Грамадства5757

Беларуская блогерка працавала на расійскай апазіцыйнай фабрыцы ботаў, а пасля зліла дакументы?

Журналіст расійскай «Медыязоны» Максім Літаўрын вылічыў чалавека, які працаваў на «фабрыцы эльфаў» у Вільні, а пасля зліў дакументы арганізацыі. Ён перакананы, што гэтым займалася беларуская блогерка Бэла Фокс.

Бэла Фокс (Алена Крушэўская). Фота з яе старонкі Укантакце

Пра што гаворка?

Яшчэ ў пачатку 2010-х расійскія палітыкі зразумелі, што можна эфектыўна ўплываць на грамадскую думку з дапамогай інтэрнэт-ботаў. Спецыяльныя людзі на заробку, так званыя тролі, працавалі ў чатах і на форумах, імітавалі падтрымку той ці іншай ідэі ці палітычнай сілы. А паралельна спрабавалі скампраметаваць апанентаў. Самай вядомай арганізацыяй, якая працавала ў гэтым кірунку, была «фабрыка троляў» Яўгена Прыгожына, якая, вядома ж, падтрымлівала палітыку Уладзіміра Пуціна.

Доўгі час лічылася, што такой дзейнасцю займаецца толькі расійская ўлада. Аднак у кастрычніку 2022 года высветлілася, што такіх самых ботаў мелі і праціўнікі Пуціна. Гэтую ініцыятыву назвалі «фабрыкай эльфаў». Праўда, было незразумела, хто менавіта з расійскіх апазіцыянераў займаўся гэтым. 

У 2023 годзе расійскі лібертарыянец Міхаіл Светаў здабыў унутраную перапіску і дакументацыю арганізацыі, якую атрымаў ад аднаго з яе былых супрацоўнікаў.

Прааналізаваўшы дакументы, Светаў аб'явіў пра датычнасць да «фабрыкі эльфаў» Фонду па барацьбе з карупцыяй Аляксея Навальнага — маўляў, менавіта яго прыхільнікі наладзілі машыну па генерацыі антыпуцінскіх каментароў у інтэрнэце. Прычым яны нібыта пісалі на замову каментары не толькі супраць расійскай улады, але і супраць апанентаў Навальнага па апазіцыі.

Аднак урэшце расійскія расследавальнікі высветлілі, што ўкід пра датычнасць Навальнага быў фэйкавым. Фабрыку фінансаваў фонд Free Russia Foundation, блізкі да расійскага мільярдэра Міхаіла Хадаркоўскага.

Прычым тут Бэла Фокс?

Журналіст Максім Літаўрын у сваім твітары сцвярджае, што прааналізаваў змесціва злітых дакументаў Free Russia Foundation і здолеў вылічыць, хто з работнікаў арганізацыі іх зліў. Ён не назваў імя, але так неахайна замазаў твар гэтага работніка на фота, што іншы карыстальнік пазнаў на здымку беларускую блогерку Бэлу Фокс.

Па звестках Літаўрына, яшчэ падчас працы ў Free Russia Foundation Бэла Фокс пыталася ў калег іх думкі наконт таго, ці можна працаваць на Леаніда Неўзліна — яшчэ аднаго расійскага мультымільянера. У розныя перыяды жыцця ён быў то надзвычай блізкі да Хадаркоўскага, то аддаляўся ад яго. Неўзлін прытрымліваецца больш радыкальных поглядаў на палітыку і часцяком вядзе ўласную гульню.

Распытаўшы калег пра Неўзліна, Бэла Фокс некуды знікла. Неўзабаве пасля гэтага яна зрабіла сабе дарагую аперацыю ў Ізраілі. Гэтую аперацыю, кажа Літаўрын, спасылаючыся на словы калег Бэлы, «аплаціў нейкі мецэнат». А праз месяц пасля гэтага ў інтэрнэце з'явіліся злітыя дакументы Free Russia Foundation.

Максім Літаўрын. Фота з яго старонкі Укантакце

Яшчэ адным доказам датычнасці Неўзліна да зліву Літаўрын лічыць тое, што Бэла Фокс незадоўга да гэтага пачала масава рэпосціць у свой тэлеграм-канал публікацыі з канала Неўзліна, хоць раней такога не было. І сапраўды, першы рэпост Неўзліна ў яе канале датуецца 23 верасня 2023 года, акурат калі яна звольнілася з Free Russia Foundation.

Літаўрын адзначае, што спроба прымазаць каманду Навальнага да «фабрыкі эльфаў» была не выпадковай, а асэнсаванай. Злітыя Бэлай Фокс унутраныя дакументы Free Russia Foundation рассылаліся па рэдакцыях ужо ў гатовым выглядзе з узгадкай Фонду па барацьбе з карупцыяй Навальнага.

Для чаго ўся гэтая гісторыя была патрэбная беларускай блогерцы? Адказу на гэта няма. Выйграць ад яе мог толькі Леанід Неўзлін — калі б у яго атрымалася дыскрэдытаваць сваіх апанентаў, каманду Навальнага.

Хто такая Бэла Фокс?

Бэла Фокс (Алена Крушэўская) у 2010 годзе. Фота з яе старонкі Укантакце

Бэла Фокс (Алена Крушэўская) — 37-гадовая журналістка і блогерка. Удзельнічала ў Плошчы ў 2006 і 2010 гадах, уваходзіла ў Аб'яднаную грамадзянскую партыю.

У 2014 годзе пайшла вучыцца ва Універсітэт Корвіна ў Будапешце па спецыяльнасці «Еўрапейская інтэграцыя». У 2017 паступіла ў магістратуру Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта на спецыяльнасць «медыя і камунікацыі».

У 2020 была прэс-сакратаром Усебеларускага кангрэса за незалежнасць — ініцыятыва нічым не скончылася, форум так і не сабраўся.

На сваёй старонцы ў Linkedin Бэла Фокс пазіцыянуе сябе як аднаго з «лідараў рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі».

Таксама пра яе напісаны агромністы артыкул у альтэрнатыўную вікіпедыю, Цыклавікі, дзе апісаныя звязаныя з ёй малаімаверныя гісторыі, якія немагчыма праверыць,.

Сярод іх, напрыклад, стварэнне Руху за свабоду адукацыі Венгрыі, якое быццам пацягнула за сабой адстаўку мэра Будапешта, выкраданне Бэлы кадыраўцамі ў Мінску ў кастрычніку 2020 года — няма ніякіх іншых сведчанняў, каб кадыраўцы некага выкрадалі ў Мінску, а таксама гульня ў шахматы з Гары Каспаравым на Форуме свабоднай Расіі, падчас якой яна «трымалася даўжэй за ўсіх апанентаў».

У 2021 годзе Бэла Фокс увайшла ў Штаб аб'яднаных сілаў — ініцыятыву праціўнікаў Святланы Ціханоўскай. У ім былі, сярод іншых, Вольга Карач, Дзмітрый Шчыгельскі, Павел Кулажанка і падобныя дзеячы.

Цяпер жа Бэла Фокс працуе ў расійскім ліберальным выданні SOTA Project, якое фінансуе той самы Неўзлін. Яна адказвае за беларускую тэматыку.

SOTA Project ды іншыя праекты, якія звязваюць з Неўзліным і ягонымі грашыма, заўзята крытыкуюць Святлану Ціханоўскую. І не проста крытыкуюць, а спрабуюць усяляк дыскрэдытаваць лідарку дэмакратычных сілаў і пераканаць грамадства ў тым, што Ціханоўская не карыстаецца падтрымкай беларусаў.

Калі год таму ўсплыла гісторыя са злітымі дакументамі, яна не стала адказваць на пытанні журналіста Літаўрына. Цяпер жа яна адмовілася каментаваць сітуацыю і для «Нашай Нівы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары57

  • Свабодны чалавек
    13.09.2024
    Злівайце воду. Во чаду далі з гэтым Неўзліным!!! Бэла чао, бэла Чао, бэла Чао, чао чао...
  • Вінцэнт Агуркоў
    13.09.2024
    Паўсюль адны прафурсеткі. Як жыць у гэтым свеце?
  • Я кахаю з нягеглых
    13.09.2024
    "Бэла Фокс пазіцыянуе сябе як аднаго з «лідараў рэвалюцыі 2020 года ў Беларусі».
    Які народзец, такія й лідары
    «Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
    Дайце грошаў, ну!

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Усе навіны →
Усе навіны

А1 патлумачыў праблемы з інтэрнэтам у Мінску1

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі19

У Дзяржынскім раёне аўтамабіль урэзаўся ў апору моста і загарэўся. Кіроўца загінуў

Беларусы ўвайшлі ў топ-3 груп насельніцтва, якім найменш давяраюць палякі36

Былому прэзідэнту Беларусі да пакета гарантый дадуць падатковыя льготы48

У Беларусі збіраюцца павысіць транспартны падатак4

Чаго чакаць ад надвор'я на наступным тыдні

Ілан Маск выступіў у падтрымку Трампа на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі3

Актывіста руху «За свабоду» будуць судзіць па шасці палітычных артыкулах. Пагражае да 12 гадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Галоўнае
Усе навіны →