Кіно1616

Год фантастычных серыялаў: Дом Цмока, Пярсцёнкі ўлады, Дзюна

Другая палова 2024 года абяцае быць насычанай на якасныя серыялы ў самых вядомых фантастычных сусветах. «Наша Ніва» паглядзела чаго чакаць ад найбольш гучных серыяльных прэм’ер гэтага года.

Нас чакаюць як працягі серыялаў «Дом Цмока» і «Валадар пярсцёнкаў: Пярсцёнкі ўлады», першыя сезоны якіх выйшлі ў 2022 годзе, так і абсалютна новы серыял «Дзюна: Прароцтва», які стане прыквелам да кінатрылогіі Дэні Вільнёва. Па ўсіх трох карцінах выйшлі першыя трэйлеры, якія праліваюць трохі святла на тое, што мы пабачым ужо вельмі хутка. 

Дом Цмока. 2-і сезон

«Наперадзе вайна, якую мы можам прайграць».

Рэйніра гатовая помсціць за свайго сына. Кадр з трэйлера.

Першым мы пабачым другі сезон серыяла «Дом Цмока» (House of the Dragon) ад HBO, прэм’ера якога адбудзецца ўжо ў наступным месяцы — 16 чэрвеня. Серыял, зняты па творах Джорджа Марціна, з’яўляецца прыквелам да «Гульні тронаў», з якім, праўда, звязаны даволі ўмоўна — паміж падзеямі дзвюх карцін пралягаюць дзве сотні гадоў.

Першы сезон меў грандыёзны поспех сярод гледачоў, якія засумавалі па Вестэросе пасля выхаду восьмага, апошняга сезона «Гульні тронаў» у 2019 годзе.

Але ягоны поспех тлумачыўся не толькі мільёнамі фанатаў арыгінальнага серыяла па ўсім свеце, але сапраўды выдатнай працай, якую зрабілі рэжысёр, сцэнарысты і адказныя за візуальны складнік спецыялісты. Дыялогі персанажаў, сюжэтныя акцэнты і гульня акцёраў былі вартыя найвышэйшай пахвалы.

Многім заўзятым фанатам арыгінальнага серыяла «Дом Цмока» якраз не вельмі спадабаўся — разбэшчаныя маштабам і разнастайнасцю «Гульні тронаў», яны не ацанілі камернасці першага сезона прыквела, дзе аж да апошніх серый усе падзеі адбываліся ўсяго ў пары мясцін вакол прывязаных да іх прадстаўнікоў кіруючай дынастыі Таргарыенаў.

Каралева Рэйніра — лідарка партыі «чорных». Кадр з трэйлера.

Доўгая завязка распавядала пра тое, як узнік канфлікт унутры дынастыі, якую матывацыю мелі героі і якія акалічнасці вымусілі іх выбраць пэўны бок у будучай грамадзянскай вайне, так званым «Танцы Цмокаў», які пагрузіць Сем каралеўстваў у крывавы хаос феадальнай барацьбы. Гэты канфлікт абяцае стаць не менш відовішчным за Вайну пяці каралеў з «Гульні тронаў» — прынамсі тут у разы больш цмокаў!

«Танец Цмокаў» — гэта канфлікт, які разгарэўся пасля смерці Візэрыса I Таргарыена, калі ягоная першародная дачка і законная спадчынніца Рэйніра Таргарыен (ролю выканала Эма Д’Арсі), падтрыманая партыяй «чорных», і ягоны сын ад другога шлюбу, Эйган Таргарыен (Том Глін-Карні), падтрыманы партыяй «зялёных», адначасова заявілі свае правы на Жалезны трон.

Дэйман Таргарыен. Кадр з трэйлера.

У фінале першага сезона курок вайны спускае сляпы выпадак — раз’юшаны велізарны цмок Эйманда (Юэн Мітчэл), брата каранаванага Эйгана, перастаў яго слухацца і зжор Люцэрыса Веларыяна, сына Рэйніры.

Трэйлер да другога сезона з ходу пагружае ў гушчу падзей. Калі першая частка акцэнтавалася на выбары рашэнняў, то другая, відавочна, больш сканцэнтруецца на эпічных батальных сцэнах. 

Нам паказалі, як «чорныя» на чале з Дэйманам Таргарыенам (Мэт Сміт), мужам і дзядзькам Рэйніры, плануюць адпомсціць забойцам з іншай партыі.

Дэйман прапануе Рэйніс вырашыць канфлікт хутка. Кадр з трэйлера.

Дэйман прапануе Рэйніс Таргарыен (Іў Бэст), жонцы лорда Веларыяна і бабцы забітага Люцэрыса, пайсці з ім на Каралеўскую Гавань, у якой засеў узурпатар — абое дасведчаныя наезнікі на цмоках і маглі б хутка скончыць канфлікт. Пацвярджае свой удзел на баку Рэйніры і сам лорд Корліс Веларыян (Стыў Тусэн), які валодае магутным флотам. Але вырашыць канфлікт хутка, вядома, не атрымаецца: 

— Вайну варта скончыць!
— Ты не жадаеш нам перамогі?
— Не такім коштам!

Самаабвешчаны кароль Эйган — лідар партыі «зялёных». Кадр з трэйлера.

«Зялёныя», якія атрымалі сваю назву ад гербавых колераў Хайтаўэраў, роднага дома каралевы-кансорта Алісенты (Алівія Кук), маці пасаджанага на трон Эйгана, плануюць абарону сталіцы і склікаюць войскі сваіх прыхільнікаў. 

У першым сезоне паказалі складаныя стасункі паміж Рэйнірай і Алісентай, колішніх сябровак, якіх пасварылі дынастычныя гульні пры двары — кожная з гэтых жанчын у першую чаргу хацела абараніць сваю сям’ю і дзейнічала як маці, не жадаючы насамрэч зла іншай. 

Пераляканая каралева-маці Алісента з дому Хайтаўэр. Кадр з трэйлера.

Менавіта праявы гэтай сентыментальнасці Алісенты да праціўніка і ейнае разуменне, што ў адкрытым супрацьстаянні не выйграе ніхто з бакоў, выводзяць з сябе капрызнага Эйгана, які жадае помсты. За што — даведаемся ўжо ў другой серыі, мяркуючы па яе назве.

З той жа прычыны, відаць, нязгодны з маці і высакамерны Эйманд, чыя пыха і прывяла да адкрытага процістаяння. Магчыма, сыны Алісенты паспрабуюць адсунуць сваякоў маці ад прыняцця рашэнняў. 

«Ворага знешняга можа перамагчы клінком, вораг унутры куды больш падступны».

Адказ на пытанне, хто галоўны ў сям'і Таргарыенаў, не заўсёды відавочны. Кадр з трэйлера.

Вайны хоча і Дэйман, які заўсёды меў непамерныя амбіцыі і цяпер бачыць сябе сапраўдным каралём, а не нейкім кансортам пры троне Рэйніры. На прамое пытанне сваёй жонкі, ці прызнае ён яе сваёй каралевай і валадаркай, Дэйман красамоўна маўчыць. Так нам намякаюць, што канфлікт існуе не толькі паміж партыямі, але і ўнутры партый.

Таргарыен на цмоку. Кадр з трэйлера.

У трэйлеры шмат кадраў супрацьстаяння як на зямлі, так і ў паветры. На кадрах можна заўважыць велізарныя арміі і мноства сцягоў дамоў Вестэроса, у тым ліку Ланістэраў, з якімі нас пазнаёмілі раней.

Не менш і велічных цмокаў, якія б адначасна перавесілі чашы вагаў у канфлікце, калі б канфлікт пралёг не паміж членамі аднаго дому, усе члены якога з’яўляюцца выдатнымі наезнікамі на цмоках. 

«Таргарыен, які сядзіць на Жалезным троне, гэта не толькі кароль ці каралева — гэта абаронца ўсёй дзяржавы».

Прынц Джэкейрыс Таргарыен з лордам Вінтэрфела на Сцяне. Кадр з трэйлера.

У новым сезоне нам пакажуць і Сцяну, якая аддзяляе каралеўствы ад дзікай поўначы, адкуль, як мы ведаем з «Гульні тронаў», можа прыйсці пагроза, страшнейшая за орды дзікуноў. На Сцяне з’явіцца першынец Рэйніры, якога яна паслала заручыцца падтрымкай дому Старкаў.

У кнізе сустрэча Джэкейрыса (Гары Колет) з грозным лордам адбывалася ў Вінтэрфеле, але стваральнікам серыяла хочацца шчыльней звязаць яго з «Гульнёй тронаў» праз знакамітае прароцтва і белых хадакоў — прамыя адсылкі да іх з’яўляліся і ў першым сезоне. 

Флот дому Веларыянаў. Кадр з трэйлера.

Яшчэ адна відавочная адсылка да арыгінальнага серыяла — тры яйкі цмока ў агні. Відаць, гэта тыя ж яйкі, якія пасля на вяселле з кханам Дрога атрымае Дэйнерыс Таргарыен, а ў другім сезоне «Дома Цмока» нам пакажуць, як менавіта яны былі вывезены з Вестэроса ў далёкі Асшай. 

Яйкі цмока ў агні. Кадр з трэйлера.

Нягледзячы на ўсю гэтую магутнасць і веліч дому Таргарыенаў, у другім сезоне мы па сутнасці ўбачым пачатак ягонага канца, заход эры цмокаў у свеце Сямі каралеўстваў.

Будзем спадзявацца, што стваральнікі серыяла змогуць захаваць тую глыбіню драмы, якую задалі ў першым сезоне, а не прамяняюць яе на спецэфекты і іншую пошласць дзеля задавальнення масавага гледача.

Валадар пярсцёнкаў: Пярсцёнкі ўлады. 2-і сезон

«Цемра звяжа іх»

Галадрыель не ведае спакою, пакуль па Серадзем'і ступае нага заклятага ворага. Кадр з трэйлера.

Галоўным канкурэнтам «Дома Цмока», як і два гады таму, стане серыял «Валадар пярсцёнкаў: Пярсцёнкі ўлады» (The Lord of the Rings: The Rings of Power). Трэйлеры новых сезонаў гэтых серыялаў выйшлі з розніцай у некалькі гадзін.

У адзін час выйшлі і серыялы ў 2022 годзе. Гледачы маглі непасрэдна параўноўваць дзве карціны, і параўнанне было не на карысць адаптацыі твораў Толкіна ад Amazon.

Нягледзячы на свой непамерна велізарны бюджэт, у «Пярсцёнках улады» не было ні захапляльнага сюжэту, ні глыбокіх дыялогаў, ні пераканаўчай гульні акцёраў. Візуальны складнік, які таксама месцамі можна раскрытыкаваць за празмерную глянцаваць, і вядомы ўсім чароўны свет Толкіна з цяжкасцю выцягвалі серыял.

Другі сезон мусіць стаць яшчэ адным шанцам для серыяла, які першапачаткова стваралі з разлікам на цэлых пяць сезонаў.

У першым сезоне нам паказалі свет Серадзем'я праз шмат гадоў пасля падзення цёмнага валадара Моргата, які кінуў выклік іншым — Валар і самому Ілуватару. Аднак правая рука Моргата, Саўран, пазбег гібелі, збег і надоўга затаіўся.

Саўран у Мордары. Кадр з трэйлера. 

Гэта не давала спакою Галадрыелі (у выкананні Морвед Кларк), якая мела асабістыя рахункі з Саўранам. Пасля безвыніковых вышукаў яна амаль страчвае надзею, але ў апошні момант вяртаецца да пошукаў. Воляй лёсу з незнаёмцам Халбрандам (Чарлі Вікерс) яна трапляе на востраў Нуменар, наймагутнейшае каралеўства людзей. Яны прыводзяць найбольш годных нуменорцаў у паўднёвыя землі, дзе становяцца сведкамі ператварэння гэтай зямлі ў бясплодны Мордар, населены оркамі. 

Халбранд, які прыбыў у эльфійскае царства з Галадрыель, наводзіць найвялікшага каваля Келебрымбара (Чарльз Эдвардс) на ідэю стварыць з металу мітрылу пярсцёнкі, якія запаволяць заняпад іхніх земляў. 

Але Халбранд аказваецца няпростым чалавекам — гэта ўсяго толькі адно з абліччаў Саўрана. Адштурхнуты Галадрыель, ён вяртаецца да межаў Мордара. 

Менавіта з заключных кадраў першага сезона, дзе Саўран глядзіць на сваё будучае каралеўства, схаванае ад прамянёў сонца абуджаным вулканам Арадруінам, пачынаецца трэйлер новага сезона.

Эльфійскія пярсцёнкі ўлады. Кадр з трэйлера.

Тры эльфійскія пярсцёнкі атрымалі Гіль-галад (Бэнджамін Уокер), Галадрыель і найстарэйшы эльф Серадзем'я — Кірдан Карабел, якога абяцаюць нарэшце паказаць у новым сезоне. Мы бачым, што пад іх уплывам чорная гніль адступае з эльфійскіх лясоў і дрэвы зноў пачынаюць квітнець. Здаецца, Саўран хоць у гэтым не падмануў эльфаў… але што тады за чорны клубок паўзе сярод камянёў?

Кароль гномаў Дурын III з пярсцёнкам. Кадр з трэйлера.

Гномы, відаць, таксама атрымалі свае сем пярсцёнкаў улады. Прынамсі незвычайнай прыгажосці пярсцёнак трымае ў руках кароль Дурын III (Пітэр Малан). Ягоны сын, прынц Дурын (Оўайн Артур) у Морыі распавядае пра абуджэнне старажытнага і магутнага зла. Разбурэнні ў каралеўстве гномаў наўрад ці звязаныя з наступам оркаў, яны хутчэй рыфмуюцца з тым, як праяўляў сябе ў кінатрылогіі Пітэра Джэксана пякельны балраг, якога гномы абудзілі, здабываючы мітрыл.

Фігура ў вогненным ззянні, падобным да вока Саўрана з кінатрылогіі Джэксана. Кадр з трэйлера.

Нам паказваюць і майстра Келебрымбара, аслепленага фігурай у вогненным ззянні — вельмі падобным да таго візуальнага вобразу Саўрана, які выкарыстоўваўся ў кінатрылогіях «Валадар пярсцёнкаў» і «Хобіт».

«Увесь гэты час ён быў сярод нас!»

Келебрымбар кідае пярсцёнкі ў агонь. Кадр з трэйлера.

Паводле кніг, Саўран прыйшоў да эльфаў Эрэгіяна пад прывабным абліччам Анатара, «валадара дароў», пасланніка Валар. Ён навучыў эльфаў мастацтву і магіі, і пад яго кіраўніцтвам эльфійскія кавалі стварылі Пярсцёнкі ўлады.

Анатар з’яўляецца ў трэйлеры са знаёмым тварам Халбранда-Саўрана. І хоць яго, відаць, ніхто не пазнае, незразумела, як сцэнарысты мусяць патлумачыць гледачам тое, што мудрыя эльфы двойчы купіліся на адзін і той жа трук з «данайцам, які прыносіць дары». 

«Ён пранікае ў наш розум, захопліваючы свядомасць…».

Саўран у абліччы Анатара, выкрыты эльфамі. Кадр з трэйлера.

Відаць, у нейкі момант эльфы ўсё ж выкрываюць Саўрана, бо мы бачым яго ў акружэнні настаўленых на яго мячоў, няздольных яго спыніць. Перамазаны і паранены Келебрымбар кідае ў агонь цэлы россып пярсцёнкаў — магчыма, даведаўшыся праўду пра замыслы Анатара, ён спрабуе знішчыць дзевяць людскіх пярсцёнкаў, якія мусяць падпарадкаваць гэты народ волі Саўрана і ператварыць яго валадароў у назгулаў.

Усё гэта адбываецца ў момант, калі войска оркаў бярэ ў аблогу горад Ост-ін-Эдыль, сталіцу Эрэгіяна — гэтая падзея пакладзе пачатак васьмігадовай вайне, якая стане, відаць, асновай для наступных сезонаў «Пярсцёнкаў улады».

Аблога Ост-ін-Эдыля, сталіцы Эрэгіяна. Кадр з трэйлера.
Элранд на чале войска. Кадр з трэйлера.

Чым будуць занятыя астатнія персанажы, зразумець досыць цяжка. Калі Элранд (Роберт Арамая) з’яўляецца на чале войска, то Галадрыель, Гандальф, цемнаскуры эльф Арандзір (Ісмаэль Крус Кордава) і Ісільдур (Максім Болдры), якога зарана пахавалі ў папярэднім сезоне, змагаюцца супраць ворагаў невядома дзе. Высоўваюцца розныя здагадкі пра тое, якія мясціны з сусвету Толкіна нам пакажуць: могільнікі з жывымі мерцвякамі, логава павучыхі Шэлаб, пустыню ў землях Рун і інш.

Каралеўскі палац у сталіцы Нуменора. Кадр з трэйлера.
Нуменорскі саветнік Фаразон і вялікі арол. Кадр з трэйлера.

Туманная і гісторыя вакол Нуменора: аслепленая дачка спачылага караля Мірыэль (Сінція Адай-Робінсан) патанае ў сваіх відзежах пра гібель радзімы, а саветнік-інтрыган Фаразон (Трыстан Гравель) з мячом у руках ці то заклікае да чагосьці нуменорцаў, ці то гатовы абараняцца ад іх.

А вось хобітаў не паказалі зусім. Магчыма ад гэтай не вельмі папулярнай галіны сюжэту адмовіліся, хоць у канцы мінулага сезона Норы выправілася на ўсход разам з Гандальфам.

Цемнаскуры эльф Арандзір разам з Ісільдурам. Кадр з трэйлера.

Завяршаецца трэйлер кадрамі са злавеснай крэпасцю, цёмная магія ад якой у адзін момант ператварае ўрадлівую даліну ў замерзлую мёртвую пустку. Тут меркаванні фанатаў падзяліліся. Калі гэта не ўспамін з мінулага, то найхутчэй нам паказалі крэпасць Барад-дур, будучы прыстанак Саўрана ў Мордары, над якой у кінатрылогіі гарэла вогненнае Вока.

Але мароз, трэскат якога чутны ў трэйлеры, наводзіць і на думкі пра крэпасць Карн Дум, сталіцу заснаванага цёмнымі нуменорцамі каралеўства Ангмар на поўначы Серадзем'я. З яе ў будучыні будзе кіраваць Кароль-вядзьмар, наймагутнейшы з назгулаў, які атрымае старэйшы з людскіх пярсцёнкаў улады.

Барад-дур у Мордары ці Карн Дум у Ангмары — пакуль яснасці няма. Кадр з трэйлера.

Пасля адчувальнага правалу першага сезона вялікая доля гледачоў настроена супраць працягу серыяла загадзя скептычна, бо ранейшыя памылкі наўрад ці чамусьці навучылі шоўранераў. Але адну хібу яны ўсё ж выправілі. 

З улікам жудаснай статыстыкі, калі першы сезон да канца даглядзела толькі палова гледачоў, рацыянальным выглядае рашэнне развесці прэм’еру другога сезона «Пярсцёнкаў улады» з прэм’ерай другога сезона «Дома Цмокаў» па часе. 

Працяг гісторыі процістаяння народаў Серадзем'я ордам оркаў і Саўрану мы пабачым у апошнія дні лета — першая серыя выйдзе 29 жніўня. 

Дзюна: Прароцтва

Эмілі Уотсан у ролі вялебнай маці Валі Харконен. Постар да серыяла.

«Сястрынства па-над усім!»

Апошняя значная прэм’ера ў жанры фантастыкі адбудзецца ў канцы года. З’яўленне гэтай стужкі не было б магчымым без каласальнага поспеху першых фільмаў з кінатрылогіі «Дзюна» ад рэжысёра Дэні Вільнёва.

Як і серыялы, пра якія мы распавялі вышэй, «Дзюна: Прароцтва» (Dune: Prophecy) ад HBO з’яўляецца прыквелам і грунтуецца на літаратурнай аснове — рамане «Ордэн сясцёр Дзюны», напісаным Браянам Гербетам, старэйшым сынам аўтара арыгінальнай серыі раманаў, і Кевінам Джэем Андэрсанам. Кніга свежая — яна пабачыла свет толькі ў 2012 годзе. 

Падзеі серыяла адбываюцца за 10 000 гадоў да жыцця Пола Атрэйдэса. Гэта час, калі чалавецтва атрымала канчатковую перамогу над разумнымі машынамі ў так званым «Батлерыянскім джыхадзе». Без машын галактыка пагрузілася ў тэхналагічнае сярэднявечча, кампенсаваць якое мусяць арганізацыі, якія даследуюць і пашыраюць межы чалавечых магчымасцей.

З новага серыяла, магчыма, мы даведаемся больш пра сусвет Дзюны, у тым ліку пра спецыфіку міжзорных пералётаў і значэнне ў іх спайсу, які здабываюць на Аракісе. Кадр з трэйлера.

Мяркуючы па літаратурнай першакрыніцы, у якой распавядаецца пра станаўленне ордэна сясцёр Бэнэ Гэсэрыт, Сукскай школы, Касмічнай гільдыі і з'яўленне ментатаў — людзей-камп’ютараў, серыял стане свайго роду «тлумачальнай брыгадай» для тых, хто не знаёмы з раманамі Гербета і нічога не зразумеў пра сусвет Дзюны з фільмаў Вільнёва.

У кінаадаптацыі сапраўды не знайшлося месца для таго, каб патлумачыць тыя ці іншыя аспекты жыцця галактыкі далёкай будучыні і прычыны, якія да гэтага прывялі. 

Мы даведаемся пра жыццё ордэна знутры і тыя выпрабаванні, праз якія праходзяць сёстры. Кадр з трэйлера.

«Мы гуляем у Бога, і за гэта нас асудзяць»

Галоўнымі гераінямі стануць сёстры таемнага жаночага ордэна, якія трэніруюць свае цела і розум да з’яўлення звышздольнасцей, неадрозных ад магіі, і ставяць за галоўную мэту захаванне чалавецтва як віда.

Для дасягнення гэтай мэты яны праводзяць маштабную еўгенічную праграму, незаўважна замацоўваючы тыя ці іншыя гены. Вынікам іх праграмы мусіць стаць з’яўленне Квісаца Хадэраха — мужчыны, які будзе бачыць мінулае не толькі па жаночай лініі, як самі сёстры, але і па мужчынскай, і зможа прадказваць будучыню. Такім Квісацам Хадэрахам праз тысячагоддзі і стане Пол Атрэйдэс.

Сара-Сафі Бусніна ў ролі прынцэсы Інес. Кадр з трэйлера.

Для гэтага сёстры распаўсюджваюць сваю ўладу на вялікія і малыя дамы. Дзякуючы сваім здольнасцям яны становяцца незаменнымі дарадцамі, якія могуць адрозніць хлусню ад праўды.

Паколькі самі сёстры паходзяць з феадальных дамоў, то яшчэ адным рычагом уплыву становяцца дынастычныя шлюбы. Сёстры непасрэдна ўдзельнічаюць у еўгенічных праграмах, нараджаючы ці наадварот не нараджаючы дзяцей сваім мужам-лордам — як таго пажадае Вялебная маці. 

Шлюб з малалетнім спадчыннікам, арганізаваны, відаць, ордэнам сясцёр. Кадр з трэйлера.

Ордэн плануе амбіцыйны план — узвесці на імператарскі трон адну з сясцёр. Пра гэта ў трэйлеры адкрыта гаворыць настаяцельніца Валя Харконен, ролю якой выканала Эмілі Уотсан.

Калі вас рассмяшыла яе імя, то варта нагадаць, што свет — Дзюны гэта эклектычная антыўтопія, дзе перамяшаныя розныя імёны, гісторыі, культуры і вераванні.

Ордэн сясцёр — шэрыя кардыналы свету Дзюны. Кадр з трэйлера.

Калі Герберт пісаў свой раман у 1960-я гады — гэта быў час Халоднай вайны, таму аўтар вывеў галоўнага антаганіста, барона Харконена, з рускім імем Уладзімір. Дый само прозвішча Харконен, хоць і мае фінскае паходжанне, было выбрана аўтарам з тэлефоннага даведніка, бо яму падалося, што яно гучыць досыць «па-савецку».

Пахаванне адной з сясцёр. Кадр з трэйлера.

Так што з’яўленню рускіх імёнаў у прадстаўнікоў гэтага роду няма чаго дзівіцца: імя Валя цалкам можа быць адсылкай да першай жанчыны-касманаўткі Валянціны Церашковай, а імя яе сястры Тулы — да аднайменнага расійскага горада.

Зрэшты ў экранізацыі Вільнёва барона стараюцца зусім не называць ягоным рускім іменем, а слова «джыхад» з меркаванняў паліткарэтнасці замянілі на вайну, якой прагнуць «фундаменталісты».

Імператар Джавіка Карына з жонкай. Кадр з трэйлера.

Ролю імператара Джавіка Карына, які спрабуе ўтрымаць мір у галактыцы пасля вялікай вайны, сыграе Марк Стронг, вядомы па ролі ў фільмах серыі «Кінгсмэн», імператрыцы Наталлі — Джодзі Мэй, якая раней выканала ролю каралевы Калантэ ў серыяле «Вядзьмар». 

З’явіцца ў серыялы і прадстаўнік Атрэйдэсаў, але як пераплятуцца лёсы трох вялікіх дамоў, якімі як марыянеткамі жадае кіраваць ордэн сясцёр, цяжка прадказаць. Самога Аракіса, хутчэй за ўсё, у серыяле не будзе, але фрымэнаў нам пакажуць дакладна.

У апошніх кадрах трэйлера нам сімвалічна паказваюць Валю на імперскім троне, намякаючы на сапраўдную ўладу Бэнэ Гэсэрыт.

Валя Харконен на імперскім прастоле. Кадр з трэйлера.

«Дзюна» доўгі час лічылася творам, які немагчыма экранізаваць, магію гэтага «праклёну» разбурыў Вільнёў, але ці атрымаецца тое ж у шоўранераў серыяла — мы зможам даведацца толькі ў канцы гэтага года.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Пярсцёнкі ўлады
    30.05.2024
    Пярсцёнкі ўлады былі як глыток свежага паветра. Не ідэальныя, але на мой погляд, моцна недаацаненныя серыі, якія сталі ахвярай антыхайпу і хэйту з усіх бакоў.
  • Галя і дрэль
    30.05.2024
    А чаму Серадзем'е, а не Міжзем'е ? Хіба гэта не русізм?
  • Не экспект
    30.05.2024
    Не думаў, што пра Дзюна праўда, звычайна толькі абяцаюць спін-оф, а пасля лічаць грошы і... не здымаюць

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў пра працу на хіміі па 18 гадзін на дзень

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў пра працу на хіміі па 18 гадзін на дзень

Усе навіны →
Усе навіны

Настаўнікаў прымушаюць паведамляць, чым яны занятыя на «фортачках» 4

Максім Знак год правёў у адзіночнай камеры 

Былы кіраўнік СТБ Казакоў адрэагаваў на інтэрв'ю Лукшы3

Польскія дактары дасталі з беларуса кулю, якой у яго стралялі ў 2020 годзе1

Анджэліна Джолі сустракаецца з модным рэперам, маладзейшым за яе на дзевяць гадоў1

У Гродне абрабавалі амерыканцаў — скралі папулярны дарагі прэпарат6

Вось у якіх раёнах Мінска можа зноў пагоршаць якасць вады2

Успышка віруса Марбург можа перарасці ў новую пандэмію. Што гэта за хвароба?4

Чэргі з аўтобусаў на межах Беларусі зноў зніклі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў пра працу на хіміі па 18 гадзін на дзень

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў пра працу на хіміі па 18 гадзін на дзень

Галоўнае
Усе навіны →