Грамадства1515

«Старая віленская эміграцыя не злілася з новай — беларусы ментальна розныя»

Што ўяўляе сабой беларуская дыспара ў Літве? Чаму старая і новая эміграцыя не здолелі аб’яднацца? Чаму Таварыства беларускай культуры мусіць займацца палітыкай? Выданне BGmedia пагаварыла пра гэта і іншае са старшынёй Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандрам Адамковічам.

Аляксандр Адамковіч з прэзідэнтам Літвы Валдасам Адамкусам. Клайпеда, 2007 год. Фота з асабістага архіва

«Уласную ляноту і пустую галаву не трэба спісваць на моўныя цяжкасці»

— Я паступіў у Віленскі педагагічны ўніверсітэт на славістыку — з гэтага ўсё і пачалося. Скончыў спачатку бакалаўрыят, затым — магістратуру, пазней і дактарантуру. Так і асеў у Вільні, аброс кантактамі, знаёмствамі. І ўжо ехаць некуды, штосьці мяняць нават складана.

— Усё склалася натуральным чынам, без умяшальніцтва трэціх сілаў, без палітычнага кантэксту?

— Так, тады ўсё было без палітычнага кантэксту. Вядома, мне не хацелася жыць у той краіне, дзе людзей збіваюць, дзе па-тэрарыстычнаму захопленая ўлада, дзе ідзе дзікая русіфікацыя. Безумоўна, усё гэта ўплывала на мяне, можа, нават падштурхнула да таго, каб паступаць вучыцца за мяжу. І пазней гэта сталася прычынай, па якой я застаўся ў Літве.

— Ці цяжка далася вам, беларусу, інтэграцыя ў літоўскае грамадства?

— Асаблівых цяжкасцяў і не было, таму што вучоба ва ўніверсітэце дапамагала, а кантакты з мясцовым насельніцтвам тут непасрэдныя. Паступовае вывучэнне, авалодванне літоўскай мовай моцна дапамагала ўпісацца ў літоўскі пейзаж, і асабістыя кантакты, і лекцыі на літоўскай мове.

Таму калі зараз я чую: «мой сын хорошо учілся, но как все перевелі на беларускій, не пошла учеба», — то мяне прабівае на смех. Я вучыўся на літоўскай мове, і гэта ніяк не ўплывала на маю вучобу, наадварот, лічыўся не горшым студэнтам, а некалькі разоў атрымліваў і вышэйшую стыпендыю.

Таму не трэба даказваць мне, што мова адмоўна на нешта ўплывае. Калі ў галаве пуста, то так і кажыце: у галаве пуста. Мне навучанне па-літоўску не перашкодзіла, наадварот, дапамагло авалодаць яшчэ адной мовай, спазнаць іншы сусвет.

Нездарма ж кажуць: колькі моў ведаеш, столькі жыццяў пражыў. Таму ўласную ляноту і пустую галаву не трэба спісваць на моўныя цяжкасці.

— І вы дараслі да пасады рэдактара літоўскай газеты Trakų žemė.

— Так, я рэдактар газеты Trakų žemė («Тракайская зямля»), таксама працую ў літоўскім гістарычным часопіспе Voruta.

На балтыйскім шляху. Меднікі, 2020 год, фота з асабістага архіва

«Хочаш не хочаш, трэба займацца і палітыкай — іначай беларускі голас увогуле знікне»

— Таварыства беларускай культуры, як я разумею, досыць кансерватыўная арганізацыя, якая захоўвае і папулярызуе традыцыйную народную культуру.

— Думаю, можна і так сказаць. Гэтая арганізацыя паўстала ў канцы 1980-х, яе засноўвалі беларусы-віленчукі міжваеннага перыяду. Перад імі і стаяла задача — займацца культурніцкай дзейнасцю і захаваннем культуры, без палітыкі. Але, на жаль, жыццё так склалася, што шмат даводзіцца займацца і палітыкай — каб выжыць.

Але ўсё адно стараемся захоўваць найперш народную беларускую культуру, беларускую мову і традыцыі. Дарэчы, ні на якія шантажы і подкупы Таварыства не пайшло і ўвесь час (у адрозненне ад шматлікіх беларускіх арганізацый Літвы) стаялі толькі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй». Пачынаючы ад першага дня заснавання і па сёння.

І ўвесь час наша працоўная мова беларуская, у той час як многія арганізацыі паступова пераходзяць на рускую мову. Мы падтрымліваем ідэалы Рады БНР 1918 года, стаім пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй».

— Вы кажаце, што многа даводзіцца займацца палітыкай. Што вы маеце на ўвазе?

— Мы супрацоўнічаем найперш з літоўскімі палітычнымі партыямі: і з кансерватыўнай партыяй, і з сацыял-дэмакратамі, і з зялёнымі. Пакуль, праўда, не вельмі актыўна, але спрабавалі ўдзельнічаць і ў выбарах, і ў мясцовым самакіраванні. Хочаш не хочаш, трэба займацца і палітыкай — іначай беларускі голас увогуле знікне.

Беларусаў якія прыехалі ў Літву пасля 2020 года, шмат, але яны прыехалі і большасць з іх паедзе назад, я гэта бачу і па сітуацыі, і па ўласных кантактах. Таму неабходна, каб аўтахтоннае традыцыйнае насельніцтва захоўвалася, захоўвала сваю беларускасць, свае карані — гэта магчыма найперш праз палітычную дзейнасць.

— Чаму супрацоўніцтва з літоўскімі палітычнымі сіламі пакуль не дужа атрымліваецца?

— Нешматлікая колькасць беларусаў у Літве, зрусіфікаванасць беларусаў, можа, нават недавер да беларускіх палітычных сілаў: у Літве ахвотней падтрымліваюць польскія або рускія дыяспары. Праўда, цяпер, у сувязі з вайной ва Украіне, рускія сілы губляюць свае пазіцыі.

Ужо доктар. Фота з асабістага архіва

«Наша Таварыства — не фонд маці Тэрэзы: ні пасяліць, ні пакарміць уцекачоў не можам»

— Чаму не задалося супрацоўніцтва паміж старымі беларусамі Літвы і новымі беларусамі, якія апынуліся ў Літве пасля 2020 года? Што перашкаджае?

— Цяжка сказаць. Але гэтую тэндэнцыю я назіраю не толькі ў Літве — шмат дзе. У Латвіі беларусаў значна больш, а беларускага жыцця там не існуе нават і на 10 адсоткаў таго, што ёсць у Літве.

Чаму так адбылося? Магчыма, ва ўцекачоў былі эканамічныя праблемы, эканамічныя цяжкасці, а наша Таварыства — не фонд маці Тэрэзы: ні пасяліць, ні пакарміць — такімі рэсурсамі не валодае. Мы не можам аказаць адэкватную матэрыяльную дапамогу, на якую беларусы хацелі б разлічваць, прыехаўшы сюды: ні засяліць, ці кампенсаваць пражыванне або дапамагчы з працай.

Думаю, калі на першым месцы ў большасці стаялі ўсё ж эканамічныя інтарэсы (зразумела, не без палітычных прычын, інакш сюды ніхто асабліва і не бег бы, а людзі беглі, каб захаваць як мінімум сваё жыццё), то ў галовах на першым месцы стаяла эканоміка, а не культура.

Кожны шукаў большыя заробкі, лепшае месца — то-бок уладкоўвалі сваё ўласнае жыццё.

Можна падысці да гэтай праблемы і па-філасофску: віленская інтэлігенцыя, жывучы ў іншай краіне, ментальна аказалася далёкай ад беларусаў з аўтахтоннай метраполіі. Беларусы ментальна розныя, таму і складана навесці масты.

— То-бок, паміж старымі і новымі беларусамі ўзнікла лінія падзелу?

— Злівання старой віленскай беларускай эміграцыі з новай не адбылося. У мяне падазрэнне, што наўрад ці час пакажа і рассудзіць — чаму і як. У мяне нават з Віленскага ўніверсітэта ёсць два студэнты, якія пішуць працы па Таварыству, але ніводнага з ЕГУ.

— А Таварыства спрабавала наладзіць стасункі з новымі беларускімі арганізацыямі? З той жа «Дапамогай»?

— З «Дапамогай» мы і так супрацоўнічаем у розных сферах, з «Дапамогай» мы якраз у кантакце. Гэта, відаць, ці не адзіная беларуская арганізацыя, з якой мы яшчэ можам знаходзіць агульную мову і паразуменне.

— А з якімі яшчэ арганізацыямі спрабавалі наладзіць кантакты?

— Не асабліва з кім і спрабавалі. Маладзёны, новыя ініцыятывы, арганізацыі пра нас ведаюць, мы пра іх ведаем, але колькі я ні запрашаў на нашы імпрэзы, яны не асабліва прыходзяць. Адпаведна, і я мала атрымліваю запрашэнняў. Калі мы адзначалі 35-годдзе ТБК, дык хто толькі не прыйшоў: прымаў вінашванні і ад літоўцаў, ад палякаў, а ад беларускіх арганізацый нікога амаль і не было. За рэдкім выключэннем.

— Але, як я разумею, асабіста вы кантактуеце з новымі беларусамі.

— Так.

— Што ж сабой уяўляе маса беларусаў, якія прыехалі ў Літву пасля 2020 года? Ці можна казаць пра беларускую дыяспару як пра адзіны арганізм?

— Я не стаў бы казаць пра адзіны арганізм, бо беларусы вельмі розныя: ёсць і палітычныя, і эканамічныя, і чыста бытавыя. Не будзем хаваць: многія ехалі ў Літву, каб палепшыць умовы жыцця, хто проста хацеў пераехаць у Еўропу і скарыстаўся 2020 годам. Не будзем гэтага адмаўляць.

Але я адзначыў бы і станоўчую тэндэнцыю. З кожным разам усё больш і больш бачу і сустракаю беларускамоўных беларусаў. Яшчэ 10 гадоў мне не даводзілася столькі многа размаўляць па-беларуску, як цяпер. Гэты паварот да беларускасці, да беларускай мовы відавочны. Магчыма, не настолькі масавы, як хацелася б, але ўсё роўна гэта прагрэс.

Што прыемна: на беларускай мове размаўляе вельмі шмат маладых людзей, якія імкнуцца і сваіх дзяцей аддаць у беларускую гімназію. Цяпер увогуле ўзнікла ініцыятыва — дабівацца ад Віленскага самакіравання адкрыцця другой беларускай школкі. Мяне гэта не можа не радаваць: беларуская мова стала адным з фактараў, вакол якой пачалі гуртавацца прыезджыя беларусы.

— Вось бачыце: нефармальнае гуртаванне беларусаў усё ж адбываецца.

— Так, і 25 сакавіка беларусы выходзяць на плошчу, выходзяць калонамі. А 8 жніўня на вуліцы выйшлі некалькі тысяч беларусаў.

— І ўсё ж, вы мяркуеце, большасць беларусаў з’едуць? Яны прыехалі ў Літву перачакаць гэтыя цёмныя часіны?

— Я думаю, так. Кантактуючы, размаўляючы з людзьмі, я прыходжу да высновы, што ад’езд будзе ў два бакі: далей у Еўропу, а пэўная частка вернецца ў Беларусь. Баюся, што большасць не вернецца ў Беларусь.

У Еўрапарламенце. Фота з асабістага архіва

«У Таварыстве самая вялікая калекцыя беларускіх мастакоў у Літве»

— Давайце вернемся на ТБК. Відавочна, Таварыства мае нейкія прыярытэты ў дзейнасці.

— Таварыства беларускай культуры працуе па трох асноўных кірунках.

Мы праводзім традыцыйны штогадовы фестываль беларускай песні, прычым адмыслова праводзім яго ў раёне Новая Вільня. Паводле статыстыкі, 30 адсоткаў жыхароў там складаюць беларусы, а калі браць шырэй, то 75 працэнтаў жыхароў альбо маюць беларускае паходжанне, альбо маюць родзічаў у Беларусі. Раней там увогуле не было ніякіх імпрэз і мерапрыемстваў, людзі хутка русіфікаваліся і паланізаваліся. А цяпер беларусы пачынаюць патрохі згадваць свае карані і прыходзяць на нашыя канцэрты — пачуць беларускую мову і беларускую песню. Як па мне, дык гэта больш важны чыннік, чым выйсці на плошчу і памахаць сцягамі.

Акрамя фестывалю, штогод мы праводзім пленэры беларускіх мастакоў: прыязджаюць мастакі, малююць карціны, якія выстаўляюцца на розных пляцоўках — такім чынам беларусы могуць бліжэй пазнаёміцца і з беларускім мастацтвам, а хто паспее на сам пленэр, то і з мастакамі. Беларуская культура, дзякуючы пленэрам, дасягальная і ў Літве: не трэба ехаць у Беларусь,каб паглядзець карціны.

Кожны год мы імкнемся запрашаць розных мастакоў. Не пабаюся сказаць, што ў нашым Таварыстве самая вялікая калекцыя беларускіх мастакоў у Літве.

Сёлета пленэр яшчэ наперадзе. Як правіла, прыязджаюць беларускія мастакі, але да іх далучаюцца і літоўскія мастакі, і латышскія, і польскія.

— Ці займаецеся кнігавыданнем?

— Выдавецтва Таварыства беларускай культуры выдала некалькі кніжак: па гісторыі Вільні, успаміны беларусаў-віленчукоў, таксама знакаміты Зянон Пазняк выдаваў у нашым выдавецтве некалькі сваіх кніг. Таварыства мае выдавецтва, можа, і не такое вядомае, як «Янушкевіч» ці Arche, але кніжкі выдаюцца.

— Бліжэйшымі планамі падзеліцеся?

— У Таварыства тры асноўныя кірункі дзейнасці: фестываль, пленэр і вандроўкі. Мы яшчэ займаемся і вандроўкамі па розных мясцінах Літвы, таксама звязаных з беларускай гісторыяй і культурай. Нядаўна ездзілі ў Біржы, дзе пастаўленыя некалькі помнікаў паўстанцам 1863 года…

— Мерапрыемствы патрабуюць выдаткаў. Ці знаходзіць Таварыства падтрымку ў бізнэс-колах?

— На жаль, не. Беларускі бізнэс нас не падтрымлівае. Усё, што мы атрымліваем, — гэта падтрымка з боку Літвы. На жаль.

Перад прэм’ерай спектакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле Сяргея Пясецкага. Фота з асабістага архіва

Каментары15

  • Тутэйшы
    05.04.2024
    Вось з-за такіх "змагароў" лукашэнка і трымаецца ўжо 30 гадоў. Звалілі з краіны пад першы дым, асіміляваліся, знаўцы летувішкі вялікія, ды пляваць яны хацелі на радзіму.
    Што ты зрабіў для беларусаў за ўсе гэтыя дзесяцігоддзі на сваёй новай радзіме Летуве? Падымалі чаркі на 25 сакавіка кожны год за паразу дыктатуры? Чаму не было створана нічога для сваіх землякоў, каб не бадзяліся бамжамі па гэтай Летуве пасля ўцёкаў з канцлягера недабеларускага фюрэра? Чаму твой "голас беларускі" ля Адамкусаў і Еўрапарлямэнтаў такі разгалосісты, што беларусаў цкуюць за нейкі літвінізм увесь час?
    Навошта ўвогуле патрэбнае твае неўцямнае таварыства? Ці грант выпадковы лішнім не бывае?
  • Літва перад усім!
    05.04.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Гартны
    05.04.2024
    Тутэйшы, іншых "змагароў" у бедаруссаў няма й няможна быць. Хто адмовіўся ад роднай мовы, не варты людзьмі ды народам звацца

Закаханыя ў Мінску хацелі сабраць з падпісчыкаў $10 тысяч на вяселле мары. Колькі ж у выніку ім заданацілі?10

Закаханыя ў Мінску хацелі сабраць з падпісчыкаў $10 тысяч на вяселле мары. Колькі ж у выніку ім заданацілі?

Усе навіны →
Усе навіны

У адным з двароў Мінска асфальт паклалі вакол прыпаркаванага аўто ФОТАФАКТ1

Беларуска расказала, навошта выдае ў Канадзе родную літаратуру па-англійску

Сцэнарыста з Барысава будуць судзіць за «заклікі да санкцыяў»3

Былая аўстрыйская міністарка, што танчыла з Пуціным, пераехала ў новы дом пад Разанню з катамі, курамі і качкамі1

Шведская зорка хіп-хопа з мінскага пад'езда. Хто такі Yung Lean3

33 гады таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі7

Іранскія хакеры пераслалі крадзеную інфармацыю са штаба Трампа ў штаб Байдэна — ФБР4

Аўтаперагонны бізнэс — усё? Хутка стане нельга прадаваць расіянам свежапрыгнаныя машыны з ЕС і ЗША1

Стала вядома, як будзе выглядаць былы аўтавакзал «Усходні» ў Мінску. Там будзе і лабараторыя дронаў ФОТЫ8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Закаханыя ў Мінску хацелі сабраць з падпісчыкаў $10 тысяч на вяселле мары. Колькі ж у выніку ім заданацілі?10

Закаханыя ў Мінску хацелі сабраць з падпісчыкаў $10 тысяч на вяселле мары. Колькі ж у выніку ім заданацілі?

Галоўнае
Усе навіны →