У Расіі ЦВК знайшоў у подпісах за Надзеждзіна памылкі, якія «выклікаюць здзіўленне»
Надзеждзіна і іншага прэтэндэнта Малінковіча запрашаюць 5 лютага прыехаць у камісію.
Намеснік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Расіі Мікалай Булаеў заявіў, што ў падпісных лістах, якія здалі Барыс Надзеждзін («Грамадзянская ініцыятыва») і Сяргей Малінковіч («Камуністы Расіі») для вылучэння ў кандыдаты на прэзідэнцкія выбары, ЦВК выявіў памылкі, якія выклікаюць здзіўленне, піша «Коммерсант».
Спадар Булаеў паведаміў, што Камісія запрашае Надзеждзіна і Малінковіча прыехаць 5 лютага, каб прадставіць ім вынікі праверачных працэдур і пратаколы аб выяўленых у часе праверкі парушэннях.
Як заявіў намеснік старшыні ЦВК, камісія, як правіла, не ўлічвае «недакладнасці ў напісанні», выяўленыя ў некаторых падпісных лістах.
«Але калі мы бачым дзясяткі людзей, якіх на гэтым свеце ўжо няма, а яны паставілі подпіс, узнікае пытанне ахайнасці, этычных нормаў, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку і зборшчыкам подпісаў. У нейкай ступені кандыдат да гэтага датычны», — пракаментаваў спадар Булаеў папярэднія вынікі праверкі падпісных лістоў кандыдатаў ад «Грамадзянскай ініцыятывы» і «Камуністаў Расіі».
Намеснік старшыні ЦВК падкрэсліў, што камісія не дапускае ніякіх суб'ектыўных ацэнак пры праверцы подпісаў.
Кіраўнік ЦВК Эла Памфілава у ходзе пасяджэння заявіла, што камісія плануе абвясціць рашэнне аб допуску пакінутых кандыдатаў да прэзідэнцкіх выбараў 7 лютага.
Выбары прэзідэнта Расіі прызначаныя на 17 сакавіка 2024 года. Галасаванне пройдзе ў тры дні — 15, 16 і 17 сакавіка.
На гэты момант ЦВК зарэгістраваў чатырох кандыдатаў у прэзідэнты: Леаніда Слуцкага (ЛДПР), Мікалая Харытонава (КПРФ), Уладзіслава Даванкова («Новыя людзі») і Уладзіміра Пуціна (самавылучэнец).
Фізік, бард і шматдзетны бацька — хто такі Барыс Надзеждзін, за вылучэнне якога ў Расіі людзі стаяць у чэргах, каб пакінуць свой подпіс
«Каб не зрабіўся расійскай Ціханоўскай». Адміністрацыя прэзідэнта Расіі рэкамендавала не дапускаць Надзеждзіна да выбараў
Каманда Навальнага абвясціла сваю стратэгію на дзень прэзідэнцкіх выбараў
Каментары