Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?
Газета The Wall Street Journal апублікавала вялікае расследаванне, у якім расказала пра праколы групы расійскіх шпіёнаў, якія былі затрыманыя ў розных краінах Еўропы і перададзеныя Маскве ў рамках жнівеньскага абмену зняволенымі. Змест гэтага расследавання пераказала «Агентство».
З публікацыі вынікае, што пры адпраўцы агентаў на Захад расійскія спецслужбы карысталіся метадамі халоднай вайны (напрыклад, падмянялі пасведчанні аб нараджэнні памерлых дзяцей і нават падтрымлівалі сувязь праз шпіёнскі камень), легенды агентаў былі часта неахайныя, а пры іх праверцы станавілася відавочна, што яны вядуць лад жыцця, кепска сумяшчальны з іх даходамі.
Каб вызваліць з турмы шпіёнаў, якія праваліліся, прадстаўнікі расійскіх уладаў, у тым ліку экс-кіраўнік Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў, вялі размовы з заходнімі чыноўнікамі ў стылістыцы савецкіх шпіёнскіх фільмаў.
Ганна і Арцём Дульцавы (дзейнічалі пад імёнамі Марыя Муньас і Людвіг Гіш)
Пасведчанне аб нараджэнні памерлага дзіцяці выкарыстоўвалася, у прыватнасці для стварэння легенды Ганны Дульцавай, якая разам з мужам Арцёмам спачатку была закінутая ў Аргенціну, а потым пераведзеная ў Славенію.
Перад пераездам у Еўропу Дульцава падала прашэнне ў аргенцінскі рэестр. Яна прасіла змяніць радок аб паходжанні яе маці ў пасведчанні аб нараджэнні з Аўстрыі на Мексіку. Гэта павінна было засцерагчы легенду ад праверкі славенскімі ўладамі, якім было б прасцей запытаць звесткі ў суседняй Аўстрыі, чым у далёкай Мексікі.
Аднак менавіта гэтая змена выклікала падазрэнне ў супрацоўніка славенскага МЗС, які займаўся візамі Дульцавых. Пазней прашэнне стала дадатковым доказам датычнасці пары да шпіёнскай сеткі.
Яшчэ адным доказам працы на расійскія спецслужбы сталі фінансы Дульцавых. У 2021 годзе сям'я задэкларавала 63 тысячы еўра гадавога даходу, але пры гэтым дазваляла сабе навучанне дзяцей у прыватнай брытанскай школе.
Творы, якія Ганна Дульцава выстаўляла ў сваёй мастацкай галерэі, дарадца па нацбяспецы Славеніі Войка Воўк назваў невыразнымі і параўнаў з сувенірамі, якія купляюць турысты.
Акрамя таго, Ганна Дульцава выклікала падазрэнне ў радзільні ў 2013 годзе, калі нараджала дзіця. Акушэр Марыа Перас, як піша WSJ, запісаў у сябе, што яна мала мела зносін з персаналам бальніцы.
Пасля пераезду ў Славенію Ганна Дульцава стала перадаваць куратарам рукапісныя нататкі, пакідаючы іх пад пэўным каменем у лесе.
Дульцава ў 2022 годзе пачала шпіёніць за Крысціянам Цынглерсэнам, дырэктарам Агенцтва ЕС па супрацоўніцтве органаў рэгулявання энергетыкі (ACER), якое базуецца ў Славеніі. Агенцтва ў гэты момант працавала над адмовай Еўропы ад расійскага газу і дапамогай Украіне ў барацьбе з адключэннямі энергіі.
Калі спецназ уварваўся ў дом Дульцавых у Славеніі, Арцём Дульцаў, які сядзеў за ноўтбукам, упаў з крэсла і не паспеў адключыць абароненую сувязь з расійскай службай знешняй разведкі, якая якраз працавала, піша WSJ.
Пабла Гансалес (па расійскім пашпарце — Павел Рубцоў)
Ягоныя выдаткі таксама былі кепска сумяшчальныя з ладам жыцця журналіста з невялікага выдання ў Краіне Баскаў. Ён ездзіў у дарагія камандзіроўкі ва Украіну і здзіўляў іншых журналістаў выдатнымі камерамі і дарагімі беспілотнікамі.
Ён шмат гаварыў. Напрыклад, у лістападзе 2021 года Гансалес выпіваў з замежнымі журналістамі ў Польшчы і сказаў ім, што Пуцін уварвецца ва Украіну.
Украінскія спецслужбы звярнулі ўвагу на яго, калі ён падчас адной з паездак перад вайной зняў абарончыя пазіцыі на ўсходзе Украіны, чым выклікаў падазрэнне ў вайскоўцаў. Яго выклікалі ў штаб-кватэру СБУ ў Кіеве, дзе некалькі гадзін дапытвалі. На пытанне, дзе ён нарадзіўся, Гансалес адказваў: «Там жа, дзе і вы. У Савецкім Саюзе».
Гансалеса затрымалі 27 лютага 2022 года ў Польшчы, дзе ён сачыў за пастаўкамі зброі ва Украіну і рабіў падрабязныя нататкі пра лагістыку. Пра яго вяртанне спецслужбы Польшчы даведаліся ад Вялікабрытаніі, разведка якой сачыла за яго рухамі з Украіны ў Польшчу.
На допытах, як піша WSJ, шпіён казаў, што ён вельмі каштоўны для Крамля, і прапаноўваў абмяняць яго на Аляксея Навальнага.
З Навальным да гэтага Гансалес сустракаўся як мінімум двойчы. У 2017 годзе ён спрабаваў пасябраваць з палітыкам, які тады лячыў вочы ў Барселоне пасля нападу з зялёнкай. Для гэтага шпіён прыехаў у бальніцу да Навальнага і прапанаваў яму дапамогу з перакладам і арыентацыяй у горадзе. Тады ён зрабіў сэлфі з апазіцыянерам.
Пасля гэтай сустрэчы, як піша WSJ, Гансалес адправіў сваім куратарам падрабязнае апісанне сустрэчы, у якім быў нават пароль ад WiFi-роўтара ў кавярні, дзе збіраліся прыхільнікі Навальнага.
А праз некалькі месяцаў Гансалес далучыўся да сустрэчы Навальнага з іншымі вядомымі расійскімі апазіцыянерамі. Удзельнікі сустрэчы выпівалі, і ніхто не ведаў, што за адным сталом з імі сядзіць шпіён, адзначае газета.
Сяргей Чаркасаў
Выкрыты ў Нідэрландах у 2022 годзе разведчык Сяргей Чаркасаў, які прадстаўляўся бразільскім аспірантам Віктарам Ферэйра, быў злоўлены праз памылку ў рэзюмэ, піша WSJ.
Ён напісаў, што працаваў у турыстычным агенцтве ў Рыа-дэ-Жанейра, якім, як лічылі ў ЦРУ, кіраваў афіцэр ГРУ. Акрамя таго, у 2018 годзе, калі ён выдаваў сябе за студэнта ў Вашынгтоне, іншыя студэнты былі збянтэжаныя ягоным дзіўным акцэнтам, адзначае WSJ.
Чаркасава затрымалі, калі ён прыляцеў у Амстэрдам, каб прайсці стажыроўку ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. У аэрапорце ў яго прасканавалі ўсе ягоныя прылады і выявілі на ноўтбуку чатырохстаронкавы дакумент з ягонай легендай, дзе было апісана тлумачэнне яго спецыфічнага акцэнту і тое, чаму ён, у адрозненне ад большасці бразільцаў, не есць рыбу.
Калі яго дэпартавалі з Нідэрландаў у Бразілію, на ягоным чамадане быў напісаны нідэрландцамі надпіс «у ГРУ» (гэта каламбур, код ІАТА аэрапорта Сан-Паўлу, куды ён ляцеў — GRU).
Размовы, як са шпіёнскіх фільмаў
Пасля затрымання Дульцавых кіраўнік пятай службы ФСБ (аператыўнай інфармацыі і міжнародных сувязяў) Сяргей Бяседа, якога WSJ называе галоўным перамоўшчыкам Крамля па абменах зняволенымі, асабіста сустракаўся ў Бялградзе з дырэктарам славенскага агенцтва разведкі і бяспекі (SOVA) Ёшкам Кадзіўнікам. На сустрэчы Бяседа задаў Кадзіўніку пытанне «Чаму вы выконваеце даручэнні Амерыкі?», пасля чаго выказаў пасланне Уладзіміра Пуціна пра жаданне вярнуць шпіёнаў.
Пазней Кадзіўніку патэлефанаваў Мікалай Патрушаў, які займаў тады пасаду сакратара Рады бяспекі Расіі. Ён прапанаваў абмяняць Дульцавых на славенцаў, якія знаходзяцца ў расійскіх турмах.
Калі Кадзіўнік адказаў, што ў Расіі няма арыштаваных славенцаў, Патрушаў памарудзіў, а затым, як апісвае WSJ, пагрозліва спытаў: «Вы ўпэўненыя?»
Роля Пуціна
Газета звязвае адраджэнне расійскай шпіёнскай сеткі з асобай Пуціна, якога называе галоўным прыхільнікам шпіёнскай літаратуры ў Крамлі і нагадвае пра ягоную любоў да савецкага серыяла «Шчыт і меч».
Яшчэ ў 2000 годзе ён расказваў, што серыял паўплываў на ягоны выбар прафесіі: спачатку Пуцін збіраўся быць лётчыкам, але потым «кнігі і фільмы тыпу «Шчыт і меч» зрабілі сваю справу».
Гансалес і Дульцавы вярнуліся ў Расію ў рамках маштабнага абмену зняволенымі паміж Расіяй і краінамі Захаду.
«Хачу падзякаваць Вам за вернасць прысязе, свайму абавязку і сваёй краіне, якая вас не забылася», — казаў Пуцін ім і іншым асобам, якія вярнуліся ў краіну. Дульцавых пасля гэтага Пуцін таемна ўзнагародзіў ордэнамі мужнасці.
Чаркасава ў Бразіліі прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі, але пазней прысуд змякчылі да пяці гадоў. У пачатку 2024 года яму выставілі новае абвінавачванне ў адмыванні грошай.
Яшчэ адным затрыманым на Захадзе і абмяняным у жніўні шпіёнам стаў Міхаіл Мікушын, аднак у публікацыі WSJ не гаворыцца пра тое, што прывяло да правалу ягонай місіі.
Дзеці шпіёнаў Дульцавых толькі пры абмене даведаліся, што яны расіяне, а не аргенцінцы
Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля
Чаму расійскіх палітвязняў вызвалілі, а беларускіх не? Усё проста
У Польшчы патлумачылі, чаму расійскага шпіёна Рубцова не абмянялі на Пачобута
Абменены расійскі шпіён як мінімум два разы прыходзіў у офіс да Латушкі
Каментары