Беларускі ПЭН разам з тэлеканалам «Белсат» і Музеем Вольнай Беларусі запрашаюць на цырымонію ўзнагароджання пераможцы прэміі Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку, піша Budzma.org.
Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў — мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму.
Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло 8 вокладак, абраных у кароткі спіс прафесійным журы:
-
Выдавецтва «Вясна» — вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
-
Анатоль Лазар — вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
-
Анатоль Лазар — вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
-
Яна Галушкіна, VEHA — вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
-
Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
-
Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
-
Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
-
Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна — вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»
Цырымонія адбудзецца 7 траўня а 18.00 ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі. Стане вядомае імя аўтара ці аўтаркі найлепшай вокладкі для кнігі, выдадзенай у 2022 годзе. Спецыяльны госць цырымоніі — Лявон Вольскі з песнямі на вершы Міхала Анемпадыстава.
Уваход вольны.
Каментары