На фоне паўторнага абрання Трампа прэзідэнтам ЗША, многія праецыруюць досвед 2017—2021 гадоў, складаныя адносіны Трампа з Еўропай, на цяперашні час. Між іншым людзі ўпускаюць адну важную дэталь: наколькі вырасла эканамічная прорва паміж Амерыкай і стагнуючай Заходняй Еўропай, наколькі іхныя патэнцыялы непараўнальныя зараз, наколькі Еўропа слабейшая, піша Аляксей Быкаў.
Дысклэймер! Я ведаю, што ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупальніцкай здольнасці не ідэальны індыкатар эканамічнага развіцця. Я ведаю, што няроўнасць у ЗША высокая, і эканамічнае багацце размеркавана нераўнамерна. Ведаю пра ўсе праблемы амерыканскай сацыяльнай сферы, медыцыны, адукацыі. Якой бы неідэальнай ні была гэтая метрыка, пэўныя ўяўленні пры параўнанні эканамічнага развіцця і агульнай эканамічнай сітуацыі ў несыравінных постындустрыяльных краінах яна дае.
Акрамя таго, пры ўсёй неідэальнасці размеркавання багацця ў Амерыцы, не думаю, што ў гэтым нераўнамерным размеркаванні крыецца прычына эканамічнага дынамізму краіны. Сувязь паміж нераўнамернасцю багацця і эканамічным дынамізмам калі і існуе, то яна складаная і нелінейная.
І тут Заходняя Еўропа (менавіта Заходняя, ва Усходняй усё па-іншаму) выглядае вартай жалю са сваімі макраэканамічнымі паказчыкамі. Млява выглядае не толькі Паўднёвая Еўропа, але і больш дынамічная Поўнач.
Вось толькі некалькі шакавальных фактаў, наколькі Заходняя Еўропа ў стагнацыі ў параўнанні з Амерыкай.
1. У 1990-ыя гады Заходняя Еўропа і ЗША былі прыблізна на адным узроўні па ВУП на душу насельніцтва, зараз жа Заходняя Еўропа недзе на 30% бяднейшая.
2. У 2008 годзе еўразона (тады да яе яшчэ не далучыліся краіны Балтыі, Славаччына, Харватыя) і эканоміка ЗША былі плюс-мінус роўнымі: $14.2 трыльёна і $14.8 трыльёна. У 2023 годзе: $15 трыльёна ў Еўразоне (разам з новымі дынамічнымі постсацыялістычнымі краінамі) супраць $26.9 трыльёна ў ЗША.
3. Місісіпі — найбяднейшы амерыканскі штат, але ягоныя жыхары зарабляюць у сярэднім больш, чым брытанцы, канадцы ці немцы. Па ВУП на душу насельніцтва Італія знаходзіцца на ўзроўні Місісіпі, Францыя на ўзроўні Айдаха і Арканзаса (48 і 49 месца), нават Нямеччына пляцецца на ўзроўні дэпрэсіўнай Аклахомы. З Каліфорніяй, Тэхасам ці Н'ю-Ёркам няма чаго і параўноўваць.
4. Існуе вялікая спакуса апраўдаць млявыя эканамічныя паказчыкі Заходняй Еўропы больш раўнамерным размеркаваннем багацця, барацьбой з беднасцю і несправядлівасцю. Але банальная праверка індэксаў Джыні паказвае, што за апошнія дзесяцігоддзі больш сацыяльна арыентаванай Заходняя Еўропа таксама не стала, няроўнасць там плюс-мінус стабільная.
5. Існуюць краіны, дзе ўзровень жыцця за адно пакаленне не проста застаўся на адным узроўні, але і ўпаў. Яскравы прыклад — багатая (гістарычна) Італія, са сваім высакакласным машынабудаваннем, дызайнам, турыстычным патэнцыялам і кухняй. Толькі ўдумайцеся: з 1990 па 2020 год рэальныя (з улікам інфляцыі) заробкі італьянцаў паменшалі на 2,9%. Пры ўсіх глабальных інавацыях, дзеці жывуць горш за бацькоў.
6. Пра рыначную капіталізацыю тут нават няма чаго параўноўваць. У Еўропе ёсць класныя паспяховыя кампаніі ў фармацэўтыцы (Novo Nordisk, якая робіць лекі для пахудзення Ozempic, таксама Sanofi, Roche), люксавых брэндах (Louis Vuitton, Hermes), касметалогіі (L'Oreal), прыстойна выглядае Airbus. Але ў сферы інфармацыйных тэхналогій і стартапаў — поўны швах. Найбольшую капіталізацыю маюць нямецкі SAP, заснаваны 51 (!!!) год таму, а таксама галандская ASML (крутая кампанія, якая робіць станкі для вытворчасці мікрасхем) — па 260—270 мільярдаў даляраў.
Але нават гэтыя найбольш паспяховыя кампаніі — проста нішто ў параўнанні са шматтрыльённымі капіталізацыямі амерыканскіх гігантаў. Найбольшыя еўрапейскія кампаніі — старыя legacy кампаніі, арыентаваныя на спажыўца (gsk, Roche, Nestle and Louis Vuitton), а не на тэхналагічныя інавацыі.
7. У Еўропе няма сваіх Амазонаў, няма Гуглаў, няма Эплаў, няма Фэйсбукаў, няма Майкрасофтаў, няма сваёй Nvidia. І тут, у плане стварэння лічбавых экасістэм, Еўропа ганебна адстае не толькі ад Амерыкі, але і ад Кітая, Паўднёвай Карэі і нават Расіі (якія свае лічбавыя экасістэмы ў той ці іншай форме маюць). Нават Расія змагла нарадзіць свае Яндэкс і Wildberries, пакуль Еўропа і свайго не стварыла, і на чужым (амерыканскім) сядзіць. Дай Бог, нешта зможа стварыць Францыя са сваім Mistral AI.
8. Існуе стэрэатып, што амерыканцы нашмат менш адпачываюць, чым іх калегі ў Еўропе, што там горшы баланс паміж жыццём і працай і што ў гэтым крыецца прычына амерыканскага багацця. Амерыканцы і праўда працуюць больш, але нават пры пагадзінным падліку выходзіць, што прадукцыйнасць працы ў Амерыцы нашмат вышэйшая, чым у Еўропе. З 1990 года яна вырасла на 73% у Амерыцы. Хаця яшчэ да пачатку 2000-ых у еўразоне прадукцыйнасць працы была вышэйшай за амерыканскую.
9. Заходняя Еўропа імкліва губляе нават тыя перавагі, якія ў яе захоўваліся да апошняга. Яскравы прыклад — гэта тое, што зараз адбываецца з еўрапейскай (у першую чаргу нямецкай) аўтамабільнай індустрыяй. Нямецкі Volkswagen не вытрымлівае ніякай канкурэнцыі (не толькі ў пытанні цаны, але і якасці!) з кітайскімі электракарамі, і ўпершыню за сваю гісторыю вымушаны закрываць свае заводы і скарачае дзясяткі тысяч людзей. Скарачэнні іншых аўтаканцэрнаў — пытанне часу.
10. Асобная песня — Нямеччына. Доўгі час яна зберагала ілюзію і выглядала ўзорам эканамічнай стабільнасці на фоне Паўднёвай Еўропы. І толькі цяпер становіцца відавочным, якім надзьмутым зверам яна была.
Цяпер, сутыкнуўшыся з дэфіцытам энергіі, канкурэнцыяй з боку Кітая і перспектывай увядзення Трампам тарыфаў на імпарт, эканоміка валіцца як картачны дамок. Уся хвалёная нямецкая эканоміка аказалася негатовай да кітайскіх (!!!) электрамабіляў і высокіх цэн на газ (проста згадайце, як Нямеччына сама адраклася ядзернай энергетыкі і як нямецкія палітыкі рагаталі з папярэджанняў Трампа не абапірацца ў пастаўках газу на Расію).
Сектар абароны развалены (пра варты жалю стан Бундэсвера шмат артыкулаў у прэсе). Маючы найлепшых інжынераў у свеце, краіна не ўмее ў тэхналагічныя інавацыі. Увесь дабрабыт часоў Меркель трымаўся на танных расійскіх энергарэсурсах і доступе да кітайскага рынку.
Меркель прасядзела на пасадзе 16 гадоў і займалася чым заўгодна (у тым ліку валюнтарысцкім актывізмам), толькі не рэформамі і лічбавізацыяй краіны, чым толькі праклала сцежку для з'яўлення на палітычнай сцэне правых рэакцыянераў з AfD.
На яе фоне нават куплены пазней Расіяй Шродар узору 1998—2005 гадоў выглядаў рэфарматарам і прагматыкам.
11. На ўсё апісанае вышэй можна знайсці апраўданне: маўляў, Еўропа неаднародная, і ёсць у Еўропе краіны, багацейшыя за Амерыку. Усе тут любяць згадваць Скандынавію. І гэта праўда. Але праўда яшчэ і ў тым, што ў 1990-ыя, і нават у 2000-ыя краін, багацейшых за ЗША, было нашмат больш.
І нават хвалёная Скандынавія (з яе ліберальнай рынкавай эканомікай і мінімумам рэгуляцый) выглядае кволай. У 2008 Швецыя была багацейшай за Амерыку (56 тысяч даляраў ВУП на душу насельніцтва ў Швецыі супраць 46k у Амерыцы). 2023 год: у Швецыі ўсё тыя самыя 56 тысяч даляраў, а Амерыка паляцела ў космас са сваімі 82k даляраў. У падобных паўночнаеўрапейскіх краінах сітуацыя аналагічная.
Адзінай некарлікавай еўрапейскай краінай, якая як была, так і застаецца істотна багацейшай за ЗША (без уліку нафтавай Нарвегіі і афшорнай Ірландыі) з'яўляецца Швейцарыя, якая, як усім вядома, не проста так усімі спосабамі пазбягае ўступлення ў ЕС і гарманізацыі эканамічнай і міграцыйнай палітыкі з гэтым утварэннем.
Беручы пад увагу вышэйзгаданыя факты, як гэта можна яшчэ назваць як не крызіс і дэградацыя? Колькі яшчэ часу на кантыненце будуць рабіць выгляд, што Tout va très bien, Madame la Marquise («Усё выдатна, цудоўная маркіза»)? Чаму з еўрапейскіх топ-палітыкаў пра гэта згадваюць адзінкі, кшталту Марыё Драгі?
Усе амерыканскія праблемы (з якіх так любяць кпіць еўрапейцы) у выглядзе неэфектыўнай медыцынскай сістэмы, дарагіх авіяпералётаў, большай колькасці гвалту на вуліцах — кепскае апраўданне для эканамічнай дэградацыі Заходняй Еўропы.
Каментары
Лічбы ў артыкуле: «У 2008 Швецыя была багацейшай за Амерыку (56 тысяч даляраў ВУП на душу насельніцтва ў Швецыі супраць 46k у Амерыцы). 2023 год: у Швецыі ўсё тыя самыя 56 тысяч даляраў, а Амерыка паляцела ў космас са сваімі 82k даляраў».
Лічбы GDP (PPP) per capita за 2023 год з сайта World Bank:
🇺🇸 United States - 81,7K
…
🇳🇱 Netherlands - 78,2K
🇩🇰 Denmark - 76,7K
…
🇸🇪 Sweden - 70,2K
То бок аўтар схлусіў наконт данных ВУП PPP Швецыі на 14K. Які сэнс чытаць яго трызненне і хлусню, гэта ж не лукашысцкая СБ, каб так нахабна тут хлусіць.