«Добра, што хоць затрымалі на вуліцы і быў у адзенні». 74-гадовы мужчына з Мікашэвічаў выйшаў на волю пасля 15 сутак
Яшчэ і здзёрлі 300 рублёў за сэрвіс на «сутках», амаль палову пенсіі.
74-гадовы Анатоль Прышчык з Мікашэвічаў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Падрабязнасці распавёў берасцейскай «Вясне» ягоны сын Віталь. Пенсіянер Анатоль Прышчык адбываў свой арышт у ізалятары часовага ўтрымання Лунінецкага РАУС.
Сядзеў стары чалавек на жорсткім рэжыме, як для ўсіх палітычных: без пасцельных прыналежнасцяў, ні матраца, ні падушкі, ні коўдры не было выдадзена.
З прадметаў гігіены таксама нічога не давалі і не ўзялі перадачу ў дачкі з гэтым. Наогул не ўзялі ні цёплага адзення, ні прадуктаў, ні вады, толькі таблеткі і акуляры. Два тыдні без прагулак, без душа. Добра, што затрымалі на вуліцы, калі пенсіянер быў у цёплай вопратцы — у ёй усе 15 сутак спаў на жалезных палосках нар.
Уначы двойчы падымалі, каб стары і двое іншых палітычных выгукнулі, хто яны і па якім артыкуле адбываюць пакаранне. Днём трэба было высунуць рукі ў «кармушку» тройчы, каб надзелі кайданкі, затым выводзілі ў калідор, ставілі ля сцяны з той жа справаздачай.
За такі сэрвіс на «сутках» хвораму пенсіянеру трэба яшчэ будзе заплаціць 300 рублёў, амаль палову пенсіі.
Былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і актывіст Анатоль Прышчык быў затрыманы 12 лютага. Пазней яго асудзілі па ч.2 арт.19.11 КоАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за колішнія лайкі ў «Аднакласніках» пад інфармацыяй пра зямлячку Святлану Ціханоўскую, якая родам з Мікашэвічаў. Суддзя Вікторыя Жук не звярнула ўвагі на медычныя заключэнні аб цяжкіх захворваннях Анатоля Прышчыка, таксама праігнаравала і хадайніцтва аб дрэнным стане здароўя яго жонкі, якое было далучана да справы.
Каментары