Як мінімум сем сілавікоў затрымлівалі мужчыну, які нібыта пакінуў каментар пра супрацоўнікаў ГУБАЗіКа
Ён нібыта пракаментаваў навіну пра мужчыну, які абараняўся ад сілавікоў у цывільным з нажом.
Мужчына жыве ў вёсцы Прокшанічы Магілёўскага раёна. Яго затрымлівалі ў прыватным доме як мінімум сем сілавікоў у абмундзіраванні, а яшчэ як мінімум трое ў цывільным здымалі затрыманне на тэлефоны.
На відэа мужчына гаворыць, што нібыта знаходзіцца ў «экстрэмісцкіх» чатах і пакідае каментары. Яму інкрымінуюць, сярод іншага, каментары да навіны пра мужчыну, які ў Магілёве адбіваўся ад сілавікоў у цывільным нажом.
У роліку сілавікі паказалі некалькі каментароў, якія нібыта належаць мужчыне. Большасць з іх напісаныя на беларускай мове. Аднак каментароў пра сілавікоў ці абраз на адрас міліцыянтаў там няма.
Адзін з каментароў гучыць так: «Я пакуль у Беларусі, але ж такімі тэмпамі за мяжой сябраў будзе болей, чым тутака».
Пра статус затрыманага пакуль не паведамляецца.
Каментары
хутчэй усё ж слабавікі