Саннікаў: Калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя, я буду першым, хто скажа, каб здымалі ўсе санкцыі
Лідар «Еўрапейскай Беларусі», кандыдат у прэзідэнты — 2010 Андрэй Саннікаў даў інтэрв'ю англамоўнай «Медузе». Вось некаторыя вытрымкі з размовы.
— У Беларусі павінны прайсці прэзідэнцкія выбары ў студзені 2025 года. Чаму, на ваш погляд, рэжым Лукашэнкі надумаў прызначыць іх раней за тэрмін?
— Няма ні «галасавання», ні «выбараў», і мая парада — ігнараваць гэта, бо пасля 2020 года дэмакратычны свет наогул не павінен выкарыстоўваць слова «выбары» ў дачыненні да гэтага рэжыму. Думаю, у Лукашэнкі ёсць пэўныя надзеі, звязаныя з новай адміністрацыяй ЗША, таму ён спецыяльна прызначыў гэты спектакль адразу пасля інаўгурацыі новага прэзідэнта ЗША. Але нават называць гэта «выбарамі» ў двукоссі — гэта не проста памылка, а злачынства супраць палітвязняў у Беларусі.
— Ці думаеце вы, што гэты фарс з выбарамі і ўвага да Беларусі могуць стварыць імпульс на міжнароднай арэне для ўвядзення новых ці больш мэтанакіраваных санкцый?
— Я спадзяюся, што будуць уведзеныя рэальныя санкцыі супраць рэжыму, бо гэта адзіны спосаб выратаваць жыцці людзей.
Калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя, я буду першым, хто скажа: здымайце ўсе санкцыі. Наперад. Забудзьцеся пра маё адмоўнае стаўленне да Лукашэнкі. Калі ўсіх вызваляць, здымайце санкцыі, рабіце, што хочаце. Але трэба нешта рабіць, таму што гэты дробны дыктатар выкарыстоўвае сітуацыю з вайной ва Украіне, калі ўвага ўсіх засяроджана на іншым, для знішчэння людзей. А на Захадзе заклапочаныя не развязваннем праблем, а выказваннем занепакоенасці, што ніяк не дапамагае.
— Вы сказалі, што калі палітвязні будуць вызваленыя, вы будзеце першым, хто скажа зняць санкцыі. Гэта таму, што вы мяркуеце, што іх вызваляць толькі ў выпадку, калі Лукашэнка больш не будзе ва ўладзе?
— Не, я кажу гэта таму, што хачу, каб нешта было зроблена для выратавання чалавечага жыцця. Гэта прыярытэт. Па-другое, сапраўдныя лідары апазіцыі сёння знаходзяцца ў турме, а не на свабодзе. Тыя, хто былі ля вытокаў нашай рэвалюцыі ў 2020 годзе, усе ў турме: Ціханоўскі, Статкевіч, Севярынец, Шарэнда-Панасюк і шмат іншых. Вось чаму я думаю, што калі ўсіх іх вызваляць, сітуацыя ў Беларусі зменіцца.
І я не кажу, што гэта можна зрабіць толькі ў выпадку, калі Лукашэнка не будзе ва ўладзе. Лукашэнка сур'ёзна хворы, гэта відавочна. Ён можа знікнуць у кожны момант, і тады, што мы будзем мець? Неадкладную рэакцыю Крамля, бо яны не захочуць страчваць Беларусь і яе стратэгічную тэрыторыю. Адзіны спосаб для Расіі працягнуць сваю вайну — гэта захаваць Беларусь у сваім альянсе. Калі мы пазбавімся рэжыму Лукашэнкі і зробім гэтую тэрыторыю спачатку нейтральнай, а пасля часткай Еўропы, вайны не будзе. Расія не зможа гэтага зрабіць, бо, калі паглядзець на карту, становіцца відавочна, што гэты «беларускі балкон», які навісае над Еўропай, — адзіная частка Еўропы, якая рэальна пагражае ёй. І паколькі Украіна ўжо рухаецца ў бок NАТО і Еўрасаюза, Беларусь — ключавая кропка.
Каментары
)
я першая гэта сказала )