Кіно77

Калізей, кроў і попел Везувія. Якім атрымаўся новы серыял пра Рымскую імперыю з Энтані Хопкінсам 

Ці змогуць «Асуджаныя на славу» заваяваць сабе славу гэтым летам і не згінуць у патоку іншых гістарычных драм? Паглядзелі гэты эпічны серыял, і вось чым ён адметны.

Імператар Веспасіян, у выкананні Энтані Хопкінса, і ягоныя сыны Ціт і Даміцыян на будоўлі амфітэатра Флавіяў, вядомага нам сёння як Калізей. Кадр з серыяла

18 ліпеня адбылася прэм’ера маштабнага серыяла «Асуджаныя на славу» пра часы Рымскай імперыі, створаны шоуранерам Робертам Родэтам. Агульны бюджэт серыяла ад NBCUniversal склаў 140 млн даляраў.

Родэт вядомы як сцэнарыст фільмаў «Выратаваць радавога Раяна» і «Патрыёт». Рэжысёр апошняга, Роланд Эмерых, выступіў таксама рэжысёрам першых і апошніх серый серыяла, а Родэт у іх жа ў звыклай ролі сцэнарыста. Іншыя эпізоды зняў немец Марка Кройцпайнтнер, чый фантастычны дэтэктыў «Целы» летась атрымаў высокую ацэнку ад гледачоў.

Постар да серыяла

На стрымінгавых платформах, даступных у Беларусі, гэты серыял называецца «Асуджаныя на славу» (Обречённые на славу), хоць у арыгінале гаворыцца пра «смерць» (Those About to Die). Вельмі дзіўна, што лакалізатары не змаглі зразумець, што англійская назва — гэта даслоўны пераклад часткі лацінскага выразу Ave, Caesar, morituri te salutant, які некалькі разоў гучыць серыяле. Гэтым выразам, які можна перакласці як «Слаўся, Цэзар, тыя, хто ідзе на смерць, вітаюць цябе», віталі імператара гладыятары, якія адпраўляліся на арэну.

Калі ў вас з’явілася думка, што гэты серыял — нейкі разагрэў перад запланаваным на восень 2024 выхадам сіквела культавага фільма «Гладыятар» Рыдлі Скота, то часткова вы маеце рацыю.

Серыял з’яўляецца вольнай экранізацыяй аднайменнай кнігі амерыканскага пісьменніка Дэніэла П. Мэнікса пра гладыятарскія баі ў Старажытным Рыме, якая была выдадзена яшчэ ў 1958 годзе. І ёй жа натхняўся сцэнарыст «Гладыятара». Але паміж дзеяннем у серыяле і ў фільме каля 100 гадоў.

Энтані Хопкінс ідэальна падыйшоў на ролю старога мудрага імператара. Кадр з серыяла.

Падзеі серыяла адбываюцца ў часы дынастыі Флавіяў, на чале якой стаіць імператар Веспасіян, які прыйшоў да ўлады ў выніку грамадзянскай вайны пасля смерці ненавіснага Нерона, вядомай як «Год чатырох імператараў». Роля старога Веспасіяна дасталася аскараноснаму Энтані Хопкінсу, які быццам створаны для ролі мудрага старца ў залатым вянку славы. Хопкінс галоўная зорка карціны, менавіта яго асоба стала прычынай увагі да серыяла, які многія маглі б папросту не заўважыць.

Палкаводзец Ціт, пераможца іўдзеяў, выглядае найлепшым спадчыннікам для свайго бацькі-імператара, але кіраваць легіёнамі ён умее лепш, чым разбіраецца ў рымскіх інтрыгах. Кадр серыяла

Стары Веспасіян разумее, што знаходзіцца на парозе смерці, і думае пра тое, хто з яго сыноў, упершыню ў гісторыі Рыма, атрымае ў спадчыну імперыю — старэйшы Ціт (Том Х'юз, раней гуляў прынца Альберта ў гістарычным серыяле «Вікторыя»), славуты палкаводзец, які скарыў іўдзеяў і разбурыў Ерусалім, ці малодшы Даміцыян (Джоджа Макары, якога вы маглі бачыць у «Палавым выхаванні»), арганізатар народных відовішчаў у сталіцы.

Выбар насамрэч не самы відавочны, бо ўтрымацца ў Рыме на адной сіле немагчыма, патрэбны палітык, які будзе балансаваць паміж рознымі групоўкамі ў Сенаце і народам Рыма. 

Даміцыян адчувае сябе ў рымскай палітыцы як рыба ў вадзе. Ягонае красамоўства і хітрасць не раз паслужылі дынастыі Флавіяў. Кадр серыяла

Ціт статны воін, валадарны і літасцівы, а ягоны брат поўная супрацьлегласць яго — выкрутлівы, хітры і помслівы. Але ў Ціта ёсць недахопы — ён занадта спадзяецца на вернасць сваіх легіёнаў і занадта кахае іўдзейскую царыцу Берэніку (Лара Вульф), праўнучку Ірада Вялікага, якую ён прывёз у Рым як трафей.

Іўдзейская царыца Берэніка жадае вызваліць свой народ, які прыгналі ў Рым будаваць амфітэатр Флавіяў. Кадр з серыяла

Гэтая сувязь з іўдзейкай вельмі раздражняе высакародных рымскім патрыцыяў, якія і так лічаць род Веспасіяна, чый бацька быў звычайным паганятым мулаў, нявартым гонару займаць прастол, а цяпер яшчэ і ягоны сын грэбуе рымлянкамі дзеля іншаземкі — многія прыгадваюць Клеапатру, якая адурманіла розум Марка Антонія.

Палітык-інтрыган Даміцыян і велікадушны ваяка Ціт — поўныя супрацьлегласці. Кадр серыяла

Велізарны горад патрабуе хлеба і відовішчаў, вельмі шмат хлеба і відовішчаў. І калі чагосьці з гэтага няма, то пачынаюцца бунты. Даміцыян жа здольны хутчэй спыніць гэтыя натоўпы, чым жалезны кулак брата Ціта. Але ягоная запальчывасць і жорсткасць могуць прывесці і да краху дынастыі.

Каб умацаваць пазіцыі Флавіяў у Вечным горадзе, Веспасіян узводзіць велічны амфітэатр на месцы Залатога дома тырана Нерона, дзе будуць праводзіцца баі гладыятараў. Узводзіць яго для народа, каб перахапіць уплыў у чатырох патрыцыянскіх фракцый Вялікага цырка, якія нечувана разбагацелі на гонках на калясніцах (часта дамоўных).

Прадстаўнікам старых патрыцыянскіх родаў, як Марс і Антонія Сервіліі, мала кантраляваць гульні і ўсё ў горадзе. Кадр з серыяла.

Найбольш амбіцыйныя прадстаўнікі фракцый, як то сенатар Марс (Руперт Пенры-Джонс) і ягоная жонка Антонія Сервілія (Габрыэла Песіён) з «сіняй» фракцыі, мараць самі сесці на сталец Рыма замест бязродных Флавіяў.

Калізей будуюць прыгнаныя ў палон іўдзеі з разбуранага Ерусаліма, якіх спрабуе праз Ціта вызваліць Берэніка. Але не ўсе іўдзеі задаволены, што іхняя царыца рассоўвае ногі перад заваёўнікам-рымлянінам. 

Стаць рабом у імперыі лёгка, а вызваліцца амаль немагчыма. Але ў нумідыйскай гандляркі Калы ёсць план, як выратаваць дзяцей. Кадр з серыяла.

На іншым канцы імперыі, у афрыканскай Нумідыі, дзве дачкі гандляркі Калы (Сара Марцінс) трапляюць у рымскае рабства праз спробу абараніцца ад легіянера. Іхні брат Квамэ (Маэ Хашым), які палюе на дзікіх жывёл для рымскіх відовішчаў, спрабуючы іх выратаваць, сам трапляе ў рабства. Але яму ўдаецца даказаць, што замест пагібельных рудняў яго лепш зрабіць гладыятарам на пацеху рымскага плебсу.

Кала едзе за дзецьмі ў Рым, каб вызваліць іх з рабства, але гэта не так проста, нават калі ты маеш грошы. Квамэ трапляе ў школу гладыятараў, дзе адразу выклікае непрыязнасць у Даміцыяна, які можа вырашаць, супраць каго той будзе змагацца і ці пашкадуюць яго на арэне. 

Скорп — найлепшы гоншчык Рыма. Гонкі на калясніцах важны элемент палітычнай барацьбы. Кампазіцыя і асвятленне кадра як на карцінах эпохі рамантызму. Кадр з серыяла.

На сваім шляху Кала сустракаецца з Тэнаксам, якога іграе яшчэ адна зорка Іван Рэан, вядомы па тэлесерыялах «Адкіды» і «Гульня тронаў». Тэнакс трымае кантору, дзе гледачы робяць стаўкі на гонках, і жадае разбурыць сістэму чатырох фракцый патрыцыяў, стварыўшы сваю ўласную. У гэтай справе ён спадзяецца на сваю прыроджаную вынаходлівасць, добрае веданне чужых заган і сябра Скорпа (Дымітры Леанідас), спісанага з рэальнай гістарычнай асобы найлепшага гоншчыка Рыма.

Для гладыятарскіх баёў набіраюць самых моцных рабоў з усёй імперыі. Для кагосьці гэта шлях да свабоды, для іншых — смерць. Кадр з серыяла. 

Валявая і разумная Кала можа стаць неблагой памочніцай у гэтай справе, але аднаго гэтага ў Вечным горадзе мала — трэба адшукаць саюзнікаў на самым версе, якім таксама замінае манаполія фракцый. У мінуўшчыне Тэнакса багата цёмных таямніц, якія могуць паставіць усіх саўдзельнікаў пад пагрозу.

Тэнакс, ролю якога выканаў Іван Рэан, трымае паспяховы бізнэс ставак на гонках і на баях, але хоча большага — кінуць выклік рымскім патрыцыям. Кадр з серыяла. 

Кожная серыя распачынаецца з прыгожай застаўкі: бліскучы Рым з белага мармуру залівае мора крыві пад эпічную музыку вядомага музыкі Woodkid. І сапраўды, крыві пральецца нямала.

Дарэчы застаўка вельмі падобная да застаўкі першага сезона «Дома Цмока», дзе кроў цячэ па макеце старой Валірыі. Увогуле пры праглядзе цяжка ўстрымацца ад параўнання з прыквелам культавай «Гульні тронаў». 

Веспасіян з сынам Даміцыянам на гульнях у цырку. Знята неверагодна прыгожа. Кадр з серыяла. 

Тут таксама шмат фізічнага гвалту, інтрыг і сэксуальнай распусты, а персанажы куды больш складаныя і неадназначныя, чым спачатку падаецца. «Асуджаныя на славу» гэтак жа няспешна знаёміць гледача з рэаліямі Рыма, складанымі ўзаемаадносінамі паміж рознымі персанажамі, каб эпічна выстраліць у самым канцы — шчыльнасць, значнасць і яскравасць падзей сапраўды ўражвае.

Ці можна купіць усё за золата, ці ёсць нешта вышэй за гэта? Хто застанецца ў жывых, а хто страціць усё да апошняга? Шоуранеры лоўка гуляюць з чаканнямі гледачоў, пакідаючы адказы на дэсерт. 

Вялікі цырк у Рыме, дзе праходзяць гонкі на калясніцах. Кадр з серыяла

Серыял атрымаўся вельмі сакавітым візуальна, з надзвычай разнастайнымі і багатымі дэкарацыямі, начыннем і касцюмамі, якія дазваляюць пагрузіцца ў свет імперскага Рыма і паверыць у яго сапраўднасць. Неверагодная раскоша Палаціна, дамоў патрыцыяў, храмаў і грамадскіх пабудоў кантрастуе з крымінальнымі раёнамі рымскай беднаты і цеснымі пакоямі ў рымскіх шматпавярховіках — інсулах.

Багацце інтэр'ераў палацаў і грамадскіх будынкаў Рыма кантрастуе з убогасцю жыцця большасці гараджан. Кадр з серыяла

Узноўленыя краявіды Рыма, якія сёння можна пабачыць толькі ў слабапазнавальных руінах, акрамя амфітэатра Флавіяў, вакол узвядзення якога разыгрываецца драма ў серыяле, даюць цудоўнае ўяўленне пра маштабы і веліч горада ў старажытнасці. Адыграе сваю ролю ў серыяле і вывяржэнне Везувія, якое выпала на часы Флавіяў і знішчыла рымскія гарады Пампеі і Геркуланум.

Усё гэта сапраўдны падарунак усім, хто як і я, па некалькі разоў на дзень думае пра Рымскую імперыю.

Гледзячы на Рым і дамы рымлян, як багатых, так і бедных, у серыяле, верыш, што тут сапраўды жывуць людзі. Кадр з серыяла

Натурныя дэкарацыя ў серыяле атрымаліся больш пераканаўчымі за камп’ютарную графіку — месцамі прыдзірліваму гледачу яна можа паказацца маральна састарэлай, што, праўда, не надта змяншае мастацкую вартасць серыяла.

У «Асуджаных на славу» нямала гістарычных дапушчэнняў вакол цьмяных месцаў у біяграфіях Флавіяў, якія вы можаце прачытаць у Вікіпедыі, але гэта мастацкі твор, а не гістарычная рэканструкцыя, і гэтыя дапушчэнні робяць гісторыю непрадказальнай да апошняга. 

Каб атрымаць больш улады, давядзецца ісці на незвычайныя саюзы. Кадр з серыяла

Акцёрская ігра для, здавалася б, шараговага гістарычнага серыяла на высокім узроўні. Каст надзвычай удалы, акцёры добра і праўдзіва ўвасабляюцца ў свае ролі. Можа быць толькі паміж візуальнымі вобразамі братоў Ціта і Даміцыяна адрозненне было пададзена занадта гратэскна, каб паказаць іхнюю сутнасць.

А вось Энтані Хопкінс у ролі імператара, італьянская актрыса Габрыэла Песіён, якая выканала ролю рудавалосай рымскай матроны, і актрыса іранскага паходжання Лара Вульф, якая выканала ролю іўдзейскай царыцы, быццам выйшлі са старонак падручнікаў, раннехрысціянскіх крыніц і гістарычных карцін сэра Лоўрэнса Альма-Тадэмы. Немалую ролю ў глыбіні прапрацоўкі вобразаў аказалі мастакі па касцюмах і грыме — іхняя праца дакладна чакае ўзнагарод.

У расійскай лакалізацыі ўсе гомасэксуальныя сцэны выразаны з серыяла, што не дазваляе зразумець матывы персанажаў і іхнія ўзаемаадносіны. Кадр з серыяла

Адзіная парада тым, хто захоча паглядзець серыял: калі ёсць магчымасць, глядзіце яго не на расійскіх стрымінгавых платформах — праз дзеянне закона аб «ЛГБТ-прапагандзе» для адчувальнага расійскага гледача з серыяла павыразалі ўсе гомасэксуальныя сцэны. Без іх многія дзеянні персанажаў серыяла губляюць усялякі сэнс, а цэльнасць апавядання парушаецца: у адной сцэне Даміцыян шукае па палацы свайго слугу, прыгожага маладога грэка, а ўжо ў наступным кадры ягоныя салдаты пераразаюць горла нейкаму голаму мужыку, якога мы ўпершыню бачым — што адбылося ніхто не тлумачыць.

«Асуджаныя на славу» сапраўднае візуальнае відовішча. Кадр з серыяла

Гэты раскошны пеплум аб’ядноўвае ў сабе спартыўную драму і палітычны трылер, прыпраўленыя меладраматычнымі сюжэтамі і гісторыямі моцных жанчын. Гэта насычанае, яскравае, месцамі крывавае і непрыемнае відовішча таго ж кшталту, што і відовішчы, якімі Рым забаўляе свой народ. Мясцовая лакалізацыя серыяла, «Асуджаныя на славу», не зусім адпавядае арыгінальнай назве, але адпавядае таму поспеху, які серыял можа займець гэтым летам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Янка Філістовіч
    31.07.2024
    Толькі не Марка Аўрэлія (імператара-філёзафа) адурманіла Клеапатра, а Марка Антонія, які імператарм не быў
  • Плебей
    31.07.2024
    Римлянин, там ёсць момант дзе ён дае сыну панюхаць грошы))))
  • Индеец
    31.07.2024
    [Рэд. выдалена]

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →