Кіно2020

Другі сезон «Дома Цмока» падмануў чаканні

Працяг прыквела да культавай «Гульні тронаў» аказаўся зусім не такім, якім ён уяўляўся пасля канцоўкі першага сезона. Разабраліся, у чым падманулі гледачоў і калі выйдзе новая гісторыя ў свеце Вестэроса.

Рэйніра ў другім сезоне становіцца сапраўднай каралевай цмокаў. Кадр з серыяла

Асцярожна, ёсць спойлеры!

Серыял ад HBO распавядае пра Танец Цмокаў — дынастычны і грамадзянскі канфлікт у Сямі каралеўствах, які разгарэўся пасля смерці Візэрыса I Таргарыена, калі ягоная першародная дачка і законная спадчынніца Рэйніра Таргарыен (ролю выканала Эма Д’Арсі), падтрыманая партыяй «чорных», і ягоны сын ад другога шлюбу, Эйган Таргарыен (Том Глін-Карні), падтрыманы партыяй «зялёных», адначасова заявілі свае правы на Жалезны трон.

Першы сезон, які выйшаў два гады таму, меў грандыёзны поспех сярод гледачоў, якія засумавалі па Вестэросе пасля завяршэння «Гульні тронаў» у 2019 годзе. Ягоны поспех тлумачыўся не толькі шырокай базай фанатаў, але сапраўды выдатнай працай усіх адказных за выхад серыяла спецыялістаў. Дыялогі персанажаў, сюжэтныя акцэнты і гульня акцёраў былі на высокім узроўні, хоць камусьці ён і мог падацца занадта камерным.

«Чорныя» замкнутыя на сваіх прыступных астравах у Глотцы, але для перамогі ім патрэбныя войскі вялікіх дамоў Вестэроса і перавага ў цмоках. Кадр з серыяла

Цмокі замест усяго

Адразу пасля прэм'еры першага сезона з пасады шоуранера серыяла пайшоў Мігель Сапочнік, які быў абураны тым, што HBO не падтрымлівае кумаўство і не жадае наймаць ягоную жонку Алексіс Рабен на пазіцыю супрадзюсара. Шоуранерам другога сезона застаўся ягоны менш дасведчаны калега Раян Кондал.

Другі сезон, які складаецца з 8 серый, распачаўся 16 чэрвеня і завяршыўся 5 жніўня, пакінуўшы супярэчлівыя ўражанні. 

Кондал абяцаў, што другі сезон будзе больш відовішчным і дынамічным. Трэйлеры да новага сезона былі насычаны кадрамі баёў, пагонь, грозных флатылій і палётаў на цмоках, даючы зразумець, што канфлікт будзе сапраўды маштабным і эпічным.

Бітва пры Грачыным Прытулку — адзіная сутычка на працягу ўсяго сезона. Але адразу з цмокамі. Кадр з фільма

Але ўсё аказалася зусім не так. За ўвесь сезон нам паказалі толькі адну бітву пры Грачыным Прытулку — не вельмі маштабную, але адразу з трыма цмокамі ў небе і трагічнымі наступствамі. 

На гэтым з бітвамі ўсё. Ёсць лакальныя канфлікты і сутычкі, якія нам не паказваюць, але якія раскрываюць вобразы герояў серыяла. Увесь сезон літаральна як той анімаваны мем, дзе грузавік на поўнай скорасці мчыцца на слуп, яго паказваюць з розных бакоў, вось-вось будзе эпічнае сутыкненне, але яго так і не адбываецца.

За расцягнутасць сюжэта папракалі і першы сезон. Але там у 10 серый змясцілі 20 гадоў жыцця дынастыі Таргарыенаў, а ў другім на 8 серый расцягнулі літаральна тыдні, максімум месяцы, у якія амаль нічога не адбываецца.

Нават пагроза быць спаленымі жыўцоў нічога не значыць для некаторых непакорных васалаў. Кадр з серыяла

«Чорная» каралева Рэйніра на Цмокавым камяні цэлымі днямі засядае ў радзе, члены якой моцна раздражняюць і саму каралеву, і гледачоў, ейны муж-кансорт Дэйман паляцеў у пракляты напаўзруйнаваны Харэнхол збіраць войска для вайны.

На іншым баку «зялёныя» трымаюць абарону Каралеўскай гавані і склікаюць войскі сваіх прыхільнікаў. Сыны Алісэнты, «зялёны» кароль Эйган II і ягоны аднавокі брат Эйманд, чыя пыха і прывяла да адкрытага процістаяння, напоўніцу праяўляюць свой паскудны характар, а сір Крыстан Коль наводзіць страх у Каралеўскіх землях, каб васалы не перабеглі на бок Рэйніры. 

Сір Крыстан Коль распраўляецца з васаламі, якія прынялі бок «чорнай» партыі. Іншыя самі схіляюць калені перад Эйганам II. Кадр з серыяла

Гэтая марудлівасць сюжэта, здаецца, стала адной з галоўных прычын раздражнення гледачоў, якія чакалі зусім іншага рытму. Але варта сказаць, што першыя сезоны арыгінальнай «Гульні тронаў» таксама складаліся пераважна з бясконцых размоў, скандалаў, інтрыг і расследаванняў, якія не вельмі добра канчаліся для цікаўных. Проста гэта ўсё падзабылася пад уражаннем ад дынамічных фінальных эпізодаў «Гульні тронаў».

У «Доме Цмока» праблема хутчэй не ў марудлівасці, а ў неабавязковых сцэнах. Сцэнарысты і рэжысёры быццам былі загнаныя ў пастку — напоўніць нечым 8 серый «дзіўнай вайны», невялікі прамежак часу паміж яе фармальным пачаткам і рэальнымі баявымі дзеяннямі. Спраўляюцца па-рознаму: некаторыя серыі сапраўды правальныя, хочацца залезці ў тэлефон і пагартаць стужку навін. Але іншыя глядзяцца з поўным захапленнем.

Цмокі ў серыяле сапраўды разнастайныя па выглядзе і па характары. Дзікі Авечкакрад, відаць, стане цмокам Рэйны, якая адна з усёй сям'і яшчэ не мела свайго крылатага монстра. Кадр з серыяла

Нехта з кінакрытыкаў называе вялікую колькасць цмокаў ледзь не адзінай перавагай новага сезона серыяла. Цмокаў тут сапраўды вельмі шмат, яны разнастайныя па выглядзе і па характары, вакол іх як «суперзброі» і сімвала боскай улады Таргарыенаў круціцца значная частка сюжэта. Але зусім не за цмокаў мы любім гісторыі пра Вестэрос.

Нягледзячы на ўсе недахопы, гэта ўсё яшчэ вельмі таленавітая карціна з цудоўным візуальным радам і непаўторнай атмасферай. Калі прыгледзіцца да сезона больш уважліва, то можна заўважыць, што ён закранае вельмі сучасныя праблемы. 

Мужчыны супраць жанчын

Дзівачка Хэлейна, жонка свайго брата Эйгана II, хутка сталее, калі становіцца сведкай жудаснай расправы над уласным малалетнім дзіцем. Яе прарочы дар ад гэтага становіцца яшчэ больш глыбокім, а відзежы набываюць канкрэтны сэнс. Кадр з серыяла

Танец Цмокаў, грамадзянская вайна, якая пачыналася як канфлікт дзвюх «партый» адной дынастыі ў барацьбе за ўладу, у новым сезоне раскрываецца зусім па-іншаму.

Але насамрэч канфлікт палягае паміж агрэсіўным светам мужчын, які жадае крыві пасля доўгага міру і гатовы пагрузіць Вестэрос у крывавы хаос, і жанчынамі, з-за якіх быццам бы ўся гісторыя і пачалася, але якія насамрэч не хочуць вайны, а хочуць зберагчы сваіх блізкіх і ў жаху ад таго, што робяць мужчыны. Гэта штурхае іх да дзіўных дзеянняў.

У першым сезоне паказалі складаныя стасункі паміж Рэйнірай і Алісентай, колішнімі сяброўкамі, якіх пасварылі дынастычныя гульні пры двары, але кожная з якіх захоўвае надзею на мудрасць ці міласэрнасць іншай. 

Міласэрнасць Рэйніс стала прычынай яе гібелі. Кадр з серыяла

Да моцных жанчын з серыяла належыць і Рэйніс, якая заняла бок «чорных» і мела шанец адным крыкам «дракарыс» знішчыць усю сям’ю Алісенты, то-бок партыю «зялёных», але не зрабіла гэтага — яна сама страціла ў агні сына і не магла паступіць так з чужымі дзецьмі, тым больш сваімі блізкімі сваякамі. Цяпер жа, баронячы сям’ю Рэйніры на сваёй Чырвонай каралеве, Рэйніс гіне ў баі з тымі, каго зусім нядаўна пашкадавала. Мужчынскі свет не даруе сантыментаў і мяккацеласці.

Эйманд захоплівае ўладу ў Каралеўскай гавані, пераступаючы цераз галаву брата Эйгана II. Кадр з серыяла

Гэтае супрацьпастаўленне трохі спрашчае мужчынскія вобразы ў серыяле, ператвараючы харызматычных і неадназначных персанажаў у карыкатурных дурняў і злачынцаў. Вайна паміж партыямі аказваецца вайной усіх супраць усіх. 

Брат ідзе на брата. У сезоне ёсць эмацыйны эпізод, у якім сутыкаюцца блізняты-рыцары Эрык і Арык, якія занялі розныя бакі канфлікту. У братазабойчай бойцы гінуць абодва — гэты сімвалічны вобраз быццам прадказвае вынік грамадзянскай вайны паміж Таргарыенамі.

З «зялёнай» рады выводзяць каралеву-маці Алісенту, якая не хоча перамогі ў вайне цаной бясконцых ахвяр. За яе не заступаюцца ні палюбоўнік сір Крыстэн Коль, ні майстар над шаптунамі Ларыс Стронг, чые дэвіяцыі яна задавальняла сваімі ножкамі. Ні сэксуальная сувязь, ні мацярынская не з’яўляюцца важнымі для мужчын у серыяле, яны лёгка здраджваюць ім дзеля ўласных «пацанскіх» спраў — помсты, вайны і ўлады. 

Скалечаны кароль Эйган II становіцца фактычна закладнікам брата Эйманда. На шчасце Эйгана, Эйманд мае талент нажываць ворагаў нават сярод сваіх саюзнікаў. Кадр з серыяла

Каралеўская рада «чорных» недвухсэнсоўна намякае Рэйніры, што яна ўсяго толькі жанчына, прапануючы або слухацца іх, або даверыцца свайму мужу Дэйману, які сам прагне сесці на Жалезны трон. Неабдуманыя дзеянні Дэймана прыводзяць да жудаснай расправы над нявінным дзіцёнкам Хэлейны, сястры і жонкі Эйгана II.

Лорды, якіх кароль-кансорт Дэйман сабраў у Харэнхоле. Для сябе ці для жонкі? Кадр з серыяла

Дэйман, чые дзеянні Рэйніра асуджае, злятае ў Харэнхол збіраць войскі, але пасля цяжкай размовы сама каралева ўжо не ўпэўнена для каго — для яе, ці для сябе. Адказ на гэтае пытанне яна атрымлівае толькі ў апошняй серыі сезона.

Рэйніра знаходзіць практычную і маральную падтрымку ў асобе шпіёнкі Місарыі, якая стала сабой, калі прайшла праз гвалт бацькі. З ёй у каралевы завязваюцца рамантычныя адносіны ў адсутнасць мужа. У Алісенты ж не застаецца аніякай падтрымкі і яна аддаецца эскапізму, уцёкам ад сябе і вайны. 

Пацалунак Рэйніры, кінутай сваім мужам, і ейнай радніцы Місарыі чакана справакаваў гарачую рэакцыю ў сацсетках. Кадр з серыяла

Дарэчы менавіта Алісента аказваецца самым глыбокім персанажам у гэтым сезоне, здольным прызнаваць свае памылкі і страсці, дараваць іншым, разумець каштоўнасць жыцця, прымаць самыя няпростыя рашэнні ў сваім жыцці і пры гэтым заставацца чалавечнай.

Гульня Алівіі Кук быццам цягне ўвесь сезон на сваіх плячах.

Каралева-маці Алісента бяжыць ад сябе, вайны і шумнага горада, які яе ненавідзіць. Яна адзіная ў серыяле, хто хоча проста жыць. Кадр з серыяла

У гэтым крывавым шале асабліва ўражваюць перамовы Рэйніры і Алісенты. Спачатку адна прабіраецца ў самае логава ворага, каб з вока на вока паразмаўляць з былой сяброўкай. А ў самым канцы сезона, калі канфлікт, здавалася б, ніяк ужо спыніць немагчыма, адбываецца яшчэ больш неверагодная люстраная сцэна — Алісента з’яўляецца ў замку Рэйніры. Яна проста хоча жыць і каб жылі яе дзеці, ніякая ўлада ёй не патрэбна. І ў дзвюх каралеў нават атрымацца на зусім няпростых умовах, але дамовіцца пра заканчэнне вайны.

Здаецца, ужо зараз відавочна, што мужчыны не дадуць ім выканаць задуманае, але пабачым у наступным сезоне.

У былых сябровак, Рэйніры і Алісенты, застаюцца смеласць і воля, каб на парозе вялікай вайны сустрэцца сам-насам і дамовіцца без мужчын пра мір. Кадр з серыяла

Не богі

Ёсць у серыяле і востры сацыяльны канфлікт. Дынастычны разлад прымушае Таргарыенаў звярнуць увагу на просты народ, абаронцамі якіх яны сябе называюць, але на патрэбы якіх высакамерна ніколі асабліва не звярталі ўвагі.

Вайна патрабуе вялікіх выдаткаў, якія лягуць цяжкім ярмом на плечы вестэросцаў. Усё мяса ў Каралеўскай гавані ідзе цмокам, якія бароняць горад ад нападу «чорных», што трымаюць блакаду партовага горада. Такая палітыка б’е па пазіцыях «зялёных» у горадзе і пагражае выліцца ў бунт. Народная сімпатыя на баку Рэйніры, якая, як кажуць прасталюдзіны, прыляціць і вызваліць іх ад голаду. 

Галава цмока, правезеная па сталіцы ў гонар піравай перамогі караля Эйгана II, аказала на ўспрыманне Таргарыенаў простымі людзьмі разбуральны эфект. Кадр з серыяла

Каб перацягнуць чэрнь на свой бок, па горадзе правозяць галаву Чырвонай каралевы, цмока забітай у баі Рэйніс. Але эфект ад гэтай дэманстрацыі аказваецца куды больш глыбокім.

Тарагарыены, змагаючыся адзін супраць аднаго, выкрываюць страшную таямніцу — цмокі ніякія не багі, як лічылі многія, а істоты з крыві і плоці, няхай і вельмі грозныя. 

Агіда, нянавісць і недавер на твары Рэйніры, калі яна разумее, што цмок можа выбраць сваім вершнікам і прасталюдзіна. Кадр з серыяла

Рэйніра таксама звяртаецца да простых людзей з няпростым паходжаннем. Бастарды, народжаныя ад Таргарыенаў, мусяць стаць вершнікамі для шэрагу цмокаў, якія дагэтуль жывуць на Цмокавым камені без гаспадара. Аказваецца, што пакуль Рэйніра дбае пра сваіх дзяцей, у тым ліку народжаных ад незаконнай сувязі, мужчыны яе дому шчодра разлівалі сваё семя ў бардэлях.

Чым адрозніваецца ейны сын і спадчыннік Джэйкерыс, бастард ад лорда Стронга, ад бастардаў іншых Таргарыенаў? Чаму яму дастанецца ўсё, а ім нічога? Адказы на гэтыя пытанні, відавочна, злуюць Джэйкерыса.

Многія бастарды гінуць у агні, калі Рэйніра спрабуе іх пасадзіць на цмокаў. Кадр з серыяла

Няхай многія прызваныя бастарды гінуць у агні цмока, але трое з іх, Х’ю Молат, Ульф Белы і Адамам з Хала, бастард Корліса Веларыёна, садзяцца на цмокаў Вермітора, Сярэбракрылую і Марскога Тумана. Такога блюзнерства не вытрымліваюць нават даглядчыкі цмокаў, адмаўляючыся ўдзельнічаць у авантуры Рэйніры.

Рэйніра вымушана звярнуцца да бастардаў, каб знайсці вершнікаў для цмокаў. Кадр з серыяла

Рэйніра разумее, што разбурае яшчэ адзін слуп, на якім стаіць Дом Цмока — веру, што цмока можа асядлаць толькі член выбранай дынастыі, а не любы прасталюдзін. Але выбару ў яе няма, ёй жыццёва неабходныя цмокі, каб атрымаць перавагу ў вайне.

Ульф Белы адразу становіцца нахабным, бястактна і груба паводзячы сябе за сталом з каралевай. Ён цудоўна разумее, што ён ёй патрэбны куды больш, чым яна яму. Рэйніра гэта таксама ўсведамляе і стрымлівае сябе і гарачнасць сына. 

Таргарыены з абодвух лагераў адкрылі скрыню Пандоры. 

І тчэ, забыўшыся, рука…

Гібель Старой Валірыі. Кадр з опенінга да серыяла

Яшчэ адной прыемнай нечаканасцю другога сезона «Дома Цмока» стала новая застаўка. У першым сезоне гэта быў макет Старой Валірыі, на тэрасах і сценах якой перасякаліся струменьчыкі крыві, а са скрыжаванняў выцякалі новыя, утвараючы сімвалічнае генеалагічнае дрэва Таргарыенаў, якія дапускалі блізкароднасныя сувязі. 

Разбурэнне цмокамі Вхагар і Балерыёнам замка Харэнхол, які не жадаў прымаць уладу заваёўнікаў Таргарыенаў. Кадр з опенінга да серыяла

У другім сезоне ёй на змену прыйшла застаўка ў выглядзе габелена, які тчэцца сам сабою. На палатне з каляровых нітак вымалёўваюцца сюжэты гібелі Валірыі і заваявання Вестэроса дынастыяй Таргарыенаў, якая выжыла толькі таму, што паверыла ў прароцтва. З’яўляюцца і знаёмыя сюжэты Танца Цмокаў, а ў застаўках наступных серый пасля важных падзей самі сабой вышываюцца актуальныя малюнкі. 

Смерць прынца Люцэрыса, сына каралевы Рэйніры, і ягонага цмока Аракса ад старой і свавольнай Вхагар. Кадр з серыяла

У гэтай арыгінальнай задумкі ёсць сусветна вядомы прататып — так званы дыван з Баё, які быў створаны ў XI стагоддзі і распавядае пра заваяванне Брытаніі нарманамі. 

Для фанатаў

Але найперш стваральнікі серыяла «Дом Цмока» хацелі шчыльней звязаць яго не з рэальнай гісторыяй Брытаніі, а з «Гульнёй тронаў». Акрамя знаёмых мясцін і шляхетных дамоў у першым сезоне з’явілася прароцтва «Песні лёду і агню» і той самы кінжал з валірыйскай сталі, якім праз стагоддзі будзе забіты Кароль Ночы.

Перамовы Джэйкерыса, сына каралевы Рэйніры, з лордамі Пераправы, каб тыя прапусцілі войскі, якія ідуць на падмогу з Поўначы. Кадр з серыяла

У другім сезоне адсылак стала яшчэ больш. Паказалі ў тым ліку Сцяну, Вінтэрфэл (і, вядома, аднаго са Старкаў), перайначанае Арлінае Гняздо, Блізнят. 

Некаторыя адсылкі досыць забаўныя. Напрыклад, Тыланда Ланістэра, які ад імя Эйманда вядзе перамовы з Трыярхіяй, каб з іх дапамогай прарваць блакаду сталіцы, быццам выпадкова называюць Тайвінам.

Прынц Джэйкерыс заручыўся падтрымкай суровага лорда Поўначы Крыгана Старка на знакамітай Сцяне, якая аддзяляе Сем каралеўстваў не толькі ад дзікуноў, але і ад куды больш страшнага і старажытнага зла. Кадр з серыяла

Таксама нам пацвердзілі здагадку, што яйкі цмокаў, якія Рэйніра адсылае за мора разам са сваімі малодшымі дзецьмі — гэты менавіта тыя яйкі, з якіх праз стагоддзі вылупяцца цмокі Дэйнерыс Буранароджанай.

Таксама ў новым сезоне перыядычна ў відзежах Дэймана, які ледзь не з'ехаў з глузду ў таямнічым Харэнхоле, з’яўляюцца камеа персанажаў, якія засталіся ў першым сезоне — маладой Рэйніры, памерлага караля Візерыса I і ягонай жонкі Эймы, якія яго папракаюць.

Кароль Ночы і ягоныя белыя хадакі ў відзежах Дэймана. Кадр з серыяла
Дэйнерыс з цмокамі ў відзежах Дэймана. Кадр з серыяла

Але найбольш адсылак змясцілі ў фінальную восьмую серыю, відаць, каб згладзіць расчараванне ад канцоўкі: паказалі і белых хадакоў, і Дэйнерыс, якая верне ў свет апошніх цмокаў, і жорстка праспойлерылі сюжэт наступных сезонаў «Дома Цмока».

Калі зноў?

Чакаць трэцяга сезона давядзецца яшчэ два гады. Але не паспеў скончыцца другі сезон «Дома Цмока», як HBO выкаціў першы тызер новага праекта пра Вестэрос — «Рыцар Сямі каралеўстваў», які грунтуецца на аднайменнай серыі аповесцей Джорджа Марціна. 

Дунк Высокі. Кадр з тызера да серыяла «Рыцар Сямі каралеўстваў»

Галоўнымі героямі мініцыкла стануць рыцар Дункан Высокі і яго малалетні збраяносец па мянушцы Эг. Падзеі гэтага прыгодніцкага серыяла будуць разварочвацца праз 72 гады пасля падзей «Дома Цмока» і за 100 гадоў да «Гульні тронаў». Важную ролю ў сюжэце згуляюць Блэкфайры, якія ўзыходзіць да аднаго з бастардаў Таргарыенаў.

«Рыцара Сямі каралеўстваў» абяцаюць выпусціць ужо ў наступным 2025 годзе, так што без любімага сусвету фанаты не застануцца надоўга.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары20

  • Візэрыс
    17.08.2024
    Тады можаш глядзець і перагледжваць першыя пяць серый першага сезону і некалькі момантаў галюцынацый Дэйман з другога.
  • Эйган Заваёўнік
    17.08.2024
    Што ў другім сезоне было неабавязковымі сцэнамі, па меркаванні аўтара артыкула?))) Так смешна, улічваючы, што там усё невыпадковае і грае далей на серыял – сцэны, гутаркі... Выдатны сезон, які раскрывае персанажаў і гісторыю. Раю паглядзець залпам першы і другі сезоны, усё на свае месцы стане.
  • CV
    17.08.2024
    Камон, серыя «Прасталюдзіны» ніякая. Асабліва ў параўнанні з наступнай, дзе прывезлі бастардаў на Цмокаў востраў.

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →