Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром
Ужо не першы месяц па сеціве гуляе адзін збор: маўляў, брат і сястра збеглі з Беларусі ад рэжыму, а сястра яшчэ і нарадзіла ў Польшчы дзіця. Аказалася, аднак, што гэта ініцыятыва махляроў.
Інфармацыя пра гэты збор з’явілася ў сеціве некалькі месяцаў таму, а некаторыя карыстальнікі сцвярджаюць, што бачылі яго яшчэ ў мінулым годзе (у нас не атрымалася знайсці пацверджанняў). Па інстаграме разляцеўся тэкст, аўтар якога расказваў нібыта пра сябе і сястру, якія збеглі ў Польшчу ад палітычнага пераследу. Ім, мяркуючы па тэксце, патрабавалася дапамога:
«Сястра была вымушаная бегчы цяжарнай, цяпер нарадзіла ў Польшчы. Пасля шэрагу складаных аперацый нам неабходна аплаціць адразу некалькі рахункаў на агульную суму 21500 злотых (гэта 5000 еўра — НН). На цяперашні момант сабрана 16500 злотых. Мы гатовыя не проста прыняць дапамогу, але і гатовыя пазычыць грошы».
Далей у тэксце былі прапісаныя рэквізіты для пераводаў па польскай плацёжнай сістэме BLIK і нумар карткі.
9 лістапада гэтага года блогер @RicPiccolo апублікаваў у твітары пост, дзе расказаў падрабязней пра гэты збор — паводле яго слоў, за зборам стаяць махляры.
Блогер назваў імя чалавека, які стаіць за зборам — Арцём Таўстыка. Картку яму даў ягоны знаёмы Дзмітрый Казановіч.
Мы распыталі @RicPiccolo падрабязней пра тое, як ён пазнаёміўся з меркаванымі махлярамі. Кастусь (імя змененае) расказвае, што заўважыў збор пасля таго, як інфармацыю пра яго перапосціла ў інстаграме Аляксандра Герасіменя. Хутка збор пачалі распаўсюджваць і ў твітары, і Кастусь сам пісаў пра яго.
Пасля гэтага з ім звязаўся Арцём Таўстыка:
«Ён мне падзякаваў і сказаў, што збор ідзе вельмі цяжка. Потым я дапамог яму, дарэчы, на нармальныя грошы. Ёсць людзі, якія заданацілі гэтаму чалавеку больш за тысячу злотых, я сам яму заданаціў амаль што тысячу (каля 230 еўра — НН). Чалавек цісне на шкадаванне — маўляў, людзі прыехалі пасля пераследу ў Беларусі, маюць праблемы пасля таго, як ужо ў Польшчы ў іх сям’і нарадзілася дзіця. То-бок я трошкі трапіў у эмацыйную пастку.
Потым я заўважыў, што чалавек скідае фальшывыя фіскальныя дакументы. Тады я пачаў пытацца ў знаёмых, ці данаціў яму хто і чым гэта скончылася. Знайшоў пару чалавек, якія таксама ў ім сумняваюцца».
Па словах Кастуся, Арцём Таўстыка скідае і іншым людзям, якія яму данацілі, фальшывыя дакументы — напрыклад, чэкі ці медыцынскія паперы. Дарэчы, наконт дакументаў: ёсць пратакол аб адміністратыўцы, выпісаны ў дачыненні да Таўстыкі, і там пазначана, што раней мужчына быў судзімы за махлярства.
Кастусь разам з іншым блогерам хутка высветлілі імёны людзей, якія стаяць за зборам, і звярнуліся ў польскую паліцыю з усёй інфармацыяй па справе. Кастусь таксама напісаў заяву ў паліцыю, і яе прынялі. Верагодна, гэта толькі пачатак: беларус кажа, што і іншыя пацярпелыя ад збору гатовыя накіраваць у паліцыю свае заявы. Хлопец кажа, што пацярпелыя стварылі агульны чат — цяпер у ім 12 чалавек, але гэта не ўсе пацярпелыя, хто яму вядомы, бо некаторых людзей ён не здолеў верыфікаваць.
Паводле слоў Кастуся, калі ён апублікаваў вынікі свайго міні-расследавання, Арцём Таўстыка выйшаў на яго сям’ю і цяпер пагражае ягоным сваякам у Беларусі. Кастусь таксама знайшоў акаўнт у інстаграме «сястры Арцёма». Дзяўчына, якой належыць старонка, сапраўды нядаўна стала маці, але на запыт блогера па каментар яна адказала блакаваннем.
Арцём Таўстыка не толькі распаўсюджваў тэкст збору, але і пісаў паведамленні карыстальнікам сацсетак з просьбай дапамагчы. Каб выклікаць да сябе давер, мужчына карыстаўся знаёмствамі ў НДА-сектары, а таксама спасылаўся на арганізацыі, якія яму ўжо нібыта дапамаглі — «Вясну», «Байсол» і «Байхэлп».
Таксама, кажа Кастусь, Арцём Таўстыка стварыў у тэлеграме фэйкавыя акаўнты знаёмых яму супрацоўнікаў «Вясны». І калі ў яго пыталіся, як магчыма праверыць ягоную гісторыю, Арцём, паводле словаў Кастуся, даваў людзям спасылкі на гэтыя акаўнты і далей камунікаваў з імі быццам бы ў якасці «вясноўца».
Кастусь перадаў «Нашай Ніве» скрыншоты камунікацыі з Таўстыкам, дзе адлюстраваныя ў тым ліку і пагрозы ад Арцёма ў бок аднаго з пацярпелых.
На іншых скрынах Таўстыка піша, быццам бы яму дапамаглі Аляксандра Герасіменя і Яўген Булка — тут можна адзначыць, што некаторыя публічныя асобы насамрэч дапамагалі распаўсюджваць інфармацыю пра збор, не ведаючы, што за ім стаіць махляр. Таксама Таўстыка сцвярджаў, што ў яго бралі інтэрв'ю пра збор Most і «Наша Ніва». У Most нам расказалі, што Арцём насамрэч звяртаўся да іхніх журналістаў са сваёй гісторыяй, але рэдакцыя прыняла рашэнне не рабіць публікацыю. Не было такіх публікацый і на «Нашай Ніве».
Мы таксама звязаліся з Дзмітрыем Казановічам, на чыю картку збіраліся грошы, і выслухалі яго версію падзей. Казановіч называе Таўстыку сваім сябрам і кажа, што той трапіў у бальніцу вельмі хутка пасля пераезду ў Польшчу. Рахунак за медыцынскія паслугі нібыта быў касмічны, бо страхоўкі Арцём не меў, таму яму вырашылі адкрыць збор.
Таўстыка на той час не меў польскай карткі, таму, кажа Дзмітрый, ён даў яму свае даныя. Грошы са збору пераводзілі на картку Дзмітрыя, а той потым пераводзіў сябру грошы праз Paysend.
Але адкуль тады ўзяўся збор на сястру Арцёма? Дзмітрый кажа, што гэты збор на сястру — наступны, а збор на лекаванне самога Арцёма быў першым. Ёсць непацверджаныя звесткі, што збор на сястру з’явіўся ў сеціве яшчэ шмат месяцаў таму, і Казановіч сцвярджае, што гэта для яго новая інфармацыя — маўляў, ён верыў сябру на слова.
Мы паспрабавалі звязацца і з самім Арцёмам Таўстыкам, але мужчына пакінуў нашы паведамленні непрачытанымі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары