Пасол Чада ў Расіі Адам Бешыр паведаміў, што прэзідэнт гэтай краіны Махамат Ідрыс Дэбі прыняў рашэнне вызваліць затрыманых у Чадзе трох расіян і аднаго беларуса. Затрыманыя будуць перададзеныя ўладам Расіі, паведаміла РІА «Новости».
Раней Бешыр паведаміў, што былі затрыманыя чатыры чалавекі, якія з 19 верасня ўтрымліваліся ў аэрапорце Нджамены, сталіцы Чада, без тлумачэння прычын. Трое з іх (Максім Шугалей, Самер Суэйфан, Я. І. Цароў) мелі расійскае грамадзянства, а адзін, А. А. Дзенісевіч — беларускае.
Хто такі гэты А. А. Дзенісевіч — дагэтуль дакладна невядома. Паводле меркавання журналістаў «Люстэрка», ён можа быць звязаны з набліжаным да Лукашэнкі бізнэсменам Аляксандрам Зінгманам, вядомым сваімі шырокімі сувязямі ў Афрыцы і прасоўваннем інтарэсаў беларускіх уладаў на гэтым кантыненце.
Сярод іншага «Люстэрка» звярнула ўвагу на прозвішча жонкі Зінгмана, Лізаветы Дзенісевіч, выказаўшы здагадку, што затрыманы можа быць яе сваяком.
Каментары