На наступныя выхадныя аднаўляе працу легендарны «Рэактар». Гуляць будуць тры дні
Два месяцы таму стала вядома, што «Рэактар», легендарны мінскі клуб нулявых гадоў, хутка зноў адновіць працу ўжо з новымі уладальнікамі. Гэты дзень настане ўжо ў наступныя выхадныя, і гудзець з гэтай нагоды будуць ажно тры дні, даведаўся «Анлайнер».
Новае нараджэнне легенды нулявых плануюць расцягнуць на ўвесь уік-энд, з 26 па 28 ліпеня. Прычым абяцаюць максімальна разнастайную праграму, якая задаволіць прыхільнікаў усіх жанраў. Вось як гэта бачыць адна з уладальніц новага «Рэактара» Святлана Рамонка:
«Пятніцу мы плануем аддаць пад панк-рок і індзі-рок. Канцэрт плаўна перацячэ ў начную вечарынку з дыджэямі. Субота — дзень металу. Мы запрасілі класныя менавіта мясцовыя беларускія метал-гурты. Ноччу — зноў дыджэі і вечарынка. І нядзелю мы пакінулі для «трушных» прыхільнікаў рэпу. Выступяць легендарныя «Нестандартны варыянт» і яшчэ некалькі класных артыстаў».
Плануюцца таксама розыгрыш прызоў для гасцей і яшчэ «шмат чаго цікавага».
Цяпер робяцца апошнія крокі па падрыхтоўцы клуба да ўсіх гэтых мерапрыемстваў. Ужо прывезлі і ўсталявалі апаратуру, а таксама значна павялічылі сцэну ў параўнанні з тым, што было раней. Цяпер яе памер у самых далёкіх пунктах — 9 на 6 метраў.
«Спадзяемся, на ёй выступіць як мага больш топавых менавіта нашых гуртоў. Таму што адна з галоўных мэтаў, якія ставіць перад сабой каманда, — максімальна падтрымаць крутых лакальных артыстаў, паказаць, што беларуская музыка яшчэ жывая, — расказала Святлана Рамонка.
Каментары