Суд у Растове вынес прысуд па справе аб забойстве Матаролы. Чацвёра ўкраінцаў атрымалі тэрміны ад 12 гадоў да пажыццёвага
Камандзіра батальёна «Спарта» ў ДНР Арсенія Паўлава (Матарола) забілі бомбай восенню 2016 года ў Данецку.
Паўднёвы акруговы ваенны суд у Растове-на-Доне абвясціў прысуд у дачыненні да чацвярых грамадзян Украіны, абвінавачаных у забойстве камандзіра батальёна «Спарта» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Арсенія Паўлава, вядомага па пазыўным Матарола, паведамляе Дождь.
Аляксандру Пагарэлаву прызначылі пажыццёвы тэрмін, Арцёму Ену — 17 гадоў зняволення, Васілю Чурылаву — 13, Аляксандру Цімашэнку — 12 гадоў пазбаўлення волі. Іх прызналі вінаватымі па некалькіх артыкулах.
Па версіі следства, восенню 2016 года Пагарэлаў устанавіў самаробную бомбу на даху ліфта ў доме Матаролы ў Данецку. Паўлава забіла выбухам. Цімашэнка, Чурылава і Ена следства называе саўдзельнікамі злачынства.
Акрамя таго, расійскае следства лічыць Пагарэлава датычным да падрыхтоўкі тэракту з мэтай забойства экс-кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі ў жніўні 2015 года.
Ён, як сцвярджаецца, збіраў пра Захарчанку звесткі, а потым устанавіў выбухоўку ў месцы яго з'яўлення. Аднак замах удалося прадухіліць.
Арсен Паўлаў быў адным з самых вядомых палявых камандзіраў Данбаса, якія ваявалі на баку прарасійскіх сепаратыстаў. Ён атрымаў шырокую вядомасць падчас баёў за горад Славянск.
Таксама Паўлаў удзельнічаў у баях за Ілавайск і данецкі аэрапорт. Ва Украіне Матаролу абвінавачваюць у ваенных злачынствах.
Матарола: «Я расстраляў 15 палонных» ВІДЭА
Выбухам у ліфце: у Данецку забіты баявік Матарола
Сталі вядомыя дэталі ліквідацыі Матаролы
Стала вядома, чаму ва ўкраінскіх выбарчых спісах «уваскрэслі» Гіві, Матарола і Януковіч-малодшы
«Сваіх не кідаем». Беларусы знялі для расіян прапагандысцкі баявік пра вайну ва Украіне
Каментары