць перадачы каханай дзяўчыне і хоча ажаніцца

Ці думалі рабяты, што ў такім узросце ажэняцца?

«Мы ж нават на волі не пасустракаліся, — усміхаецца Валер. — Я нічога такога не планаваў, Яна тым больш — ёй усяго 20. Але не толькі мы змяніліся — і краіна змянілася. Мяне ўжо не здзівіш тым, што я ажанюся ў 26 у калоніі».

«За год у камерах сем разоў хварэў»

Студэнта біяфаку БДУ Ягора Канецкага адправілі ў калонію «Віцьба». Яго атрад займаецца дрэвааапрацоўкай, сам хлопец працуе падсобным рабочым. 

Фота з уласнага архіва

«Яму вельмі падабаецца пах дрэва. Напісаў, што ў атрадзе нядрэнна сустрэлі. Ужо была ў яго атаварка. Сын пытаецца заўсёды, як у мяне справы і просіць не хвалявацца.

У калоніі ён з 19 кастрычніка. За гэты час атрымала ад яго тры лісты. Яны кароценькія, спакойныя, як я іх называю, псіхатэрапеўтычныя», — дзеліцца мама Ала. 

Яшчэ студэнтам хлопец падпрацоўваў. Мыў машыны, праводзіў экскурсіі ў музеі займальных навук.

«Недзе паўгода я нават грошы яму не давала — была стыпендыя і тое, што ён зарабляў. Ён аплачваў жыллё самастойна», — згадвае мама ранейшае жыццё.

За год у камерах Ягор сем разоў хварэў. Адзін з іх — на каранавірус.

«Зімой пахі страціў, тэмпература была. Доўга кашляў пасля. У нас жа быў перапынак у судовых паседжаннях, і прычынай быў каранцін ў яго «апартаментах» (я так ласкава спрабую гэта называць, зараз ў нас «санаторый»).

Я гутарыла з доктарам, каб даведацца, як іх лечаць. У перадачу прынялі тады нават шарыкі, каб сын надзьмуваў іх для распрацоўкі лёгкіх».

У калоніі Ягор зрабіў прышчэпку ад кавіду кітайскай вакцынай.

«Сын ніколі не скардзіўся. Ён быў такі спакойны пасля апеляцыі, такі разважлівы. Нават да ўсіх гэтых падзей казаў: мама, у любых умовах чалавек можа жыць, ён прыстасуецца. А ў адным з пісьмаў напісаў: я не цукровы, не хвалюйся».

«Называе гэта апошнім этапам перад вяртаннем дадому»

Настасся Булыбенка — былая студэнта БНТУ. 22 кастрычніка яе этапавалі з Гомельскага СІЗА ў жаночую калонію, 6-га лістапада размеркавалі ў атрад. Дзяўчына працуе на фабрыцы прасавальшчыцай.

Фота з уласнага архіва

«Стан па здароўі ў яе больш-менш, дэрматолаг яе агледзеў, бо ў яе псарыяз. Паставілі на ўлік у сувязі з гэтым, выдалі лекі.

Пасля года камер, вокнаў з кратамі ў дачкі ёсць магчымасць радавацца небу, птушкам. У царкву схадзіла. Настрой стаў лепш. Наста гэта называе апошнім этапам перад вяртаннем дадому.

Лістоў ад яе цяпер мала, бо практычна няма часу пісаць», — расказвае мама Аксана. 

У Асі была камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Адмовілі, прычына — «не стала на шлях выпраўлення і не прызнала віну».

«Плюс яны стаяць на ўліку як схільныя да экстрэмізму, а гэта не прадугледжвае змякчэнне пакаранне ці ўмоўна-датэрміновае. Таму вынік усіх камісій ясны», — дадае Аксана.

«Пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і адной з пасылак»

У магілёўскай калоніі №15 цяпер студэнт матэматычнага факультэта БДУ Ілля Трахтэнберг. Пакуль ён на каранціне.

Фота: уласны архіў

«Учора яго мама атрымала першы ліст з калоніі.

Ілля піша, што яго ўжо з ходу пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і адной з чатырох на год пасылак (50-кілаграмовай). У гэтым лісце нават пастаянны аптымізм сына даў збой… Месца стромнае», — дзеліцца бацька Віталь.

У хлопца перад этапам забралі шмат асабістых рэчаў, ён не ведае — вернуць іх яму ў калоніі ці аддадуць бацькам. Асабістага часу цяпер вельмі мала.

«Я з ім бачыўся на спатканні 6 кастрычніка. Добра паразмаўлялі, амаль дзве гадзіны. Праўдзівыя навіны расказваў яму, пра свае справы, працу, рамонт дома. Павіншаваў сына з днём народзінаў асабіста. 

Мама ездзіла да яго амаль перад этапам. Казала, што вочы сумныя былі ў Іллі».

Але нават за гэты год былі шчаслівыя моманты.

«Напрыклад, пазапланаваныя спатканні ў самым пачатку года. Прычым тры, а большасць бацькоў атрымалі адмову. Рады, што спрацавала ідэя масавых віншаванняў і Іллю завалілі паштоўкамі і лістамі. Дый апошняе слова сына — быў горды за яго і яго пазіцыю!»

«Увесь год прайшоў як у тумане»

Ад Марыі Каленік, студэнткі Акадэміі мастацтваў, даўно не было навін. Апошні ліст ад яе датаваны 1 лістапада.

Фота: уласны архіў

«Лісты да яе вельмі дрэнна даходзяць. Нядаўна яна атрымала ліст пад нумарам 19, хоць папярэднія не бачыла. Яна піша, што перажывае за родных, бо каля месяца не прыходзіла лістоў ні ад мамы, ні ад таты», — дзеліцца сястра Ульяна.

Калі яны бачыліся з Машай на спатканні, тая не магла стрымаць слёз.

«Бачна было, што ёй даволі цяжка. Яна перажывала таксама, што з’ехала ад сваіх сукамерніц, з якімі пасябравала. Але выглядала яна добра, нават у турме даглядае сябе».

За кратамі Маша вучыла мову і рыхтавалася да паступлення — яна хацела б пасля вучыцца ва ўніверсітэце на спецыяльнасці «дызайн». За гэты год ёй давялося пасталець і стаць вельмі адказнай.

«Яна ўвесь гэты час спрабуе нас падтрымаць, таму не зусім шчыра з намі размаўляе, заўсёды супакойвае. Для нашай сям’і ўвесь год прайшоў як у тумане,

— прызнаецца Ульяна. — Маша вельмі любіць і чакае лісты, ёй важна адчуваць, што пра яе не забыліся і атрымлвіаць такім чынам увагу і інфармацыю».

Адрасы для лістоў:

Яна Арабейка, Настасся Булыбенка, Марыя Каленік — ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Ягор Канецкі — ПК №3, 211322, Віцебская вобласть, г.п. Віцьба.

Ілля Трахтэнберг — ПК №15, 213105, г. Магілёў, п/о Вейна, Слаўгарадскае шасэ 183.

Чытайце таксама:
100-бальніца, мастачка, стараста групы. Хто тыя студэнткі-палітвязні, якіх дзяржава кінула на Валадарку

Каментары

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Жанчына знайшла чарэнь баравікоў і плача ад шчасця ВІДЭА9

На расійскага ваеннага блогера «Трынаццатага» завялі крымінальную справу2

Бягуха Ціманоўская гатовая судзіцца з былым мужам за 33000 даляраў і пагражае пазбавіць яго грамадзянства15

Матацыкліст разагнаўся да 199 км/г і збіў дзіця на пераходзе. Падрабязнасці жахлівага ДТЗ пад Кобрынам12

«Калі б не было гэтай аперацыі — то і справы б не было». Беларуска расказала, як на яе напалі ў польскай Лодзі40

600 дзён як нічога не чуваць пра Марыю Калеснікаву9

Пуцінскі «гандляр смерцю» вярнуўся ў бізнэс11

Суд у «ДНР» завочна прысудзіў беларускага добраахвотніка Яна Дзюрбейку да 14 гадоў калоніі

Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек

Галоўнае
Усе навіны →