Жыхары Паўднёвай Карэі сталі маладзейшымі. А ўсё з-за таго, што адмянілі цікавыя методыкі падліку
Новы закон адмяняе традыцыйныя сістэмы, згодна з якімі паўднёвакарэйцам пры нараджэнні быў адзін год, бо ўлічваўся час, праведзены ва ўлонні маці. І не толькі гэта.
Жыхары Паўднёвай Карэі сталі на год ці нават два маладзейшыя, бо новы закон прыводзіць два традыцыйныя метады падліку ўзросту ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, піша Бі-бі-сі.
Закон адмяняе адну з традыцыйный сістэм, згодна з якой паўднёвакарэйцам пры нараджэнні быў адзін год, таму што ўлічваўся час, праведзены ва ўлонні маці.
Іншая методыка паказвала, што ўсе людзі старэюць на год кожны першы дзень студзеня, а не ў дзень іх нараджэння.
Пераход да падліку ўзросту на аснове даты нараджэння ўступіў у сілу ў сераду.
Прэзідэнт Юн Сок Ёль рашуча выступаў за перамены, калі балатаваўся на гэтую пасаду ў мінулым годзе. Традыцыйныя метады падліку ўзросту прывялі да «непатрэбных сацыяльных і эканамічных выдаткаў», як казаў ён.
Напрыклад, паўсталі спрэчкі наконт страхавых выплат і вызначэння права на ўдзел у праграмах дзяржаўнай дапамогі.
Раней найбольш шырокім метадам разліку ў Карэі была шматвяковая сістэма «карэйскага ўзросту», згодна з якой чалавеку пры нараджэнні спаўняецца год, а 1 студзеня яму дадаецца год.
Гэта нават азначала, што дзіцяці, якое нарадзілася 31 снежня, на наступны дзень споўніцца два гады.
Асобная сістэма «падліку ўзросту», якая таксама традыцыйна выкарыстоўвалася ў краіне, лічыла чалавеку нуль пры нараджэнні і дадавала адзін год 1 студзеня.
Гэта азначае, што, напрыклад, па стане на 28 чэрвеня 2023 года чалавеку, які нарадзіўся 29 чэрвеня 2003 года, 19 гадоў па міжнароднай сістэме, 20 гадоў па сістэме «падліку ўзросту» і 21 год па сістэме «карэйскага ўзросту».
Паводле апытання, праведзенага мясцовай фірмай Hankook Research у студзені 2022 года, трое з чатырох паўднёвакарэйцаў таксама выказаліся за стандартызацыю.
Заканадаўцы прагаласавалі за адмову ад традыцыйных метадаў падліку гадоў у снежні мінулага года.
Японія прыняла міжнародны стандарт у 1950 годзе, а Паўночная Карэя зрабіла так у 1980-я гады.
Каментары