Грамадства11

«Мяне гэта толькі ўзмацніла». Вязень ускрываў вены за кратамі — а цяпер радуецца, што прайшоў праз турму

Каб адстаяць свае прынцыпы, экс-палітвязень Андрэй (імя змененае) за кратамі трымаў сухую галадоўку і ўскрыў сабе вены ў душы калоніі абцужкамі для пазногцяў. Але цяпер, кажа мужчына, ён рады, што пабываў у турме. Вось яго маналог пра найцяжэйшую школу ў жыцці.

«Каб затрымаць мяне аднаго, прыехала сем машын, а я стаяў там у фуфайцы і штанах, з барадой — дзед-лесавічок»

Усё пачалося яшчэ да выбараў. За мной стаў назіраць стары знаёмы, які працаваў у органах — як аказалася пазней, ён фіксаваў усю маю актыўнасць, рабіў скрыны ў маіх сацсетках. Я праяўляў сваю пазіцыю [па пратэстах] як мог — у сацсетках, гутарках, часам прымаў удзел у розных пратэсных падзеях.

Выходзіў на ўсе пратэсты з 9 жніўня, дзе толькі мог. 12 кастрычніка быў марш пенсіянераў, калі іх разганялі пярцовымі балончыкамі. Я ездзіў па горадзе і пабачыў, як на прыпынку тусуюцца сілавікі — «касманаўты» ў чорным і ў шлемах. Зняў іх на відэа.

Метраў праз трыста, на светлафоры, яны мяне дагналі. Выскачылі з дзвюх машын, разбілі мне аўто, дасталі мяне і збілі, я страціў прытомнасць. Мяне закінулі ў бус і завезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там мне было зусім дрэнна, некалькі разоў губляў прытомнасць, пакуль яны мяне дапытвалі і пісалі свае пратаколы. Вялі мяне да нейкага кіраўніка, і я ў калідоры яшчэ раз страціў прытомнасць. У выніку мяне адвезлі ў траўматалогію ў Бараўлянах. Быў увесь сіні, можа, месяц ледзь рухаўся, таму не здолеў больш удзельнічаць у пратэстах. 

У першыя месяцы 2021-га пасля цяжкага дня на працы я прыехаў да сябе на вёску. Быў позні вечар, ліхтары не гарэлі. Прыпаркаваўся. Да мяне пад’ехалі некалькі машын, адтуль выйшлі людзі, якіх я б назваў гопнікамі. Махнулі перад носам пасведчаннем і сказалі, што трэба праехаць у РУУС, дзе якраз і працуе мой знаёмы. 

Там на мяне напісалі два пратаколы, што я хадзіў і махаў рукамі ля РУУС. Мяне завезлі ў ІЧУ і трымалі там тры дні. Я абвясціў на знак пратэсту сухую галадоўку. Потым аднекуль з’явіўся пратакол, што мяне ўзялі ў Мінску за п’янку. На наступны дзень быў суд, але там ужо гучаў толькі артыкул 23.34, мне далі па ім штраф і адпусцілі.

З’ехаў да сябра на хутар і хаваўся там пару месяцаў, а потым перабраўся жыць на дачу ў закінутай вёсцы. Там і жыў да арышту ў 2022-м. Усе ведалі, што ў мяне там дом, разумелі, дзе жыву. Таксама ў мяне з’явілася хобі — пачаў разводзіць хатніх птушак. Пры гэтым спрабаваў нікуды не высоўвацца, адседжваўся. У мяне раней быў маленькі бізнэс, але з пачаткам пратэстаў стала маральна цяжка працаваць, а калі паехаў у вёску, увогуле распусціў людзей і закрыў бізнэс.

Фота: сацсеткі

У пачатку лета ў маіх птушак пачалі вылуплівацца птушаняты. Аднойчы я ўстаў ранкам і пайшоў да іх, каб перакласці новых птушанят у спецыяльную каробку. Зрабіў гэта і збіраўся папіць гарбаты, ішоў па маім садзе з яблынямі.

Раптам на мяне з усіх бакоў выскачылі людзі ў поўнай экіпіроўцы, шлемах і люстраных акулярах, з аўтаматамі. Атачылі мяне. Каб затрымаць мяне аднаго, прыехала сем машын, а я стаяў там у фуфайцы і штанах, з барадой — дзед-лесавічок.

Сілавікі — марадзёры, прыязджаюць на затрыманне з дакладным жаданнем пажывіцца. У мяне былі схаваныя грошы, тэхніка, у тым ліку добрая камера, каб здымаць птушанят. Думаю, яны забралі ў мяне тэхнікі на некалькі тысяч, і нідзе ў пратаколах гэтага няма.

У маёй крыміналцы было шмат фотаздымкаў з пратэстаў, па адным з іх мяне абвінавацілі. Таксама прыцягнулі да справы мае пасты з фэйсбука. Спадзяваўся, што мне дадуць паўтара-два гады зняволення, тады столькі давалі вязням па справе Зельцара. У выніку столькі і атрымаў.

«Узяў абцужкі для пазногцяў і калупаў у душы сваю руку, спрабаваў ускрыць вены»

На зоне мы счышчалі абалонку з дратоў, каб аддзяліць ад іх медзь, гэта ж метал. У цэху на прамзоне пастаянна ў паветры стаіць металічны пыл, не кажу пра тое, як пры такой працы церпяць рукі. Уявіце, як у акно пакоя ярка свеціць сонца, і тады відаць, як у паветры лётаюць часцінкі пылу. А там гэты пыл бачна і без сонца, і яго шмат, бо мы працуем са свінцом, меддзю, алюмініем.

Каля цэха, дзе мы працуем, паляць гэтыя драты. Там пастаянна стаіць слуп чорнага дыму. Калі вецер, дым і ў цэх залятае, дыхаць немагчыма. А вокны не зачыніш, бо летам спякотна, у мінулым годзе даходзіла да +35. Яшчэ мы ж працуем у чорнай робе, выйдзеш у ёй на сонца — за дзве хвіліны ледзь не сонечны ўдар атрымаеш. Нельга нават расшпіліць гузік, бо гэта парушэнне, паедзеш у ШІЗА.

Фота: тг-канал «Вясны»

Некалькі разоў да мяне на зоне прыходзілі кантралёры, шукалі, да чаго прычапіцца. Аднойчы знайшлі мой сшытак, а я туды запісваў розныя цікавыя думкі з кніг, якія чытаў. За гэты сшытак мяне пасадзілі ў ШІЗА.

У мяне заўжды быў унутраны пратэст, ён і тут нікуды не падзеўся, тым больш перад такой моцнай несправядлівасцю. Сядзіш у невялічкім пакойчыку, дзе нічога няма: сцены, дзірка ў падлозе як туалет, рукамыйнік, зэдлік, умантаваны ў падлогу, і такі ж стол. Ціха, нікога і нічога няма, у цябе з сабой толькі зубная паста, шчотка і туалетная папера. На трэці-чацвёрты дзень ты ўваходзіш у своеасаблівы транс, і тады гэта прасцей пражываць — ставішся да ШІЗА як да нормы, і ў ёй існуеш. 

Не магу цярпець несправядлівасць, напэўна, я так выхаваны. У юнацтве ўлазіў у вельмі небяспечныя сітуацыі, каб нечым дапамагчы, кагосьці абараніць. А за кратамі несправядлівасць паўсюль, яна даведзеная да абсурду, і для мяне было невыносна гэта цярпець.

Я днямі хадзіў па той камеры туды-сюды — сем крокаў у адзін бок і сем крокаў у іншы. Лічыў, колькі праходжу такім чынам за гадзіну і колькі за дзень. Калі адседзеў 10 сутак, прайшоў кола з калоніі праз Мінск і Гомель і вярнуўся назад у калонію, яшчэ 10 сутак — дайшоў да Масквы і назад. Пакуль хадзіў, прыдумаў багата ідэй для новага бізнэсу. Пастаянна трэба было нечым займаць сябе, каб твой мозг не вяртаўся ў гэтыя страшныя ўмовы.

Ці ажыццяўлю тыя бізнэс-ідэі? Пакуль што я толькі прыехаў у Варшаву, трэба прыгледзецца, што ды як. Ужо заўважыў, што тут па любой маёй ідэі можна знайсці багата магчымасцяў, можна рабіць вельмі шмат усяго і гэта будзе максімальна эфектыўна. Таксама я зацікавіўся сапраўднай гісторыяй нашай краіны, а не тым, што нам у школе казалі, мяне гэта шалёна ўразіла. Калі ўлягуцца клопаты з пераездам, думаю зрабіць блог і расказваць людзям у цікавай форме, хто мы такія.

У ШІЗА правёў 60 сутак, гэта за два-тры заходы. Калі мяне туды закінулі ўпершыню, хацеў даць ім зразумець, што так нельга, што трэба паказаць ім — такія правілы трэба перагледзець. Вырашыў сесці на сухую галадоўку: трэба будзе памерці — памру, але мо яны хоць нешта пачуюць. 

Пачаў галадаць, а потым трохі перагледзеў свае погляды, паміраць не хочацца. Праз пяць сутак стаў піць ваду, бо інакш пачаліся б незваротныя наступствы, адміралі б органы. Але працягнуў галадаць і прабыў без ежы 14 сутак, моцна скінуў вагу.

Дзён праз 20, калі мне дадалі яшчэ 10 сутак у ШІЗА, вырашыў ускрыцца — парэзаць сабе вены (у турмах гэта папулярны метад пратэсту — НН). Як ускрываўся? Мяне павялі ў душ, у калідоры на паліцы ляжалі неабходныя рэчы — тое, што мне перадалі хлопцы з атрада. У тым ліку там былі маленькія абцужкі, каб можна было падстрыгчы пазногці. Узяў іх і ў душы абцужкамі калупаў сваю руку, спрабаваў ускрыць вены — аказалася, гэта не так проста, як я думаў.

Думаў, яны нешта зразумелі, але яны потым зноў мяне закінулі ў ШІЗА, у тую ж камеру, дзе сядзеў раней. Я зноў парэзаў сабе вены — дапамагло, што ведаў тую камеру і разумеў, чым можна гэта зрабіць. Край паліцы, на якой ляжалі мая паста і шчотка, быў трохі адламаны, і адтуль тырчаў самарэз. Я парэзаў ім сабе скуру і парваў вену, цяпер згадваю — аскома ад гэтага. Але тады трэба было гэта зрабіць — я і зрабіў. У той жа час разумеў, што, хутчэй за ўсё, я не памру і ўсё будзе нармальна, кроў хутка спынілася.

Тады да мяне прыбегла ўсё кіраўніцтва, пачалі моцна хвалявацца. Папрасілі мяне, каб я да канца тэрміну спакойна даседзеў у ПКТ, так і атрымалася. 

У ПКТ на ноч даюць матрац і коўдру, чаго не было ў ШІЗА, можна рабіць сабе гарбату і каву. Я сядзеў у адзіночцы, было нашмат лепш, чым у ШІЗА. Раз на тыдзень бібліятэкар прыносіць туды кнігі, то-бок ты можаш чытаць, там ты можаш часам атрымліваць лісты, нешта запісваць у сшытак. У мяне якраз былі чыстыя сшыткі, так што я сядзеў і пісаў сваю гісторыю, таксама чытаў кнігі, навыпісваў сабе розных часопісаў і газет. 

Не верыцца, што гэта атрымалася, але ўсе тыя сшыткі з маімі запісамі цяпер у мяне з сабой. Гэта недзе 15-16 вялікіх сшыткаў за ўвесь тэрмін — некалі прыдумаю, што з імі можна зрабіць цікавага.

«Для сябе я рады, што пасядзеў у турме і што трапіў туды менавіта ў такой якасці»

Да турмы я быў вельмі далёкі ад юрыспрудэнцыі, паліталогіі і шматлікіх іншых сфер, з якімі пазнаёміўся за кратамі. Сядзіш з рознымі людзьмі, сярод іх шмат прафесіяналаў у сваёй галіне, і кожны дзеліцца чымсьці сваім, а мне ўсё гэта было цікава. 

Цяпер я ведаю крымінальны кодэкс, што ў нас адбываецца ў пенітэнцыярнай сістэме — напэўна, магу экстэрнам здаваць экзамены юрфаку. Тое ж самае з паліталогіяй: мы ж пастаянна гутарым, аналізуем. Сядзеў з вайскоўцамі, былымі супрацоўнікамі органаў, мы з імі разважалі пра розныя рэчы — пастаянна вучышся.

Таксама шмат чытаў, у турме ўсе столькі чытаюць. Асуджаныя за наркотыкі чытаюць фантастыку і фэнтэзі, а мы — карысную літаратуру, я зацікавіўся гісторыяй. Яшчэ я разабраўся ў сельскай гаспадарцы: хаця за кратамі ў цябе няма такога доступу да рэсурсаў, як на волі, але там ты лепш запамінаеш інфармацыю, бо табе даюць самае галоўнае. У мяне ёсць мара пабудаваць эка-вёску, і каб там была невялічкая фермерская гаспадарка — больш не дзеля вытворчасці, а для турыстаў. І пасля турмы я бачу свой праект зусім па-іншаму, ён больш дасканалы, тэхналагічны і экалагічны. Зацікавіўся псіхалогіяй, тым больш што ў турме багата сітуацый, дзе яе можна ўжываць.

Фота: сацсеткі

Адчуваю, што пасля турмы я моцна паспакайнеў, мае сябры таксама гэта адзначылі. Змяняецца ўспрыманне свету. Пакуль жывеш у замкнёнай прасторы з вялікай колькасцю людзей, мусіш з імі неяк узаемадзейнічаць, і гэта складана трываць. Але адаптуешся — думаю, у мяне атрымлівалася няблага. 

Таго, да чаго я прыйшоў у асабістым росце падчас турмы, я б дасягнуў хіба што гадоў у 60, і тое шмат да чаго мог бы не дайсці. Разумею: для сябе я рады, што пасядзеў у турме і што трапіў туды менавіта ў такой якасці. Калі б я здзейсніў нейкае сапраўднае злачынства і сеў у турму, напэўна, гэта б мяне шмат у чым паламала, а ў маім выпадку зняволенне мяне толькі ўзмацніла. Як бы дрэнна гэта ўсё ні было, цяпер, калі краты ўжо ў мінулым, я бачу ў гэтым вялікую карысць.

Месяцы на волі — гэта рай. Я выйшаў і нічога не чакаю ад жыцця, проста прымаю ўсё, што мне дае сусвет, атрымліваю тое, на што ў мяне ёсць запыт. Зусім не хвалююся пра сваю будучыню, і не толькі таму, што на фоне майго мінулага любая будучыня выглядае файна. Вызваліўся і пабачыў, колькі ў мяне сапраўдных сяброў, хаця шмат пра каго і не думаў, што гэта мае сябры. Багата людзей мяне цяпер падтрымліваюць, і жыццё дае мне ўсё, што мне трэба для шчасця. Так што цяпер я шчаслівы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Казачны аднарог
    12.09.2024
    "Разумею: для сябе я рады, што пасядзеў у турме і што трапіў туды менавіта ў такой якасці. ... Так што цяпер я шчаслівы". Што тут яшчэ дадаць?

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»34

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»

Усе навіны →
Усе навіны

Паралізаванаму журналісту прыйшлося паўзці ў прыбіральню ў самалёце10

Упершыню за доўгі час беларускі клуб згуляе ў асноўным раўндзе футбольных еўракубкаў

Ізраільскі ўдар па цэнтры Бейрута: ліванскія ўлады паведамілі пра шэсць загінулых1

Колькасць палітвязняў апусцілася ніжэй за 1300 чалавек. Гэта найменшы лік за два гады1

Цэнтральны вакзал Гамбурга перакрывалі з-за рэдкага смяротнага віруса, які забівае да 90% ахвяр5

Па ТБ паказалі мужчыну, якога называюць сябрам магілёўца, што адбіваўся нажом ад супрацоўнікаў ГУБАЗіК3

Ганна Канапацкая плануе балатавацца на выбарах-202530

Прапагандыст расказаў, як псіхічна хворы год таму збіраўся ўзарваць ледзь не цэлы Мінск8

Адказнасць за ўчарашні тэракт у Ізраілі ўзяў на сябе ХАМАС2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»34

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»

Галоўнае
Усе навіны →