Хоць у верасні попыт на кватэры ў Мінску запаволіўся, у кастрычніку ён зноў вырас. Цэны паставілі чарговы рэкорд — гэта максімум за 10 гадоў.
Кастрычнік традыцыйна лічыцца месяцам з высокім попытам на кватэры. Па папярэдніх даных аналітыкі Realt за апошні месяц колькасць заключаных здзелак павялічылася на 5% і склала крыху больш за 1,7 тысячы.
У той жа час колькасць выстаўленых на продаж кватэр у базе Realt у кастрычніку працягнула змяншацца — мінус яшчэ 1,5%.
Часцей за ўсё традыцыйна куплялі аднапакаёўкі (44% ад здзелак). Самыя запатрабаваныя раёны Мінска — Кастрычніцкі і Фрунзенскі. Часцей выбіралі тыпавыя панэльныя і каркасныя дамы.
Сярэдні кошт прададзеных у Мінску кватэр за кастрычнік 2024-га вырас на 1% і склаў $1597 за квадратны метр — гэта максімальнае значэнне за апошнія 10 гадоў.
Цэны выраслі на ўсе тыпы кватэр, больш за ўсё на 4-пакаёвыя — адразу плюс 6,4%, а сярэдні кошт метра 1-пакаёвых кватэр перавысіў адзнаку ў 1700 даляраў упершыню з 2014 года.
Сярэднія цэны наступныя. За аднапакаёвую кватэру аддавалі 62 600 даляраў, за двухпакаёвую — 69 тысяч. За тры пакоі — 87 тысяч, за чатыры — 100 тысяч даляраў.
Самая дарагая кватэра, набытая ў кастрычніку 2024 года, абышлася пакупніку ў 900 тысяч даляраў. Яе плошча — 153 «квадраты».
Цікава, як змяняецца цана ў суседніх еўрапейскіх сталіцах. Паводле аналітыкі Realt, у Вільні цана за год на кватэры вырасла на 2,5%, а ў Варшаве — на 16,3%.
Каментары