Грамадства11

«Вось дзяўчыне вочкі, каб былі яскравыя ночкі». У Скірмантаве захавалі старажытны абрад 18+, пра які вы маглі нават не чуць

Сапраўдныя фанаты вандровак па Беларусі дакладна чулі пра аграгарадок Скірмантава: побач знаходзіцца найвышэйшая кропка краіны — гара Дзяржынская. Але вядомая вёска не толькі гэтым. Мясцовыя жыхары здолелі захаваць незвычайны абрад «Ката пячы» і ўжо не першы год — з песнямі, жартамі і гульнямі — ладзяць яго ў мясцовым доме культуры. Журналісты Onliner пабывалі на ігрышчы, пакаштавалі ката і падрыхтавалі атмасферны рэпартаж пра тое, як людзі шануюць і берагуць традыцыю.

Усе фота: Настасся Чубенка, Тарас Шчыры / Onliner

Адкуль узяўся гэты абрад і хто яго праводзіць?

«Ката пячы» — выключна рэгіянальная з'ява, якая яшчэ ў мінулым стагоддзі ў розных варыяцыях была распаўсюджана на Міншчыне. Напярэдадні Піліпаўскага (Каляднага) посту, які пачынаецца 28 лістапада, людзі збіраліся ў вялікай хаце і праводзілі ігрышча — з гульнямі, песнямі і танцамі. Яшчэ ў 1970-х гадах у ката гулялі незамужнія дзяўчаты ў вёсцы Старынкі, што ў Вілейскім раёне. Аднак традыцыя знікла і, відаць, захавалася толькі ў Скірмантаве.

Да гэтага спрычынілася мясцовая жыхарка — стваральніца народных ансамбляў Соф'я Радзько. Яна паходзіла з суседняй вёскі Якуты і памятала, як у ката калісьці гулялі яе бацькі, аднавяскоўцы, а таксама жыхары ваколіц. У выніку разам з паплечнікамі яна адрадзіла традыцыю, а цяпер «Ката пячы» разам з аднадумцамі ладзіць ейная нявестка — загадчыца аддзела культуры і вольнага часу мясцовага СДК Наталля Радзько.

— Разам з Соф'яй Адольфаўнай мы некалі працавалі ў доме культуры і першапачаткова паставілі праграму «Вечарынка ў вёсцы», — прыгадвае суразмоўніца. — У межах гэтай праграмы яна навучыла нас разнастайным песням і танцам, якія мы выконваем і дагэтуль. Пасля нас запрасілі на тэлепраграму «Запрашаем на вячоркі», і потым яна сказала: «Дык у мяне ж яшчэ ёсць праграма!» Тады і распавяла пра ката. Было гэта ў 1987 годзе. Мы зацікавіліся, запісалі песні, жарты, і ў выніку атрымаўся цудоўны абрад.

Спачатку з абрадам на шырокую прастору не выходзілі — пра яго ведалі пераважна мясцовыя. Але як толькі пра яго даведалася прэса, у Скірмантава паехалі і журналісты, і турысты. Гэтым разам у госці завітаў фальклорны гурт «Скарбніца традыцый».

Зразумела. А які сэнс у гэтым ігрышчы?

Наталля Радзько называе ката апекуном сямейнага дабрабыту, шчасця і пладавітасці. У беларускай міфалогіі кот нярэдка паўстае як адмоўны персанаж, але ў Скірмантаве любяць казаць, што ў іх каток руды, як сонейка, і чорнага — злога — гоніць прэч. На ігрышчы збіраліся як дарослыя, так і моладзь. З той прычыны, што ўжывалі алкаголь, дзяцей не было. Жанатыя/замужнія проста адпачывалі, а вось адзінокіх хлопцаў і дзяўчат намагаліся звесці. «У нас нават ёсць пары, якія пазнаёміліся падчас ігрышча і пасля пабраліся шлюбам. Як бачым, абрад гэтаму спрыяе», — падкрэслівае спадарыня Наталля.

Прастора, у якой адбываецца абрад, сімвалізуе сялянскую хату. Як ужо зразумела, галоўны герой — гэта кот. Яго адмысловым чынам пякуць, вушкі робяць з сала, вочкі — з сушаных чарніц ці шыпшыны, раток фармуюць з яблык, а хвост — з хатняй каўбасы. Калі ў доме збіраліся госці, усе пачыналі весяліцца, танцаваць і пыталіся ў гаспадароў: «Ну калі ўжо кот будзе гатовы?»

Раней гульня праходзіла ў доме Соф'і Радзько, цяпер — у доме культуры

Тады ката выносяць, падвешваюць пад самую столь, і тут пачынаецца самае цікавае — гульня з ім.

Чалавек мусіць падскочыць і адкусіць кавалачак. Калі не атрымалася, ён павінен выканаць фант — заданне. Ну напрыклад, спець, станцаваць ці паўдзельнічаць у якой-небудзь вясёлай гульні. «Пост наперадзе ж — пагуляць трэба», — усміхаецца спадарыня Наталля.

Усе сядаюць за стол. Свацця, якая вядзе рэй на ігрышчы, дзеліць ката паміж усімі ўдзельнікамі і кожнаму складае зычэнні. Часам даволі далікатныя.

— Кожны кавалачак штосьці азначае, — кажа Наталля Юшкевіч, якая падчас абраду выконвае ролю свацці. — Пачынаем з галавы, бо галава — гэта гаспадар і гаспадыня, якія нас чакаюць і накрываюць нам стол. На галаве, калі вы бачылі, ёсць вушкі. І вушкі [даём], каб муж не хадзіў да падружкі. На галаве таксама ёсць шчочкі. Адну дару жанчыне, каб яе любіла дочка, а другую — маладой жанчыне, якая, магчыма, толькі выйшла замуж: зычу, каб у яе хутчэй нарадзіўся сыночак. А вочкі я даю маладой дзяўчыне (якая на выданні), каб ёй пашанцавала і ў яе былі яскравыя ночкі. І так далей. Лапкі, напрыклад, дару жанчынкам, каб муж заўжды быў ля хаткі. А вось бачок — мужчыну, каб быў здаровы як бычок.

Кот — гэта ахоўнік сямейнага дабрабыту, і кожная частачка, паўтаруся, штосьці азначае.

З той прычыны што самотных імкнуліся пазнаёміць, кожная гульня таксама мае падтэкст. Самай незвычайнай падаецца забаўка, калі жанчына кладзецца спінай на састаўленыя зэдлікі, і два мужчыны, нібы пілуючы бервяно, пачынаюць рабіць ёй масаж падушкай: ад ног і да шыі.

— Гэта не масаж, — усміхаецца Наталля Юшкевіч. — Гэта называецца «габляваць жанчыну». Для гэтай гульні выбіралі ўжо замужнюю жанчыну. Такую дзёрзкую, языкастую, каб яе крышачку прагабляваць, так бы мовіць, прыдаць ёй форму.

А як ставяцца да гэтага абраду эксперты? Яго прымаюць?

Так. Прычым летам 2017 года абрад «Ката пячы» ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Жыхароў Скірмантава нярэдка запрашаюць правесці ігрышча ў іншых населеных пунктах Беларусі, і яны нават адаптавалі абрад для дзяцей. «Ката пячы» стаў брэндам нашага аграгарадка, і праз гэты абрад пра нас ведаюць. Нас паказвалі па тэлебачанні, мы шмат выступалі з абрадам за межамі раёна. Рэклама ў ігрышча добрая», — кажа Наталля Радзько. Яна ўпэўнена, што абрад ужо не знікне, яго працягне ладзіць моладзь.

Калі хочацца адчуць сапраўдную атмасферу ігрышча, варта дакладна ехаць у Скірмантава — ад Мінска ўсяго 40 кіламетраў. Гасцям тут заўжды рады.

Каментары1

  • Калядоўшчыкі
    03.12.2023
    Во гэта паці, запрашэнню ўдзельнікаў якіх нельга адмовіць :3

    Увогуле, вельмі заўважны кантраст паміж расейскімі традыцыйнымі святамі, якія часцей зводзяцца да конкурсаў «хто зробіць жанчыне найбольш балюча», гвалту на дзецьмі, цкавання, п'яных драк і «гы-гы, глядзі — гей!» — ды беларускімі, дзе бытуюць сапраўды смешныя забавы, а ўсялякія пацешныя жаніцьбы нясуць у сабе пазітыўны сэнс: хай у маладых далей усё будзе добра; а не тыя здзекі, што ў выніку скончваюцца выцісканнем частцы дзяўчын у катэгорыю недатыкальных.

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →