Культура1515

У новы медаль Францыска Скарыны закралася старая памылка

Узнагарода Аб’яднанага пераходнага кабінета тыражуе міф, якому амаль 200 гадоў.

Новыя медалі Францыска Скарыны ад Аб’яднанага пераходнага кабінета. Фота: тэлеграм-канал АПК

З нагоды Дня роднай мовы АПК прыняў рашэнне ўзнагародзіць выбітных людзей за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы новаствораным медалём Францыска Скарыны. Памылковага русіфікатарскага імя «Георгій» на ім, як на аднайменным беларускім ордэне, ужо няма, а вось іншая памылка, не менш старадаўняя, засталася.

Гаворка ідзе пра славутыя вусы Скарыны. Так, вобраз першадрукара без вусоў выглядае для сучасных беларусаў дзікім, але факты гавораць, што варта змяняць свае ўяўленні.

Арыгінальны партрэт Францыска Скарыны 1517 года з «Кнігі прамудрасці Ісуса, сына Сірахава» (экзэмпляр Навукова-даследчага аддзела рэдкай кнігі Бібліятэкі Акадэміі навук)

Сёння партрэт Скарыны вядомы па дзвюх амаль ідэнтычных гравюрах у ягоных «Кнізе прамудрасці Ісуса, сына Сірахава» (1517) і «Чатырох кнігах Царстваў» (1518). Такіх партрэтных выяваў дзеячаў беларускай культуры XVI стагоддзя лічаныя адзінкі, і партрэт першадрукара ў гэтым шэрагу займае выключнае месца. 

Цікаўнасць да асобы Скарыны як «рускага» друкара ўзнікла сярод расійскіх інтэлектуалаў з другога дзесяцігоддзя ХІХ стагоддзя і няўхільна расла.

Партрэт Скарыны працы Якава Бразера з кнігі «400-годдзе беларускага друку»

Адным з экзэмпляраў «Кнігі прамудрасці Ісуса, сына Сірахава» ў той час валодаў маскоўскі купец Іван Царскі (1789—1853), вядомы як апантаны калекцыянер стараабрадніцкіх рукапісаў і старадрукаваных кніг. Ён заказаў факсімільную копію партрэта Скарыны ў гравёра па медзі Аляксандра Фларова. Флароў, нягледзячы на ўсё сваё мастацкае майстэрства, моцна сказіў і тэкст гравюры, і твар першадрукара, хоць неспецыялістам яны могуць падавацца ідэнтычнымі. 

Ад Царскага копія гравюры трапіла да мастацтвазнаўца прафесара Івана Снегірова (1793—1868), які ў 1830 годзе апублікаваў яе. Наступныя стагоддзі амаль усе даследчыкі абапіраліся на копіі партрэта Скарыны, не маючы доступу да рэдкіх старадрукаў. 

Друкарня Францыска Скарыны ў Вільні. Язэп Драздовіч, 1940—1943 гады

Снегіроў і сам, абапіраючыся на гэтую копію, зрабіў першае апісанне партрэта Скарыны, стаўшы аўтарам вядомага сёння міфа:

«Доктар намаляваны ў пажылых гадах, без барады з вусамі, у шапцы, пішучы за налоем [столікам], які накрыты дываном з выявай на ім сонца і ўключанага ў яго паўмесяца».

Гэтым апісаннем слепа кіраваліся наступныя аўтары. Малады беларускі рух у канцы XIX cтагоддзя ўхапіўся за асобу першадрукара і ўключыў яе ў свой нацыянальны пантэон. Але не маючы сваіх навуковых напрацовак, давялося браць тое, што за стагоддзе напрацавала расійская навуковая думка. Так беларускае скарыназнаўства атрымала ў спадчыну імя «Георгій», вусы і іншыя памылкі.

Партрэт Францыска Скарыны з вучэбнага дапаможніка «Культурныя дзеячы Беларусi». Валянцін і Лілія Варэцы, 1995 год

Імя «Георгій» у скарынаўскім дыскурсе то з’яўлялася, то знікала ў залежнасці ад ідэалагічных поглядаў аўтараў, а пасля пераканаўчых навуковых довадаў і развалу Савецкага Саюза амаль цалкам знікла адусюль. А вось вусы Скарыны ні ў каго пытанняў да апошняга часу не выклікалі.

Абсалютна ва ўсіх вытворных творах мастацтва, якія абапіраліся на вядомую гравюру — на карцінах, на помніках, на мемарыяльных дошках, на ілюстрацыях у школьных падручніках і кнігах для дзяцей, на дзяржаўных узнагародах — Францыск Скарына выяўлены з вусамі.

Вусаты помнік Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нават больш, вобраз вусатага «беларуса № 1», відаць, паўплываў на візуальную культуру ў цэлым — у БССР паўсюдна сталі з’яўляцца такія ж вусатыя і такія ж спрэс безбародыя выявы беларускіх Ясяў, толькі не ў рэнесансным берэце, а ў саламяных капелюшах. Той жа паэт-каваль Паўлюк Багрым, чый выгляд дагэтуль невядомы, у фантазіі мастакоў стаў вылітым Скарынам.

Думку пра Скарыну без вусоў, мабыць, упершыню выказаў адзін з вядучых скарыназнаўцаў Ілля Лямешкін у калектыўным выданні «Аб культурнай памяці аб Скарыне ў Беларусі», апублікаваным у 2017 годзе. Беларускімі даследчыкамі гэтае меркаванне было ўспрынята хваравіта.

Мармуровая галава рымскага консула Марка Ліцынія Краса добра выяўляе мімічныя маршчыны, якія можна прыняць за наяўнасць «вусоў». Фота: Wikimedia Commons

Лямешкін тлумачыць «вусы» Скарыны простай гульнёй светлаценю:

«Святло пад вуглом 90° (ці больш) падае праз акно справа, таму паміж поўнымі шчокамі пад носам утвараецца зацененая прастора ў выглядзе трохкутніка, якую «Майстар тонкага штрыха» (Mistr jemné šrafury) заканамерна штрыхуе. Ва ўласцівай яму манеры выразаюцца і іншыя падобныя месцы: западзінка над падбародкам, каля вачніц, на руцэ і да т. п., аднак нікому не прыходзіць да галавы, што Ф. Скарына культываваў мініятурную бародку пад ніжняй губой, буйныя бровы ці празмернае валасяное покрыва на сваіх канечнасцях. Вусы, г.зн., аб'ект, які выступае, адбівалі б святло і былі б намаляваныя інакш».

Фрагмент партрэта Францыска Скарыны 1517 года з «Кнігі прамудрасці Ісуса, сына Сірахава» (Навукова-даследчы аддзел рэдкай кнігі Бібліятэкі Акадэміі навук)

І сапраўды, маючы сёння якасныя сканы арыгінальных гравюр, можна заўважыць, што «вусы» распадаюцца на іншыя элементы, а таксама бачныя нестыкоўкі рысаў твару з тым апісаннем, што падаецца ў літаратуры.

Напрыклад, вялікая ніжняя губа друкара паказаная светлай, але калі б меліся вусы, то цень ад іх цалкам бы пакрываў ніжнюю губу, яна б была цёмнай, заштрыхаванай. Таксама аўтар гравюры дэтальна паказвае, пасма да пасмы, нават асветленую сонцам частку валасоў на галаве, але не робіць гэтага над вуснамі.

Фактычна ў «вусоў» няма замкнёнага контура, які б падкрэсліваў іхнюю форму і аб’ём.

Як паказаныя бароды і вусы ў мужчын на гравюры «Ісус, Сірахаў сын, памнажае мудрасць» у той жа «Кнізе прамудрасці Ісуса, сына Сірахава»

Абарваныя лініі на твары Скарыны людзі старэйшага веку лёгка знойдуць на сваім твары — гэта мімічныя зморшчыны. Тое, што можна палічыць краем вусоў, гэта насагубная баразна, а тое, што можна прыняць за прамалёўку асобных валаскоў, — зморшчыны ў кутках рота. 

Вакол Францыска Скарыны ў Беларусі склаўся своеасаблівы культ. З аднаго боку, гэта цалкам натуральна, улічваючы маштаб асобы, але з іншага — «забранзавеласць» і «іканічнасць» асобы не даюць змяняць канон таго, як ён мусіць выглядаць, нават калі стары вобраз відавочна непраўдзівы. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Палачанін
    28.02.2024
    Няўжо ня можна было даць людзям на праверку эскізы медалёў? Трэба выкараняць рускі свет з галоў сваіх, шаноўныя спадары
  • дочка Максима Дизайнера
    28.02.2024
    ну так. бо, калі глядзець на
    Арыгінальны партрэт Францыска Скарыны 1517 года з «Кнігі прамудрасці Ісуса, сына Сірахава»
    і бачыць там вусы, то можна пабачыць, што і вейкі (ресницы) ў яго там занадта-занадта вялікія )

    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/337299

  • дочка Максима Дизайнера
    28.02.2024
    АПК чарговы раз сеў у лужыну. дык яны яшчэ і ва ўкраінскіх колерах сваю пабракушку зрабілі

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Усе навіны →
Усе навіны

Нямецкую вёску назвалі найлепшым «разумным горадам» у свеце1

39-гадовы прэм‘ер Марыінскага тэатра ў Пецярбургу загінуў, калі палез праз балкон па наркотыкі11

Міністарка роўных правоў Швецыі пакутуе ад незвычайнай фобіі — яна баіцца бананаў21

Больш за 20 беларусаў выратавалі з рабства на звалцы пад Масквой8

Кіраўніка ЦВК Грузіі на заключным пасяджэнні аблілі фарбай1

Лукашэнка: Беларусы рвуцца па Gucci, Versace і іншую гадасць22

Лукашэнка: Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе35

У 44 гады памёр начальнік міліцыі Слаўгарада. У 2020-м ён скардзіўся на надпіс «3%»29

Апазіцыя ў Абхазіі заклікала грамадзян сабрацца днём ля парламента, каб зноў запатрабаваць адстаўкі прэзідэнта2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Галоўнае
Усе навіны →