Грамадства

За данаты асудзілі не менш за 67 чалавек

У 2021 годзе ўлады пачалі актыўна прызнаваць фонды «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а некаторыя ініцыятывы «тэрарыстычнымі арганізацыямі».

Фота: Радыё Свабода

На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 64 асуджаных за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Агулам іх асудзілі на 192 гады і шэсць месяцаў пазбаўлення і абмежавання волі, піша «Вясна».

Гэта людзі розных прафесій, сфер дзейнасці і сацыяльнага статусу: галоўны інжынер буйнога прадпрыемства і былы супрацоўнік банка, сын палітыка і выкладчыца англійскай мовы, псіхалагіня і прэс-сакратар.

Так палітзняволеную мінчанку Ксенію Ходыраву затрымалі ў кастрычніку 2023 года за данаты і некалькі месяцаў утрымлівалі ў СІЗА КДБ. У лютым 2024 года яе асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і за «фінансаванне вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК) на пяць гадоў калоніі. 

Галоўнага інжынера «Мілкавіты» Аляксандра Стругальскага асудзілі ў лютым 2024 года за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» на тры гады «хатняй хіміі». Яго затрымалі яшчэ восенню 2022 года. Паводле праўладных тг-каналаў, мужчына дасылаў грошы ў «Байсол». 

Танцорку і маці дваіх дзяцей Вікторыю Гаўрыліну асудзілі ў верасні 2023 года на тры гады і тры месяцы калоніі. Жанчыну абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК). Жанчыну разам з мужам затрымалі зімой 2023 года. Мужчыну пасля адбыцця 30 сутак арышту выпусцілі на волю. 

Стваральніка навукова-папулярнага часопіса Pamylka Юрыя Адамава затрымалі вясною 2023 года. Ён удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, правёў некалькі даследаванняў па фізіцы ў ЗША. Навукоўца асудзілі ў ліпені 2023 года за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» на тры гады калоніі. 

Таксама ў Беларусі адзначаныя выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» — за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад у BYPOL і «Кіберпартызаны». Па ім ужо асудзілі як мінімум траіх чалавек агулам на 26,5 гадоў калоніі: Мікалая Васілевіча на дзевяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі, Дзмітрыя Слука на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі, Алега Дзегцярэнку на восем гадоў і шэсць месяцаў калоніі.

Яшчэ пяць чалавек цяпер знаходзяцца пад вартай у чаканні суда па гэтым артыкуле.

Трэнера-масажыста з Мінска Мікалая Васілевіча абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 КК), «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) і «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК).

Прапагандысцкія СМІ распавялі, што агулам за два гады Мікалай зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і розныя ініцыятывы.

Агулам 12 верасня 2023 года Мікалая асудзілі на 9,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Бабруйчаніна Дзмітрыя Слука затрымалі 10 лютага 2023 года. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 1 арт. 290-1 КК) за данаты «Кіберпартызанам».

4 ліпеня 2023 года яго асудзілі на 8,5 гадоў калоніі і штраф 300 базавых велічыняў.

Пра справу гамельчука Алега Дзегцярэнкі амаль нічога невядома, бо суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). У Гомельскім абласным судзе сёмага сакавіка 2024 года Алегу прысудзілі 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў. 

Палітвязня Аляксандра Зіязэтдзінава асудзілі восенню 2022 года за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-2 КК) на тры гады калоніі. Зімою 2024 года яго зноў пачалі судзіць.

Да папярэдняга артыкула яму паставілі ў віну «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). Яму пагражае да 15 гадоў калоніі. За некалькі месяцаў да пачатку суда над палітвязнем, выйшаў прапагандысцкі фільм з яго ўдзелам. З фільма стала вядома, што Аляксандр пісаў прашэнне аб памілаванні і пералічыў у якасці водкупу на рахункі медычных установаў 31 біткойн (на сёння гэта прыкладна два мільёны даляраў). 

Следчы камітэт у лютым 2024 года паведаміў, што беларусы зрабілі «добраахвотных ахвяраванняў» на суму больш за 37 мільёнаў рублёў (каля 11,5 млн. даляраў). 

А 14 сакавіка 2024 года УУС Мінскага аблвыканкама паведаміла, што толькі з пачатку 2024 года было выяўлена 260 чалавек, якія рабілі данаты ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным уладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» на суму больш за 5000 даляраў. Сілавікі прымусілі зрабіць «добраахвотныя ахвяраванні» на суму больш за 356 тысяч даляраў. 

Каментары

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»132

Што такое «размандыкваць» і чаму Лукашэнка незадаволены, што чыноўнікі займаюцца гэтым?19

У Еўрапарламенце Віктара Орбана правялі з трыбуны песняй Bella Ciao14

Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя15

Што з беларускага кіно пакажуць на фестывалі «Паўночнае ззянне»? Вялікі спіс

У Гродне паставілі помнік міліцыянеру Дзядзю Сцёпу21

У Беларусь збіраецца прыйсці скандальная расійская сетка «Ёбидоёби»5

Галоўчанка паабяцаў стварыць музей на гарадзішчы на Менцы6

Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →