Імунітэт, ахова, заробак, вызваленне ад падаткаў. Апублікаваны пералік гарантый для экс-прэзідэнтаў Беларусі
Папраўкі ў закон «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні 7 снежня, а ў другім — 22 снежня. Ініцыятар законапраекта — Савет Рэспублікі. У закон дадалі цалкам новы раздзел аб гарантыях для экс-прэзідэнта і членаў яго сямʼі. Дакумент быў зроблены адмыслова пад Аляксандра Лукашэнку, хоць выбары ў 2020 годзе ён, паводле назіральнікаў, прайграў.
Паводле дакумента, экс-прэзідэнта нельга будзе прыцягнуць да адказнасці за дзеянні, «учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў». Яго нельга затрымаць, неяк інакш пазбавіць асабістай свабоды, падвергнуць следчым і іншым працэсуальным дзеянням.
Такая ж недатыкальнасць распаўсюджваецца на членаў сямʼі былога прэзідэнта, на іх жылыя і службовыя памяшканні, транспартныя сродкі, сродкі сувязі, асабістыя архівы, перапіску і гэтак далей.
Здароўе
Былога кіраўніка дзяржавы будуць ахоўваць «у поўным абʼёме мер, прадугледжаных заканадаўствам аб дзяржаўнай ахове». Члены сямʼі таксама атрымліваюць дзяржахову «ў адпаведнасці з заканадаўствам».
Жыццё і здароўе былога прэзідэнта падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Медабслугоўванне, не толькі экс-прэзідэнта, але і яго сямʼі, будзе на тым жа ўзроўні, што і на дзень спынення паўнамоцтваў першай асобы. Яно павінна быць пажыццёвым.
Фінансы
Экс-прэзідэнту будуць выплачваць такое ж грашовае ўтрыманне, якое было ў яго на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Гэта гарантуецца незалежна ад таго, ці ёсць у яго іншыя крыніцы даходу.
Пасля смерці былога прэзідэнта кожнаму з чальцоў яго сямʼі пажыццёва прызначаецца грашовае ўтрыманне, таксама незалежна ад іншых крыніц прыбытку. Яго памер, як можна зразумець з дакумента, — на ўзроўні прыжыццёвага заробку прэзідэнта.
Былому прэзідэнту перадаецца ва ўласнасць бясплатна на выбар для пастаяннага пражывання нерухомая маёмасць, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці ў Беларусі, уключаючы зямельны ўчастак з размешчанымі на ім капітальнымі пабудовамі, іншай нерухомай маёмасцю, у тым ліку гаспадарчага прызначэння, а таксама рухомую маёмасць, звязаную з добраўпарадкаваннем і эксплуатацыяй нерухомай маёмасці, гаворыцца ў дакуменце.
Былога кіраўніка краіны вызваляць ад падаходнага падатку на маёмасць, перададзеную ў яго ўласнасць.
Статус
«Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, мае права бясплатна карыстацца заламі для афіцыйных асоб і дэлегацый аэрапортаў і аэравакзалаў, аўтавакзалаў (аўтастанцый), чыгуначных вакзалаў (станцый), рачных партоў», — адзначаецца ў дакуменце.
Таксама ён мае права мець штат памочнікаў, бясплатна карыстацца ўрадавай і спецыяльнай сувяззю на тэрыторыі краіны. Усе яго лісты і тэлеграмы апрацоўваюцца і дастаўляюцца на ўзроўні ўрадавых.
Больш падрабязна з дакументам можна азнаёміцца тут.
Каментары