Грамадства6666

«Ці не зашмат вы на сябе ўзялі?» Ціханоўская адказала на вострыя пытанні пра статус Нацыянальнай лідаркі

Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» Каардынацыйная рада, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай падпісалі пратакол узаемадзеяння. Там быў замацаваны статус Нацыянальнай лідаркі, што выклікала бурныя абмеркаванні. Святлана Ціханоўская выбрала самыя вострыя і распаўсюджаныя пытанні і дала на іх адказы.

Святлана Ціханоўская. Фота: офіс палітыка

Ваш статус у дакументах пазначаны як «Нацыянальная лідарка»? Ці не занадта шмат вы на сябе ўзялі?

Я стала лідаркай, бо беларусы прагаласавалі за мяне і маю праграму ў 2020 годзе. Пасля абрання я абяцала правесці новыя сумленныя выбары прэзідэнта краіны. Беларусы мяне падтрымалі, аднак былы прэзідэнт, які страціў паўнамоцтвы, не прызнаў волю выбаршчыкаў — і за кошт сілавога ўмяшальніцтва ды гвалту захапіў уладу насуперак волі людзей.

Мой абавязак — выканаць абяцанні і дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Я не буду браць у іх удзел, а пасля заканчэння кампаніі павіншую пераможцу і перадам яму лідарскія функцыі. 

Вас падтрымала большасць? Нешта я не памятаю інаўгурацыі!

Маёй мэтай ніколі не была ўлада — выключна выкананне свайго абяцання. Тое, што за мяне на выбарах прагаласавала большасць, ведаюць усе — нават Лукашэнка. У іншым выпадку сваю незаконную інаўгурацыю ён не праводзіў бы таемна — «запрошаныя» на цырымонію людзі нават не ведалі, куды і навошта яны едуць.

На падставе даных платформы «Голас», а таксама аналізу даступных пратаколаў выбарчых камісій, атрымалася выявіць фальсіфікацыі і з высокай верагоднасцю спрагназаваць сапраўдныя вынікі.

Мяне падтрымалі мільёны беларусаў, аднак пасля выбараў мяне фактычна дэпартавалі з Беларусі ў Літву. Праводзіць інаўгурацыю ці не — пытанне, над якім мы сур'ёзна думалі, раіліся з аўтарытэтнымі экспертамі і палітыкамі. У выніку вырашылі гэтага не рабіць. Аднак змагацца за выкананне абяцання я працягваю — і ў гэтым змаганні адчуваю падтрымку беларусаў.

А хіба можна чалавека «прызначыць» лідарам?

Прызначыць не, прызнаць — так. І гэта прызнанне — не назаўжды, сваё лідарства трэба даказваць штодзеннай працай.

І што, вы прам-такі кінеце ўсё — паездкі, сустрэчы, кіраўніцтва Офісам — і сыдзеце з палітыкі, калі з'явіцца новы лідар ці лідары?

Лідары ёсць і зараз. Няўжо вы мяркуеце, што ў дэмакратычным руху толькі адзін лідар?

Я перастану кіраваць Офісам, браць удзел у паездках ды сустрэчах пры дасягненні мэты — свабодных дэмакратычных выбараў у Беларусі. У гэтым выпадку мая місія і місія Офіса будзе выканана. А ў Беларусі з'явіцца сапраўдны прэзідэнт, а не злодзей, які скраў у людзей іх выбар.

Я не разумею: выбары-2025 у Беларусі неяк паўплываюць на ваш статус?

Калі б нашыя грамадзяне змаглі рэалізаваць сваё права на свабодны выбар, то, безумоўна, так.

Маёй асноўнай мэтай з'яўляецца правядзенне свабодных і сумленных выбараў. Але для гэтага трэба спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў, зняць абмежаванні на магчымасці стаць кандыдатам у прэзідэнты і забяспечыць сумленны падлік галасоў, а таксама адмяніць забарону на працу незалежных медыя.

На жаль, такія ўмовы ў Беларусі пакуль не створаныя. А імітацыю выбараў без сапраўднага падліку галасоў не прызнаю не толькі я — яе не прызнае беларускае грамадства.

То бок, калі сапраўдныя выбары ў 2025 годзе не адбудуцца, Вы будзеце лідаркай бясконца?

У такім выпадку я працягну сваю справу.

Маё найвялікшае жаданне — як мага хутчэй правесці ў Беларусі сапраўдныя сумленныя выбары і рэалізаваць волю выбаршчыкаў. Я хачу, каб выйшлі на волю і былі рэабілітаваныя палітзняволеныя. Каб тыя, хто вымушана пакінуў Беларусь, маглі вярнуцца дамоў. Як толькі даможамся гэтых мэтаў, я з лёгкай душой перадам усе паўнамоцтвы тым, каго абярэ народ.

А што рабіць з тым, што нават вашы паплечнікі ўжо ўслых кажуць: мандат Ціханоўскай сканчваецца 9 жніўня 2025 года?

Я чую тых, хто настойвае: статус лідара трэба пацвердзіць. Гэта правільна — і я гатовая да абмеркавання ідэй і прапаноў, што дазволяць нам разам абараніць незалежнасць Беларусі і дамагчыся пераходу яе да дэмакратыі.

Але пакуль такія працэдуры не ажыццявіць, адказнасць за нашых людзей і абарону іх інтарэсаў застаецца на мне. У мяне ёсць голас і магчымасць гаварыць ад імя дэмакратычна настроеных беларусаў, падымаць пытанні палітвязняў, падтрымкі медыям і праваабаронцам. І я вельмі ўдзячная кожнаму і кожнай, хто дапамагае разам дамагацца нашай агульнай мэты — незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

Каментары66

  • Ганьба
    12.09.2024
    Паважаная Святлана, не так важна, як будзе называцца ваша пасада. Разборкі з назвай не павінны зацяняць сутнасць. А яна ў тым, што перамогі на гарызонце не бачна, сітуацыя для прыхільнікаў свабоды цяжкая і страшная (у астатніх, як заўжды, ўсё пучком). На гэтым фоне прыходзіць апатыя, страта цікавасці, а ад касметычных дзеянняў лідараў-кіраўнікоў таксама і раздражненне.
    Усім нам патрэбныя рэальныя дасягненні (паездкі і праведзеныя перамовы гэта не мэты, а сродкі) хай і ў дробязях. Не менш патрэбна і надзея.
  • шта?
    12.09.2024
    "прагаласавалі за мяне і маю праграму ў 2020 годзе"

    якую праграму?
  • Лол
    12.09.2024
    “Беларусы мяне падтрымалі, аднак былы прэзідэнт, які страціў паўнамоцтвы, не прызнаў волю выбаршчыкаў…”- сказала лідарка. Вось дык нацыянальная лідарка. Аказваецца, Лукашэнка да 20 года быў прэзідэнтам і страціў паўнамоцтвы толькі ў 20-м. А нічога, што юрыдычна яго паўнамоцтвы скончыліся ў 2001 годзе? А нічога, што ў 1995 годзе ён са зброяй браў парламент? А нічога, што рэферэндумы 1995 і 1996 года не прызнаныя Захадам ? Нацыянальная лідарка ўсяго гэтага ня ведае? Што за клаўнада?

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?4

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Усе навіны →
Усе навіны

Запечаны інжыр — рэцэпт

Склалі пасля ДТЗ еўрапратакол, а грошай на рамонт аўто не хапіла. Што рабіць?

Падчас прэзідэнцтва Трамп пытаўся ў Пуціна, ці варта ЗША даваць Украіне зброю для абароны ад Расіі13

У Гомельскай вобласці зрабілі музычны ўчастак трасы — для кіроўцаў, што засынаюць за рулём, гучаць «Песняры»5

А1 патлумачыў праблемы з інтэрнэтам у Мінску1

Мядзведзеў прыгразіў ядзернай зброяй, калі вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі19

У Дзяржынскім раёне аўтамабіль урэзаўся ў апору моста і загарэўся. Кіроўца загінуў

Беларусы ўвайшлі ў топ-3 груп насельніцтва, якім найменш давяраюць палякі36

Былому прэзідэнту Беларусі да пакета гарантый дадуць падатковыя льготы49

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?4

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Галоўнае
Усе навіны →