Свет2323

Фізік, бард і шматдзетны бацька — хто такі Барыс Надзеждзін, за вылучэнне якога ў Расіі людзі стаяць у чэргах, каб пакінуць свой подпіс

Падавалася, што прэзідэнцкая электаральная кампанія ў Расіі не прынясе нічога цікавага. Але ў апошнія дні ў інтэрнэце сталі пашырацца кадры, на якіх відаць чэргі людзей ля пунктаў збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на выбарах Барыса Надзеждзіна. Расказваем, чым ён адметны.

Барыс Надзеждзін Борис Надеждин Boris Nadezhdin
Барыс Надзеждзін. Фота: старонка палітыка ў ВКантакце

Хто падтрымлівае Надзеждзіна

У падтрымку Барыса Надзеждзіна выказаўся Міхаіл Хадаркоўскі. «Пастаўце подпіс за Барыса Надзеждзіна. У вас засталося менш за тыдзень, каб такім чынам выказаць сваю антываенную пазіцыю, нават калі Надзеждзін — не ваш кандыдат», — напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.

Барыс Надзеждзін Борис Надеждин Boris Nadezhdin
Сайт Барыса Надзеждзіна. 

Паплечніца Аляксея Навальнага Любоў Собаль у X (Twitter) напісала: «Не змяняючы свайго стаўлення да Надзеждзіна, далучаюся да заклікаў пакінуць за яго подпіс. Подпіс не роўна галасаванне і не абавязвае таго, хто падпісаў, ні да чаго, але ён дае магчымасць паказаць, што ў расійскага грамадства ёсць запыт на палітычнае прадстаўніцтва і новыя галасы».

Як піша BBC, пакінуць подпіс за Надзеждзіна заклікаюць і іншыя чальцы каманды Навальнага — Георгій Албураў і Руслан Шаведдзінаў. У падтрымку збору выказаліся палітолаг Кацярына Шульман, блогеры Максім Кац і Ілля Варламаў, журналістка Кацярына Дунцова, якая таксама збіралася ўдзельнічаць у выбарах, але ЦВК яе не зарэгістраваў.

У штабах па зборы подпісаў за Надзеждзіна мясцовыя апазіцыянеры. Сярод іх — дэмакраты з 1990-х, былыя і сённяшнія члены партыі «Яблоко», экс-члены ліквідаванай у 2023 годзе Партыі народнай свабоды (ПАРНАС), якая выражала інтарэсы шматтысячных мітынгаў «За чэсныя выбары» ў 2011-2013 гадах.

Такое разнастайнае кола палітыкаў і актывістаў, якія не заўсёды ладзяць паміж сабой, але цяпер гуртуюцца вакол Барыса Надзеждзіна, у пэўнай ступені адлюстроўвае ягоны палітычны шлях апошніх 35 гадоў. Надзеждзіна за гэты час кідала шмат куды, а таму для ўсіх ліберальных апанентаў пуцінскага рэжыму ён адначасова і не вельмі свой, і не вельмі чужы. Карацей, кампрамісная фігура. Хто ж ён такі і адкуль узяўся?

Спачатку пра асабістае

Маці нарадзіла Барыса дастаткова рана (у 20 гадоў) у Ташкенце ў 1963 годзе, а праз тры гады сям'я пераехала ў Даўгапрудны пад Масквой.

Барыс Надзеждзін быў тройчы жанаты, мае чатырох дзяцей. Першая дачка нарадзілася ў 1982 годзе, а апошні сын — у 2013 годзе, калі Барыс ужо быў дзедам.

Хобі Надзеждзіна — аўтарская песня. Ён выпусціў чатыры дыскі ўласных песняў. Таксама палітык не хавае, што захапляецца кампʼютарнымі гульнямі і перажыў два інфаркты міякарду (2008 і 2019 гады).

Ад захаплення фізікай да палітыкі

Барыс з дзяцінства праяўляў здольнасці да фізікі, скончыў спецыялізаваную школу-інтэрнат фізіка-матэматычнага профілю, а затым з адзнакай Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. Надзеждзін хутка абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага навуковага цэнтру па вывучэнні ўласцівасцяў паверхні вакууму.

У часы перабудовы ў 1988 годзе Надзеждзін заснаваў кааператыў «Інтэграл» (займаўся рэпетытарствам і выданнем вучэбнай літаратуры), а ў 1990 годзе стаў дэпутатам Даўгапрудскага гарсавета. У кастрычніку 1991 года ён далучыўся да Руху дэмакратычных рэформаў, лідарамі якога былі Гаўрыіл Папоў і Анатоль Сабчак.

Пазней (у 1993 годзе) Надзеждзін атрымаў юрыдычную адукацыю, працаваў у Фондзе маёмасці Маскоўскай вобласці, быў намеснікам дырэктара Інстытута структурнай і інвестыцыйнай палітыкі ў Маскве.

У 1997-1998 гадах Барыс Надзеждзін быў дарадцам тагачаснага намесніка старшыні ўрада Расіі Барыса Нямцова, памочнікам старшыні ўрада Сяргея Кірыенкі. У 1999 годзе стаў дэпутатам Дзяржаўнай думы ад блока «Саюз правых сіл», быў намеснікам старшыні фракцыі ў парламенце, якую ўзначальваў Барыс Нямцоў.

Барыс Надзеждзін і Сяргей Кірыенка Борис Надеждин и Сергей Кириенко Barys Nadezhdin and Siarhei Kiriyenko
Барыс Надзеждзін і Сяргей Кірыенка. Фота: старонка палітыка ў ВКантакце

Дэпутацтва ў Дзярждуме стала пакуль пікам палітычнай карʼеры Надзеждзіна. Пазней ён спрабаваў зноў туды патрапіць, але не здолеў. У 2007 годзе марнай была і спроба стаць дэпутатам Маскоўскай абласной думы. Толькі ў 2019 годзе Барыс Надзеждзін быў абраны ў гарадскі савет Даўгапруднага ад партыі «Адзіная Расія».

Акрамя палітычнай дзейнасці, Надзеждзін да 2016 года ўзначальваў кафедру права Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута.

На выбарах у Дзяржаўную думу ў 2021 годзе Надзеждзін быў кандыдатам ад партыі «Справядлівая Расія». Сустаршыня партыі Захар Прылепін выказваў незадаволенасць гэтым, бо лічыў, што праграмныя ідэі партыі не адпавядаюць ліберальным поглядам Надзеждзіна. У выніку выбары Барыс прайграў.

У 2023 годзе Надзеждзін вылучаў сваю кандыдатуру на выбарах губернатара Маскоўскай вобласці ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», але яму адмовілі ў рэгістрацыі.

У снежні 2023 года Барыс Надзеждзін быў вылучаны кандыдатам на прэзідэнцкія выбары ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва».

Палітычныя погляды

У біяграфіі Надзеждзіна ёсць перыяд з 2008 па 2011 год, калі ён уваходзіў у Федэральны палітычны савет правацэнтрысцкай партыі «Правое дело» Міхаіла Прохарава і быў лідарам маскоўскага абласнога аддзялення.

У той час ён выступіў з нацыяналістычнымі лозунгамі кшталту «Падмаскоўе — гэта руская зямля» і заяваю, што ў маскоўскае абласное аддзяленне партыі ўступаюць афіцэры і «маладыя брытагаловыя». У выніку некаторыя члены партыі прапаноўвалі выключыць Надзеждзіна з яе шэрагаў.

У канцы снежня 2011 года Надзеждзін пакінуў партыю. А ў лютым 2012 года ён адправіў у перадвыбарныя штабы ўсіх кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах прапанову стаць даверанай асобай. У выніку Надзеждзін стаў даверанай асобай Сяргея Міронава.

Тэлегледачу Надзеждзін вядомы як удзельнік розных палітычных шоу, дзе выказвае апазіцыйныя погляды. Напрыклад, у сакавіку 2023 года ў перадачы «Месца сустрэчы» на НТБ Надзеждзін выказаўся катэгарычна супраць размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі.

А ягоная думка, што Лукашэнка, «калі тут будзе крызіс ці смута ў Расіі, першы пабяжыць з нашай ядзернай зброяй здавацца на Захад» выклікала бурную рэакцыю Вадзіма Гігіна.

У маі 2023 года ў эфіры федэральнага тэлеканала «НТВ» Надзеждзін сказаў:

«Пры цяперашнім палітычным рэжыме нам не свеціць вярнуцца ў Еўропу. Трэба проста выбраць іншае кіраўніцтва краіны, якое спыніць гэтую гісторыю з Украінай і выбудуе нармальныя адносіны з еўрапейскімі краінамі».

Чытайце яшчэ:

Расійскі палітык: «Лукашэнка першым пабяжыць з ядзернай зброяй здавацца на Захад». Гігін кінуўся на абарону

У Расіі выстройваюцца чэргі, каб падпісацца за кандыдата Надзеждзіна

«Прапаганда гаворыць: «Мы — рускія». А мы не рускія». Башкірскія актывісты заклікалі да пратэстаў і ў іншых нацыянальных рэспубліках

Каментары23

  • Ганьба
    22.01.2024
    Звычайны спойлер.
  • некрасов
    22.01.2024
    имперскости у него предостаточно.  как и у большинства русcких. 
     
  • Раша зебест
    22.01.2024
    Людцы. Вас зноу наё

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі12

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі

Усе навіны →
Усе навіны

У Бярозе з'явілася новая славутасць — Мюнхгаўзэн1

Беларуская кухня за год пагоршыла свае пазіцыі ў свеце3

У Мінску ўзніклі праблемы з інтэрнэтам у абанентаў А12

Пуцін назваў кампазітара Пахмутаву Аляксандрай Мікалаевічам Патрушавым12

У свецкіх лэдзі Мінска спыталі, што яны хацелі б у падарунак ад мужа10

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы6

Селена Гомес заявіла, што выходзіць замуж і паказала заручальны пярсцёнак ФОТАФАКТ2

Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу28

Часопіс Time абвясціў Трампа Чалавекам года1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі12

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі

Галоўнае
Усе навіны →