Валадар вод і бацька Усяслава Чарадзея. Якімі яшчэ бываюць беларускія цмокі?
Па кітайскім календары сёлета 10 лютага наступіў год Дракона. У беларускім фальклоры яго вобразу адпавядае цмок. Што гэта за звер, расказвае «Зялёны партал».
Цмока ў беларускіх гаворках звалі таксама смок, чмок, змей. Найбольш вядомы персанаж — бадай што Змей Гарыныч. Казкі пра яго шмат хто чуў і чытаў у дзяцінстве, але хіба не кожны ведае, што па адной з версій «радзіма» гэтага казачнага персанажа — рака Гарынь на беларускім Палессі, адкуль і мянушка.
У беларускага цмока можа быць адна, тры, шэсць, сем, дзевяць альбо дванаццаць галоў, якія патыхаюць агнём. Калі герой іх сцінае, галовы могуць адрастаць. Каб гэтага пазбегнуць, рану трэба прыпячы агнём.
Цмок мае таксама крылы, таму можа перасоўвацца ў вадзе, на сушы і ў паветры. Жыве ён у балоце (а дзе ж яшчэ жыць беларускай пачвары!).
Можа жыць таксама ў моры. Вобраз мора ў беларускім фальклоры шматзначны і адсылае да міфалагічнай «вялікай вады», тагасвету.
Валадар вод
Даследчык Сяргей Санько лічыць, што «галоўная міфалагічная функцыя цмока == гэта валадаранне водамі», што даказвае наступнымі аргументамі: «Адно са значэнняў слова «цмок» — гэта вясёлка, якая, паводле павер’яў, высмоктвае ваду з ракі і перапампоўвае яе назад на неба.
Слоўнік Івана Насовіча цалкам падтрымлівае гэта павер’е, даючы асноўныя значэнні слова «цмок» / «смок» у беларускай мове: 1) «насос, машина, употребляемая для перелива какой-либо жидкости»; 2) «железная водосточная труба»; 3) «пожарная труба» (для заліўкі пажару); 4) «сказочное название змея».
Нездарма забіццё Перуном змея выклікае бесперапынныя залевы, якія пагражаюць сусветным патопам. Уратавацца ўдаецца толькі пахаваўшы цмока-змея з дапамогай запрэжанага ў лапаць пеўня. Напрыклад, ля вёскі Дабрынь Дубровенскага раёна ёсць Змеевы магілы, якія, па легендзе, утварыліся менавіта такім чынам.
Цмок-узбагачальнік
Певень мае дачыненне да нараджэння змея, якога можна ўмоўна прыручыць: па адной з версій, каб выгадаваць сабе цмока, які будзе насіць грошы, гаспадар павінен тры гады трымаць за пазухай яйка, знесенае чорным пеўнем.
А калі вылупіцца, штодня карміць гадаванца малаком ці свежаспечанай яечняй (а гэта для селяніна не абы-якія выдаткі), інакш цмок можа спаліць хату. Такі змей лётае ў вобразе вогненага шара, можа ператварацца ў чалавека і носіць гаспадару чужыя багацці.
Пра таго, хто жыве, як сёння сказалі б, на непрацоўныя даходы, ці каму проста вельмі шанцуе ў грашовых справах, казалі, што «яму цмок грошы носіць».
Магчыма, менавіта вобраз такога хатняга цмока развіваецца ў былічках, якія апавядаюць, што цмок мог пераўвасабляцца ў прыгожага юнака, хадзіць на вечарыны, заляцацца да дзяўчат, а крылы хаваць пад пінжаком.
Больш за тое, цмок мог займацца з дзяўчынай сэксам, але ў яе, па адной з версій, не нараджаліся дзеці. Казалі, «ад іх не бываець». Памерлы ў вобразе вогненнага цмока мог прылятаць да сваёй удавы. Ад такой сувязі дзяўчаты і жанчыны марнелі і з часам паміралі, калі не здагадваліся, што іх каханак — змей, і не стасавалі ахоўных сродкаў.
Па іншай версіі, зямная жанчына ўсё жа такі магла зацяжарыць ад змея. Навукоўцы пішуць: «Гэты матыў вельмі старажытны на беларускіх землях і сустракаецца яшчэ ў паганскія часы. Яго зафіксавала быліна пра Волха Усяславіча, у вобразе якога даследчыкі бачаць бацьку гістарычнага полацкага князя Усяслава Чарадзея».
Змаганне святога Юр’я з Цмокам
Па ўсёй Еўропе на абразах і ў скульптурах святога Юр’я выяўляюць падчас працінання цмока кап’ём. У Беларусі сустракаюцца песні, якія апавядаюць гэту гісторыю. Найчасцей іх выконвалі падчас посту перад Вялікаднем. Вось адзін з такіх тэкстаў:
Жылі людзі няверныя,
Ня верылі госпаду богу,
А верылі бяздэннаму цмоку,
Давалі дань па чалавеку.Была ў караля адна дачка,
Адна дачка Настасічка.
Узяў кароль сваю дачку,
Сваю дачку за правую ручку.Павеў дачку к сіняму мору.
Пасадзіў дачку на беражочку.
— Сядзі, дачка, не ўлякайся,
На госпада бога спадзявайся.Бяздэнны цмок морам плывець,
Святы Юры на кане едзіць.
Бяздэнны цмок к берагу падплываець,
Святы Юры канем націскаець.Як цяў меччу па яго плеччу,
Як цяў кап’ем па яго рабром.
Сіняя полынь у яго роту,
Пакурыўся дым із яго вушэй,
Пасыпаліся іскры із яго вачэй.
Бяздэнны цмок патануў на дно,
Святы Юры на бераг выплыў.
А вось іншы варыянт песні пра Юр’я і Цмока, апрацаваны гуртом «Стары Ольса»:
Фактычна апісанае ў казках змаганне героя са Змеем Гарынычам — гэта сюжэт-папярэднік пазнейшага, хрысціянізаванага сюжэта пра святога Юр’я і цмока. Даследчыкі праводзяць паралелі са старажытнагрэцкім міфам пра Персея, які забіў марскую пачвару і выратаваў Андрамеду.
Змей-кравец
Адпаведна беларускім павер’ям, змей можа жыць таксама ў камянях, якія атрымлівалі назву «шаўцы» ці «краўцы». Такія валуны часцей за ўсё знаходзіліся ў нізіне, ля вады (а як мы ўжо ведаем, змей-цмок валадарыць водамі).
Да камяня нібыта можна прынесці тканіну ці скуру, а змей за ноч пашые якаснае адзенне ці боты. Праўда, яго вырабы нельга надзяваць у царкву, дзе яны распаліся б на кавалкі.
Вось толькі некаторыя мясцовасці, ля якіх ёсць такія валуны: «шаўцы» — каля Лукомля, а таксама каля вёсак Куранец Вілейскага раёна, Камень і Дамінова Валожынскага, а «краўцы» — каля Вароніна Сенненскага раёна, Краснікі — Докшыцкага.
Культ камянёў распаўсюджаны пераважна ў паўночнай Беларусі, дзе іх шмат дзякуючы колішняму ледавіку са Скандынавіі.
Такім чынам, беларусам вобраз кітайскага дракона не чужы, падобныя істоты апісаныя і ў нашым фальклоры.
Каментары