Беларускія выдавецтвы «Вышэйшая школа» і «Народная асвета» спынілі сваю працу. Рашэнне было прынята яшчэ ў канцы сакавіка, піша «Люстэрка» са спасылкай на агляд Беларускай рады культуры.
Як адзначаецца ў аглядзе, выдавецтвы абвясцілі пра спыненне сваёй працы ў сацыяльных сетках. 27 сакавіка на старонцы выдавецтва «Народная асвета» ў фэйсбуку з'явілася інфармацыя, што з 1 красавіка яно спыняе сваю дзейнасць. Яго правапераемнікам выступіць выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», заснаванае Міністэрствам адукацыі. Сацыяльныя сеткі «Вышэйшай школы» не існуюць, магчыма, яны ўжо выдаленыя.
У 2023 годзе абодва выдавецтвы забралі ў Міністэрства інфармацыі і перадалі Міністэрству адукацыі. Магчыма, гэта было зроблена, каб палегчыць працэс зліцця, які планаваўся ўжо тады.
«Вышэйшая школа» — адно з найбуйнейшых выдавецтваў у Беларусі, было ўтворана ў 1961 годзе. Выдавецтва выпускала навучальныя, даведачныя, вытворча-практычныя, навуковыя, навукова-папулярныя кнігі.
Выдавецтва «Народная асвета» было ўтворана ў 1951 годзе. Яно выдавала навучальныя дапаможнікі для агульнаадукацыйных, спецыяльных школ і педагагічных навучальных устаноў, метадычную літаратуру для настаўнікаў, літаратуру па пазакласным чытанні для навучэнцаў, мастацкую літаратуру, праграмна-метадычныя выданні, друкаваныя дапаможнікі для школ, у тым ліку на беларускай мове.
Закрыццё гэтых двух дзяржаўных выдавецтваў — далёка не адзінае такое рашэнне ўладаў.
У 2021 годзе яны зачынілі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», якое далучылі да выдавецтва «Беларусь».
Каментары