Прадпрымальніца, на якую заявіў сусед з-за ўдзелу ў мітынгу, заплаціць 6 мільёнаў штрафу
Сёння суд Цэнтральнага раёна Мінска разбіраў адміністрацыйную справу Галіны Лагацкай. Яшчэ ў сакавіку заяву ў міліцыю на яе напісаў яе ж сусед Валерый Мілевіч. У дакуменце ён паказаў: у рэпартажы Naviny.by з несанкцыянаванага мерапрыемства — мітынгу прадпрымальнікаў — на адным са здымкаў пазнаў суседку. Адмаўляць, што на фота менавіта яна, падчас пасяджэння жанчына не стала. «Па-мойму, я тут няблага атрымалася», — аджартавалася Галіна. Сам Валерый Мілевіч на слуханні не прыйшоў.
Галіна Лагацкая ў судзе
— Напэўна, сорамна стала, — выказала здагадку на ўваходзе ў залу пасяджэнняў Галіна Лагацкая. Сама ж яна прыйшла падрыхтаванай: настрой баявы, а ў руках цэлы пакет копій і раздруковак. Тут, як пазней высветлілася, шматгадовая гісторыя іх з Мілевічам узаемаадносін: перапіска, пратаколы і з дзясятак дублікатаў той самай злашчаснай фатаграфіі.
— Я яму, калі даведалася, што ён выкінуў, гэты здымак на А4 раздрукавала, напісала: «Дзякуй, дзякуючы табе цяпер я стала знакамітай» і ў пошту кінула, — ледзь стрымлівае эмоцыі Галіна Іванаўна.
Адказу, на жаль, не было. Добра, хоць несці ліст далёка не прыйшлося: Лагацкая жыве ў першым пад'ездзе, а Мілевіч — у трэцім.
Па словах адказчыцы, з Валерыем Віктаравічам, былым вайскоўцам, яны пасварыліся яшчэ ў 2012 годзе. І прычына ўсяго — пакой для вазкоў.
— Я праз пракуратуру дамаглася справядлівых выбараў у кааператыве і стала працаваць у органах кіравання, — жанчына распавядае з чаго ўсё пачалося. — Ён з 1996 года карыстаўся пакоем для вазкоў, які знаходзіцца ў адным тамбуры з яго кватэрай. Я як актыўны член ЖБВК дамаглася таго, каб забраць у яго гэта памяшканне, мы памянялі там замкі і нават знайшлі арандатараў. Вось толькі як людзям у гэтае памяшканне патрапіць, калі Мілевіч у тамбур не пускае? З таго моманту і судзімся. Ужо нават да крымінальнай справы дайшло. Але я не адыходжу, таму што для мяне гэта справа прынцыпу.
Наогул, тое, што Галіна Іванаўна — чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй стала зразумела і падчас гэтага паседжання. Ёй 56, пенсіянерка і ў той дзень пайшла на Кастрычніцкую, каб падтрымаць прадпрымальнікаў:
— Гэта мая грамадзянская пазіцыя! У 90-х я засталася адна з двума дзецьмі і, калі б не прадпрымальнікі, што давалі мне тавар, які я вазіла ў Расію, я б не выжыла, — голасам яна падкрэслівала сваё меркаванне.
Тое, як у яе ў руках апынуўся плакат «Прадпрымальнік сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая», толкам патлумачыць не змагла.
— Я стаяла побач з чалавекам, які трымаў у руках вялікі ліст, — працягвала Галіна Іванаўна. — Мужчына, мабыць, некуды адбег і перадаў яго мне. Так, я нават не бачыла, што там напісана.
І аўтар плаката Леанід К., які прыехаў падтрымаць Галіну Іванаўну, словы яе пацвердзіў
— На мітынг я падрыхтаваў два плакаты. Але я ж не сараканожка, каб два адразу трымаць, — іранічна пачаў ён. — Вось адзін і перадаў таму, хто апынуўся побач, то бок Галіне.
І па-мужчынску дадаў: «Калі кагосьці і трэба пакараць за гэты тэкст, то пакарайце мяне!»
Але на рашэнне суда гэта прызнанне не паўплывала. Разбіральніцтва скончылася штрафам у 30 базавых, або 6,3 млн рублёў, якія суд пастанавіў выплаціць Лагацкай.
— Я столькі разоў прапаноўвала Мілевічу: давайце пасябруем. Я ім такія лісты добрыя пісала. А яны мне: ніякага сяброўства, — з горыччу заўважыла Галіна Іванаўна і з рашэннем суда па гэтай справе не пагадзілася.
Каментары