Афіцыйна пацвердзілася трагічная прычына смерці хакеіста Уладзіміра Цыплакова
Славуты спартсмен пайшоў з жыцця ў снежні 2019 года.
У пасведчанні аб смерці хакеіста Уладзіміра Цыплакова прычынай смерці пазначана «асфіксія». Такая інфармацыя ўтрымліваецца ў базе дадзеных памерлых жыхароў Беларусі, якую атрымалі «Кіберпартызаны».
Нагадаем, Уладзімір Цыплакоў пайшоў з жыцця пяць гадоў таму, 14 снежня 2019 года. Яму тады было 50 гадоў. Прычына смерці не называлася. Газета «Прэсбол» адзначала, што гэта адбылося «пры трагічных і да канца не высветленых абставінах». Крыніцы «Нашай Нівы» паведамлялі, што хакеіст скончыў жыццё самагубствам. Цяпер гэта інфармацыя фактычна пацвердзілася.
Цыплакова пахавалі на прэстыжных Усходніх могілках Мінска. Аляксандр Лукашэнка на цырымонію развітання не прыйшоў, адправіў замест сябе вянок.
Уладзімір Цыплакоў — ураджэнец Расіі, які на момант распаду СССР гуляў у мінскім «Дынама», таму стаў грамадзянінам Беларусі. Ён першы беларус, які стала загуляў у НХЛ, выступаў за «Лос-Анджэлес Кінгз» і «Бафала Сэйбарз». Тройчы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі. Пасля кар’еры спрабаваў сябе ў якасці трэнера, але не надта сябе зарэкамендаваў на гэтай ніве. Перад сыходам з жыцця ён два гады не мог знайсці працу.
Лёс трох беларускіх хакеістаў, якія гулялі ў НХЛ, склаўся трагічна. Руслан Салей загінуў у авіякатастрофе, а Уладзімір Цыплакоў і Канстанцін Кальцоў скончылі жыццё самагубствам.
Каментары