Эканоміка11

«Цяпер справы ідуць значна лепш». Якія бізнэсы расквітнелі на фоне вайны і санкцый

Вайна і санкцыі ў цэлым негатыўна адбіваюцца на бізнэсе, але ёсць асобныя нішы, дзе складаная эканамічная сітуацыя наадварот прынесла плюсы.

Унутраны турызм б'е рэкорды. Ілюстрацыйнае фота: Onliner

Унутраны турызм б'е рэкорды

Праз складанасці з падарожжамі ў Еўропу, у Беларусі набірае папулярнасць унутраны турызм, а таксама прыязджае шмат турыстаў з Расіі. 

Па стане на пачатак ліпеня, напаўняльнасць беларускіх санаторыяў складала 91%. Для параўнання, летам 2015 года гэты паказчык складаў каля 80%, а ў гады пандэміі апускаўся да 70%.

Калі ў дакавідным 2019 годзе ў межах краіны падарожнічалі 1 млн 107 тысяч турыстаў, то ў 2022-м — 1 млн 530 тысяч, тэндэнцыя на рост працягваецца і ў 2023 годзе.

У сярэдзіне лета 2023 года беларускія гатэлі былі загружаныя на 70%, такім чынам яны выйшлі на паказчыкі дакавіднага 2019 года.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Колькі расіян ужо наведала Беларусь?

Па выніках першага паўгоддзя экспарт турыстычных паслуг вырас на 35% у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года. Якімі акажуцца выніковыя лічбы, пакуль не вядома. Магчыма, 2023 год зможа не толькі максімальна наблізіцца да пікавых паказчыкаў дакавіднага перыяду, але і пераадолець іх.

Па нашай краіне падарожнічае шмат расіян. У топ-5 гарадоў, у якія грамадзяне РФ збіраюцца выпраўляцца на Новы год, тры беларускія. Мінск знаходзіцца на першым месцы, а Брэст і Гродна на трэцім і чацвёртым адпаведна. 

У ліпені дырэктарка дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Ірына Варановіч паведамляла, што колькасць расійскіх турыстаў, якія са студзеня па май наведалі Беларусь, вырасла на 173% у параўнанні з аналагічным паказчыкам 2022 года.

За 10 месяцаў 2023 года Беларусь ужо наведала больш за 4 млн расійскіх турыстаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Турыстаў едзе вельмі і вельмі шмат»

Павелічэнне даходаў назіраюць і тыя, хто здае кватэры на суткі. Асабліва ў цэнтры такіх гарадоў, як Мінск, Гродна і Брэст.

Як мы пісалі раней, праз наплыў турыстаў кватэры ў цэнтры Гродна ў летні перыяд здавалі і па 100 даляраў за суткі. 

Бізнэсмен, знаёмы з сітуацыяй у турыстычнай сферы, распавёў «Нашай Ніве», што павялічэнне турпатоку сёлета сапраўды вельмі істотнае.

«Турыстаў едзе вельмі і вельмі шмат. Сярод замежнікаў, канешне, у асноўным гэта расіяне. Турыстычны і гасцінічны бізнэс цяпер адчувае сябе вельмі добра. Адпаведна няблага ідуць справы і ў грамадхарчу. Установы, якія 1—2 гады таму ледзь сточвалі канцы з канцамі, сёлета выйшлі ў добры плюс», — кажа суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Карысць ад турыстычнага буму атрымліваюць не толькі уласнікі гатэлей, арэндных кватэр, кавярняў і рэстаранаў. Хапае працы і экскурсаводам.

Аўтабізнэс: «Ніколі не зараблялі так шмат»

Калі разглядаць аўтамабільны бізнэс праз лічбы, якія агучваюць афіцыйныя дылеры, то можна прыйсці да высновы, што ў гэтай галіне ўсе вельмі сумна.

Нават з улікам таго, што продажы новых аўто за 10 месяцаў бягучага года на 27,8% большыя за аналагічны перыяд мінулага года, гэта ўсё адно нашмат менш, чым у даваенны перыяд, бо ў 2022 годзе падзенне склала мінус 63,2%.

Але абвал продажу афіцыйнымі дылерамі звязаны ў першую чаргу не з рэзкім падзеннем попыту на аўто, а з зыходам з Расіі сусветных аўтавытворцаў, санкцыямі, ростам цэн на рэшткі і скарачэннем асартыменту.

Цяпер балам правіць шэры імпарт. Калі дылеры за год прадалі на 30 тысяч аўто менш, чым у 2021-м, то імпарт аўто фізасобамі летась павялічыўся на 45 тысяч. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Такім чынам агульны аб'ём продажаў аўто ў Беларусі праз вайну і санкцыі не толькі не скараціўся, але і значна вырас. Галоўная прычына — попыт з боку расіян.

Чалавек, які займаецца перапродажам аўто з Еўропы, адзначае, што мінулы год быў, бадай, найлепшым у плане заробкаў.

«Сёлета сітуацыя з попытам на свежапрыгнаныя аўто з Еўропы і ЗША далёкая ад таго, што мы назіралі з канца вясны мінулага года, але ўсё адно цяпер справы ідуць значна лепш, чым да вайны», — кажа мужчына.

З яго слоў, вырас не толькі попыт на аўтамабілі, але і маржынальнасць самаго бізнэсу.

«Раней ніколі не было такіх пад'емаў на аўтамабілях, як цяпер і асабліва год таму. Прычым зарабляць лепей сталі не толькі тыя хто непасрэдна гандлюе машынамі. Напрыклад, тарыфы на дастаўку аўто з Еўропы цяпер у разы большыя, чым былі два гады таму.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Так, выдаткі ў перавозчыкаў выраслі, але непараўнальна таму, як вырас тарыф. Перавозчыкі ў прынцыпе самі не адмаўляюць, што цяпер зарабляюць на дастаўцы аўто больш, чым калі-небудзь раней», — кажа аўтабізнэсмен.

Шэры імпарт не знойдзе адлюстравання ў афіцыйнай статыстыцы, але гэта не адмаўляе таго, што многім гульцам аўтабізнэсу вайна прынесла не страты, а дадатковы прыбытак.

«У Расіі адкрылася шмат ніш»

Па назіраннях бізнэсменаў, з якімі давялося пагаварыць, апроч турыстычнага і аўтамабільнага бізнэсу, акрэсліць іншыя сферы, дзе вайна прынесла дадатковы прыбытак, даволі складана.

«Тыя, хто займаўся экспартам і імпартам у кірунку Беларусь-Еўропа ў большасці сваёй страцілі», — прызнаецца бізнэсмен.

Па яго словах, санкцыі, складанасці з разлікамі, значна падаражэлая лагістыка і штучнае рэгуляванне цэн прынеслі шмат праблем у сферы гандлю.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Напрыклад, калі браць будаўнічыя і аздобныя матэрыялы, якія ішлі да нас з краін Еўропы, то попыт на іх упаў. Выраслі закупачныя цэны ў Еўропе, дастаўка стала больш дарагой і працяглай па часе. У людзей заробкі застаюцца прыблізна на тым жа ўзроўні, што да вайны. Адпаведна пакупніцкая здольнасць падае, гэта негатыўна адбіваецца на ўсіх бізнэсах, якія займаюцца продажам імпартных тавараў», — тлумачыць бізнэсмен.

Са слоў суразмоўцы, нягледзячы на тое, што ў цэлым сітуацыя для бізнэсу пагоршала, некаторым удалося хутка пераарыентавацца і павялічыць прыбытак у параўнанні з даваенным перыядам.

У прыватнасці, вялізныя магчымасці адкрыліся і для беларускага вайскова-прамысловага комплексу і прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю двайнога прызначэння. У ходзе баявых дзеянняў Расія страціла тысячы адзінак самай рознай тэхнікі і дзясяткі тысяч адзінак розных узбраенняў. У выніку расцвіў «бізнэс на крыві». Залаты дождж расійскіх заказаў для патрэб расійскай арміі і ВПК РФ праліўся не толькі на заводы, якія працавалі ў гэтай нішы, але і, напрыклад, на «Гомсельмаш».

«Адбылося пэўнае перафарміраванне рынкаў, праз сыход заходніх кампаній у Расіі адкрылася шмат ніш. Некаторым удалося ўчасна праціснуцца на гэты рынак. Беларускія бізнэсы, якія здолелі там замацавацца — цяпер зарабляюць добрыя грошы. Беларускі рынак непараўнальна малы і даволі бедны, а там (у РФ. — НН) усё адно грошай круціцца нашмат больш», — падсумоўвае суразмоўца «Нашай Нівы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Дональд
    16.11.2023
    Каму вайна, а каму маці радна - здаўна вядома было

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі5

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Аляксандр Лукашэнка ўжо не «бацька». У Дзень бацькі Тур прыдумаў Лукашэнку новы статус35

Мітрапаліт Веніямін назваў адну з першых спраў Грамадскай рады па маральнасці — адмянілі спектакль, які паказвалі 10 гадоў13

Як выглядаюць двары ў новым распіяраным жылым комплексе ВІДЭА9

Масква абяцае дапамогу Мінску на выбарах 2025 года «ў выпадку дэстабілізацыі»13

Украінскія беспілотнікі ўначы атакавалі тры расійскія спіртзаводы10

Беларускі сцяганосец на Алімпіядзе ў Токіа стаў рыэлтарам2

Маляваныч расказаў, колькі ў яго скралі тэлефонныя махляры і чаму паверыў ім20

«У ZUS акруглілі вочы: яны ніколі пра такое не чулі». Як беларусы пераводзілі пенсію з Беларусі ў Польшчу4

Зімовую форму мінскіх даішнікаў таксама памянялі ФОТЫ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі5

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →