Пушыстыя VIP-кліенты. Як у Бараўлянах стварылі цырульню для хатніх жывёл
Сёння адзначаецца Сусветны дзень хатніх жывёл. Журналісты «Прысталічча» сустрэліся з Ірынай Хандуратавай, якая стварыла зоацырульню ў Бараўлянах, каб даведацца, навошта запісваць жывёл да стаматолага, на манікюр і стрыжку.
Паводле адукацыі Ірына — стаматолаг, і яна працуе па спецыяльнасці. Аднак жанчына не ўяўляе жыцця без жывёл, таму яна мела надзею адкрыць для іх нейкае спецыялізаванае месца.
— Я заўсёды марыла пра працу, куды можна было б браць сваіх гадаванцаў з сабой. У нас жа ў бальніцах усё максімальна стэрыльна, нават пярсцёнкі нельга насіць, пра якіх ужо сабак і можа ісці гаворка, — з усмешкай расказвае суразмоўца.
Назва «Вясёлы аслюк» таксама з'явілася не выпадкова, яна адсылаецца да Бібліі. Як усе памятаюць, Ісус уехаў у Іерусалім якраз на асле, і гэта жывёла ў цэлым асацыюецца з дабрынёй і ўпартасцю.
Як часта трэба рабіць стрыжку і абразаць кіпцюры?
Самыя частыя наведвальнікі гэтага месца — ёркі, мальтэзэ, шпіц і коргі. Не радзей прыводзяць котак, аднак Ірына катэгарычна супраць іх стрыжкі: «Стрыжэм толькі тых, у каго каўтуны, якія ўжо немагчыма вычысціць. А проста так пастрыгчы ката — гэта жорсткасць. У іх парушаецца тэрмарэгуляцыя, і жывёла мерзне».
З сабакамі трохі іншая гісторыя. Напрыклад, ёркі або тыя ж мальтэзэ абрастаюць і не ліняюць, таму ў гарачую пару года трэба абразаць поўсць, каб жывёле было камфортна. Таксама для дробных парод важна вычышчаць каўтуны, якія ўтвараюцца самі па сабе і ад адзення, якое сабака носіць у халодны час года.
— Прыводзіць сабак на стрыжку трэба кожныя 2-3 месяцы, пры гэтым неабходна вычышчаць поўсць дома. Каўтуны не толькі прыносяць дыскамфорт, але і могуць стаць прычынай скурных захворванняў, — кажа Ірына.
Для Ірыны чысціня і догляд сабакі — гэта не проста эстэтыка, а паказчык клопату, свайго роду візітоўка.
Важна, каб у жывёлы былі чыстыя вушы, падстрыжаныя кіпцюры, выдаленыя зубныя адклады. Дарэчы, рэгулярная стрыжка кіпцюроў (кожныя тры тыдні) — гэта неабходнасць, якая прадухіляе праблемы з паставай і хадой сабакі. Доўгія кіпцюры прымушаюць жывёлу хадзіць не на падушачках, як трэба, а менавіта на кіпцях, што прыводзіць да перакосу хрыбетніка і болевых адчуванняў.
— Для мяне значна важней, каб жывёла была добра вычышчана, вымыта і адчувала сябе камфортна, чым слепа прытрымлівацца моды і рабіць выставачную стрыжку.
Дарэчы, да Новага года заўсёды назіраецца прыток наведвальнікаў. Як высветлілася, не толькі людзі прыбіраюцца і ўпрыгожваюцца напярэдадні свята, але і іх чатырохногія сябры!
Каментары