Кіно

Што паглядзець. Пяшчотная драма «Мінулыя жыцці»

Прыгожая і бясконца настальгічная гісторыя страчанай любові і дзіцячай закаханасці — няпройдзеныя дарогі, непражытыя жыцці, бессэнсоўная раскоша шкадавання. Многія крытыкі адзначылі «Мінулыя жыцці» (Past Lives) як адзін з найлепшых фільмаў года. Пра што ён і чаму варты таго, каб прысвяціць яму вечар.

Teo Yoo and Greta Lee
Тэа Ю і Грэта Лі ў стужцы студыі А24 «Мінулыя жыцці» — адным з найлепшых фільмаў 2023 года. Фота: А24 via Everett Collection

З часу прэм'еры ў студзені 2023-га года стужка «Мінулыя жыцці» збірала выключна захопленыя водгукі гледачоў, атрымлівала высокія ацэнкі крытыкаў і была цёпла прынятая на розных кінафестывалях. Але не чакайце ад яе нечага сенсацыйнага ў плане відовішчнасці і сюжэтных паваротаў. Рэжысёрка Селін Сонг адмаўляецца ад празмерных эмоцый і аддае перавагу чамусьці больш спакойнаму і стрыманаму.

Бадай, самая складаная эмоцыя ў фільме — гэта роспач ад развітання з бясконцымі магчымасцямі, ад аплаквання ўсіх жыццяў, якія гераіня (і мы, гледачы) маглі б пражыць. У эпоху, калі мы вымушаныя бясконца сачыць за жыццём іншых у сацыяльных сетках і ўвесь час марыць пра альтэрнатыўныя версіі сябе, у нейкім сэнсе трагедыяй можа стаць усведамленне таго, што нельга бясконца выбіраць новыя і новыя опцыі — бо нас звязваюць абавязкі, намі ж добраахвотна прынятыя. Уласнае жыццё пачынае здавацца вельмі вузкім, але затое яно больш рэальнае. Выбраць яго — гэта і ёсць адзін з самых смелых учынкаў, якія можна зрабіць.

Гэта з цяжкасцю заваяванае прызнанне выходзіць на першы план у марах, якія юная Нора фармулюе, калі мы ўпершыню бачым яе ў Карэі, дзе яна насіла карэйскае імя На Ён.

«Карэйцы не атрымліваюць Нобелеўскай прэміі па літаратуры», — кажа яна сваім аднакласнікам, спрабуючы растлумачыць, чаму яе сям'я пераязджае ў Канаду.

Пазней, калі ёй 20, Нара кажа пра сваё імкненне да Пулітцэраўскай прэміі. Калі Норы 30, яна пагаджаецца на «Тоні» — усё яшчэ далёкая перспектыва, але ўжо адпаведная рэальнасці.

Нора — драматургіня з Карэі, якая двойчы імігравала, каб дабрацца да Нью-Ёрка і аказацца на парозе шматабяцальнай кар'еры разам з амерыканскім мужам-пісьменнікам Артурам. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, яна ўвесь час прыгадвае сваё жыццё ў Сеуле і свайго дзіцячага сябра Хэ Сона, з якім яна нечакана зноў выйшла на сувязь праз Skype і Facebook (цяпер лічбавыя медыя ў любы час прапануюць балючы і небяспечны доступ да мінулага).

Муж Норы Артур не становіцца перашкодай у яе стасунках з сябрам дзяцінства; ён разумее, што Хэ Сон значыць для Норы, і не паддаецца звычайнай рэўнасці. Праўда, калі ён пытаецца ў яе, ці шчаслівая яна з ім, яна злёгку бянтэжыцца. «Я павінна быць тут, дзе я ёсць», — кажа Нора. Яе голас трохі дрыжыць.

У «Мінулых жыццях» мала дзеяння і шмат размоў, але рэжысёрцы атрымліваецца зрабіць гэтыя размовы на здзіўленне кінематаграфічнымі; у доўгіх дыялогах няма нічога ненатуральнага або тэатральнага. «Візуальна стужка зачароўвае спалучэннямі вадзяніста-блакітнага і зямліста-зялёнага колераў з гарадскім святлом. Цудоўны саўндтрэк, напісаны музыкамі з Grizzly Bear, магічна ахутвае Хэ Сона і Нору, пакуль яны то рухаюцца насустрач адно аднаму, то аддаляюцца», — зазначае Рычард Лоўсан з Vanity Fair.

Чырвонай ніткай праз увесь фільм праходзіць карэйскае паняцце «Ін-Юн» — канцэпцыя чалавечых сувязяў, перараджэння і мінулых жыццяў. Абмяркоўваючы гэты панятак, героі разважаюць пра выбар і лёс, волю выпадку і зменнасць варункаў. Ці былі б Хэ Сон і Нора разам і закаханыя адно ў аднаго, калі б Нора не з'ехала шмат гадоў таму? Хто можа ведаць?

«Мінулыя жыцці» таксама тонка і шчымліва распавядаюць пры жыццё мігранта, пра тое, што значыць пакінуць адно жыццё — верагодна, назаўжды — у абмен на іншае (але ўвесь час думаць пра тую альтэрнатыўную версію цябе, якая б магла застацца ў роднай краіне). Пры гэтым фільм не напоўнены шкадаваннем. Гэта хутчэй удумлівае разважанне пра тое, што не ўвасабляецца ў рэальнасць, але назаўжды застаецца цякучым і няўлоўным у свядомасці.

Акцёры Лі і Ю чалавечныя і вельмі прыцягальныя, яны выдатна граюць на працягу ўсяго фільма, адлюстроўваюць шматлікія нюансы настрояў, а ў фінале раскрываюцца напоўніцу. Здаецца, кожны глядач адчуе ціхі і хвалюючы смутак, які бруіцца паміж гэтымі двума персанажамі, калі ўсё іх прагматычнае дарослае разуменне змешваецца з тагасветным адчуваннем таго, што яны плывуць па вятрах лёсу. «Мінулыя жыцці» — рэжысёрскі дэбют карэянкі Селін Сонг — аб пакоры і прыняцці згубленых магчымасцяў, без якіх немагчымы далейшы рух у жыццё.

Больш пра кіно:

Круз, Вонка і дзіця Беларусі: топ-10 фільмаў года

«Вонка» — фільм-мюзікл для тых, хто прагне святочнай магіі

«Хлопчык і птушка»: у кінатэатрах чарговы шэдэўр Міядзакі пасля 10-гадовага перапынку 

«Усё ўсюды і адразу»: у чым магія фільма, які атрымаў сем «Оскараў»?

Каментары

Лукашэнка стаў прадзедам5

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

Адзін са спарынг-партнёраў Лукашэнкі пазабаўляўся, даўшы інтэрв'ю нейрасетцы1

У Гомелі асудзілі ўкраінца і двух беларусаў за «агентурную дзейнасць» і «здраду дзяржаве». Летась пра іх паказвалі фільм

У цэнтры Мінска таксіст пратараніў некалькі машын ВІДЭА1

У Мінску каля Камароўкі заўважылі цэлую зграю свойскіх пацукоў. На рынку кажуць, што гэта не іхнія ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам5

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →