Ідэя на падарунак — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам
Менавіта аксесуары ўносяць фінальны штрых у вобраз. Сабралі для вас падборку стылёвых рэчаў з беларускім каларытам — ад біжутэріі да торбаў з шалікамі, пра якія ў вас абавязкова спытаюць мінакі: «а адкуль гэта?»
Брэнд Kanva, створаны Настассяй Васючэнка, з 2018 года прасоўвае сваю місію — рабіць беларускае сэксі. Відавочна, у іх атрымліваецца, бо іх аўтарскія завушніцы-павукі ці каралі з дадаткам саломы сапраўды выглядаюць прывабна ў спалучэнні з сучаснымі лукамі.
Нядаўна ў брэнда з'явілася навінка — пацеркі з чорных пярлінак і смажанай саломы — ідэальны падарунак дзяўчатам, якія любяць гранжавыя, крыху рок-н-рольныя вобразы.
А як вам варыяцыя з крыжом?
Усе ўпрыгожванні Марыі Мароз, натхнёныя беларускай традыцыйнай культурай. Найперш вясковай — з яе пярэстымі дыванкамі. Колеры гэтых аксесуараў адразу падымаюць настрой, і, што крута, спалучаюцца амаль з любым адзеннем.
Для майстрыхі @darka__vyrvi_voka, здаецца, няма ніводнай немагчымай задачы ў працы з бісерам: яна можа сплесці як складаныя малюнкі арнаментаў, так і любых персанажаў з посцілак і фальклору: ад коцікаў да буслоў і каляровых жабак. Дзякуючы яе працавітасці і місіі «натхняць Беларуссю» ў фірмовых гарлячках яе аўтарства ходзяць модніцы па ўсім свеце.
Адна з калабарацый Даркі, дарэчы, была з брэндам упрыгожванняў Belaruski cry — разам яны стварылі гарлячкі з надпісамі «Cukar baby» і «Cukar daddy».
У самога Belaruski cry раім звярнуць увагу не толькі на вядомыя падвескі ў форме Беларусі, але і на пярсцёнкі-перакруты з арнаментамі — выглядае вельмі вытанчана і стылёва. З такім пярсцёнкам не сорамна і прапанову рукі з сэрцам зрабіць.
А зусім нядаўна ў іх з'явілася незвычайная навінка: тонкі пярсцёнак з вышыўкай. Выглядае вельмі арыгінальна.
Вельмі крута абыграла калядную тэматыку майстрыха @k.ramka, што робіць упрыгожванні з палімернай гліны. Але ў яе вы знойдзеце прыгажосць і на розную іншую тэматыку.
Аматарам гатычных вайбаў абавязкова адгукнуцца распісаныя ўручную мастачкай Цемрай шаўковыя бінты, якія можна насіць як шалік, стужку ў валасах ці пояс.
Брэнд «Гонар» найперш вядомы сваімі кашулямі і сукенкамі. Але ў іх ёсць і цікавы выбар заплечнікаў. Кожны знойдзе нешта на свой густ: з вышытым саламяным канём, валошкамі, папараць-кветкай ці Міндоўгам.
Брэнд таксама адшывае вялікія торбы, з якімі зручна хадзіць у трэнажорную залу, шабеты і шоперы. Сярод плюсаў: усе мадэлі — унісэкс, так што могуць падысці на падарунак як дзяўчатам, так і хлопцам.
Бадай, адзін з самых вялікіх выбараў аксесуараў з роднымі сэрцу мясцінамі — у «Вокладак». Брэнд запусціўся ў 2012 годзе, а на старце пачаў шыць менавіта вокладкі, адсюль пайшла і назва.
Але сёння тут можна закупіцца як кашалькамі, касметычкамі, так і заплечнікамі розных мадэляў і памераў. Будзе на іх друкаваны мінскі краявід, рынак «Поле цудаў» на Жданах ці пейзажы Гомеля — вырашаць вам.
Мастачка Алена Клімава з Гародні стварае неверагоднай прыгажосці хусткі, якія адразу вылучаюць з натоўпу. Яна распісвае іх уручную, размяшчаючы на палатно і герояў палотнаў Алены Кіш, і проста лясных жыхароў — зайцаў, ваўкоў і, вядома, галубак, у гонар якіх названы яе брэнд — «Галубка на вішні».
Ільняныя гарсэты ад «Локан кокан» — гэта і пра жаноцкасць, і пра той самы яркі акцэнт у гардэробе, які адразу робіць увесь вобраз запамінальным. Гарсэты шыюцца ў любым памеры і колеры, і шнураванне дае магчымасць насіць іх як больш свабодна, так і зацягнута, падкрэсліваючы талію.
Калі хочацца яшчэ пайграцца з верхняй часткай вобразаў і дадаць разыначку, апрануўшы звычайную футболку, можна звярнуць увагу на такі аксесуар, як манішкі. Брэнд Tsuda экалагічна адшывае іх з вінтажных фіранак. Кожная з іх — адзіная ў сваім экзэмпляры, таму можна быць упэўненым у тым, што вы ніколі не сустрэнеце на вуліцы модніка ці модніцу ў такім самым спалучэнні.
Раім таксама прыглядзецца да панамак Tsuda — яны адшываюць іх як у летнім варыянце, так і ў зімовым, больш цёплым і з вушкамі.
Аматары брошак і натхняльных надпісаў абавязкова знойдуць нешта сваё ў Кацярыны Ціхаміравай. Таксама яна стварае цацкі на ялінку і завушніцы.
Perets Sews — гэта брэнд, які аб'ядноўвае сучасны стыль і беларускія традыцыі праз ручную вышыўку. Асабліва раім звярнуць увагу на гальштукі і мятлікі — адразу плюс 100 да арыгінальнасці ў любым афіцыйна-дзелавым луку.
Для тых, хто так і не паспеў уцяпліцца напярэдадні халадоў, будуць дарэчы рукавіцы ад Вольгі Sciezka.
Яшчэ адзін незаменны аксесуар у халодны сезон — цёплыя шалікі. У LSTR Adziennie, напрыклад, ёсць вельмі цікавы варыянт у колерах вагона мінскага метро.
Дапоўніць вобраз можна іх фірмовымі шкарпэткамі, і ўсё — вы непаўторныя!
Аматарам вышыўкі прыйдуцца даспадобы паланціны ад Cheloveki clothes. Тут вам і персанажы карцін Алены Кіш, і гілі, і кветкавыя матывы.
Bioevgenika — гэта сапраўдныя беларускія кветкі, ператвораныя ва ўпрыгожванні. У асартыменце — і пярсцёнкі, і падвескі, і завушніцы, і бранзалеты.
Нашы бабулі часта хадзілі з кошыкамі ў крамы, у царкву на Вялікдзень, на рынак. Ведалі, так бы мовіць, толк, бо гэта вельмі ёмісты аксесуар. А цяпер яшчэ і модны. Сапраўдныя фэшыністы спалучаюць іх і з кактэйльнымі сукенкамі, і са спартыўнымі касцюмамі.
Вялікі выбар хэндмэйд-кошыкаў розных колераў ёсць у брэнда If you know baskets. Самі яны кажуць, што на стварэнне такога аксесуара іх натхніла ікона стылю Джэйн Біркен, якая часта насіла кошыкі замест звыклых сумак.
Калі ж хочацца падтрымаць творчасць людзей у сталым узросце — кошыкі выпускае брэнд пад амаль аднайменнай назвай «Кош». У іх асартыменце — аксесуары, сплеценыя рукамі бабулі-беларусачкі.
Некаторых майстрых форма кошыкаў асобна натхніла на стварэнне аксесуараў. Паглядзіце, як цікава яны глядзяцца ў дуэце з пацеркамі на швэдры ў выкананні дызайнеркі Тані Тур.
Брэнд адзення MUA вядомы сваімі стылёвымі, элегантнымі рэчамі для жанчын з любой фігурай. Для тых, хто носіць памеры плюс-сайз, у іх ёсць асобная лінейка пад назвай Normal. Восенню яны выпусцілі атмасферную калекцыю пад назвай «Бабуліны казкі», у якой шмат настальгіі і трапляння ў самыя цёплыя пачуцці. Адзін з аксесуараў адтуль дагэтуль ёсць у продажы — чахол для навушнікаў «Бабулін квадрат», які адначасова можа выконваць функцыю незвычайнай падвескі.
Каментары