Экс-кіраўніца МЗС Аўстрыі, з якой танцаваў Пуцін, пераедзе з расійскай вёскі ў Пецярбург
Яна будзе кіраваць даследчым цэнтрам.
Былая міністарка замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль, якая вядомая тым, што танцавала на сваім вяселлі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, пераедзе жыць у Санкт-Пецярбург. Пра гэта Кнайсль распавяла расійскаму агенцтву ТАСС на палях Усходняга эканамічнага форуму.
Кнайсль сказала, што пераедзе ў Пецярбург для працы ў цэнтры G. O. R. K. I. (The Geopolitical Observatory for Russia's Key Issues), якім яна кіруе.
«Я была сузаснавальнікам цэнтра G. O. R. K. I. і кірую ім. Так як там вельмі шмат працы і ён патрабуе шмат увагі, я не магу займацца гэтым перыядычна, я вырашыла для гэтай працы пераехаць у Санкт-Пецярбург», — сказала былая кіраўніца аўстрыйскай дыпламатыі.
Кнайсль займала пасаду кіраўніка МЗС Аўстрыі з 2017 да 2019 года. Гэтым летам яна жыла ў Разанскай вобласці.
Кнайсль уваходзіла ў раду дырэктараў расійскага нафтавага гіганта «Раснафта» ў якасці незалежнага дырэктара ў 2021 годзе. Яна выйшла з рады дырэктараў «Раснафты» ў маі 2022 года пасля таго, як Расія ўварвалася ва Украіну.
На асабістым вэб-сайце Кнайсль сказана, што яна пакінула родную краіну праз пагрозы забойствам і «фактычную забарону на працу ў Аўстрыі».
Кнайсль трапіла ў загалоўкі газет у 2018 годзе, калі Пуцін наведаў яе вяселле. Абаіх тады сфатаграфавалі падчас танца, нагадвае «Еўрапейская праўда».
Каментары