Мужчына на Новы год забіў айчыма малатком і згвалціў непаўналетнюю
Жорсткае забойства жыхар Слаўгарадскага раёна здзейсніў 1 студзеня, цяпер яго судзілі.
1 студзеня мужчына сустракаў у кватэры маці. У нейкі момант ён пасварыўся з айчымам і нанёс яму 22 удары малатком па галаве і іншых частках цела. Пацярпелы памёр ад непранікальнай чэрапна-мазгавой траўмы, якая ўскладнілася ацёкам і здушваннем галаўнога мозгу.
Мужчыну таксама паставілі ў віну згвалтаванне і дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама непаўналетняй. Абставіны гэтага злачынства пракуратура не раскрывае.
На судзе абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым у дзеяннях сэксуальнага характару і згвалтаванні. Па факце забойства айчыма віну прызнаў часткова.
Ён прызнаў, што збіў айчыма малатком, з-за чаго той мог памерці. Аднак адмаўляў, што хацеў забіць і прычыніць таму пакуты. Акрамя таго, мужчына заявіў, што не ўсе траўмы, якія знайшлі ў загінулага, нанёс менавіта ён.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю, згвалтаванні заведама непаўналетняй і гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару ў адрас заведама непаўналетняй.
Абвінавачанаму пагражала пажыццёвае ці нават смяротнае пакаранне, аднак суд абмежаваўся пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 22 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Бакі яшчэ могуць падаць апеляцыю на прысуд.
Каментары