Былая кіраўніца МЗС Аўстрыі, якая танцавала з Пуціным, пераехала пад Разань. І там ёй вельмі падабаецца
У суботу ў вёсцы Петрушова Разанскай вобласці прайшло свята «Макаўка лета», на якое штогод з'язджаюцца жыхары навакольных вёсак і дачнікі. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца шмат гадоў. Але гэтым разам на ім прысутнічала вельмі нечаканая госця — экс-міністр замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль.
Экс-міністр зняла ў Петрушове дом, піша мясцовае выданне Vidsboku.
Аддаленая вёска не першы раз прыцягвае замежнікаў, тут купілі вясковыя хаты францужанкі, у адной з якіх арандавала жыллё Карын Кнайсль. У Петрушове няма ніякіх славутасцяў, але гэта вельмі акуратная расійская вёска. Былая кіраўніца МЗС Аўстрыі вядзе зусім не пустэльніцкае жыццё, яна ўжо пазнаёмілася з многімі жыхарамі.
«Калі яна прыйшла да мяне, мы пайшлі ў парыльню, — распавяла Дыльбар Клада — арганізатарка фэсту пра першую сустрэчу з Карын Кнайсль. — Калі яна даведалася, што ў нас ёсць клуб, то сказала, што магла б прачытаць там лекцыю».
Карын Кнайсль узначальвала Міністэрства замежных спраў Аўстрыі ў 2017—2019 гадах. Яна заняла пасаду ва ўрадзе па квоце Аўстрыйскай партыі свабоды, у 2016 годзе «Адзіная Расія» заключыла з гэтай партыяй пагадненне аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве.
Палітык атрымала шырокую вядомасць у свеце пасля таго, як на яе вяселлі пабываў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і патанцаваў з нявестай, гэтыя кадры распаўсюдзіліся ў інтэрнэце. Але праз год яна разышлася з мужам.
У верасні 2020 года Карын Кнайсль перабралася ў Францыю з-за нібыта пастаянных пагроз забойствам. Аднак і адтуль была вымушаная з'ехаць. Нейкі час жыла ў Ліване. У лютым 2021 года распараджэннем урада Расіі Кнайсль была вылучаная ў якасці кандыдата ў раду дырэктараў кампаніі «Раснафта», а ў чэрвені — абраная. Але на гэтай пасадзе прабыла нядоўга — у сакавіку 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, яна паведаміла кампаніі, што не будзе балатавацца на другі тэрмін, а ў маі падала ў адстаўку.
На свяце ў Петрушове Карын сядзела на лавачцы пад адкрытым небам разам з жыхарамі і іншымі гасцямі. Глядзела выступленні, нешта здымала на тэлефон. На мерапрыемства яна прыйшла адна. У якасці перакладчыка быў студэнт Аляксей, які прыехаў на вакацыі. Малады чалавек адказваў на пытанні госці і на англійскай мове распавядаў ёй пра тое, што адбываецца на сцэне.
Асаблівыя эмоцыі ў экс-міністра выклікала песня Алега Газманава «Вперед, Расія», якую на свяце выканаў хлопчык Косця. Пасля мерапрыемства Карын Кнайсль падышла да яго, пахваліла і паціснула руку.
У канцы свята Карын Кнайсль выступіла перад гледачамі на рускай мове.
«Добры вечар. Толькі крыху размаўляю па-руску, размаўляю па-арабску, па-французску, але мая руская яшчэ маладая і маленькая. Цяпер жыву ў Петрушове, і мне падабаецца гэтая атмасфера. Мне падабаецца, як дзеці тут гуляюць. Тут суперкласная атмасфера, не толькі цяпер, але, па-мойму, кожны дзень. Калі гляджу, куры на вуліцы, качкі, козы — гэта мой свет, гэта таксама мой свет, бо я жыла ў маленькай вёсцы ў Аўстрыі», — сказала яна.
Журналістам яна расказала, што ў Расіі ёй была патрэбная дапамога. «У мяне было некалькі кантактаў людзей, якія дапамаглі мне знайсці жыллё, сказалі, што ёсць дом, які здаецца на лета ў Расіі. Мне таксама дапамагаюць вучыць рускую. Я ведаю восем моў, а вось рускую, на жаль, толькі пачынаю вучыць», — расказала Карын Кнайсль.
Яна кажа, што было няпроста прыехаць на Разаншчыну, але яна стараецца знайсці свой шлях.
«Тут мне падабаецца, у гэтай вёсцы вельмі міла. Я пачала працаваць, працягваю выкладаць і вучыцца, пішу свае кнігі, вучу мову. Мне давялося пакінуць сваё ранейшае жыццё, пачаць усё спачатку, а ў 60 гадоў гэта няпроста», — дадала яна.
Кнайсль выпусціла 15 кніг, а Пуціна апошні раз бачыла ў 2019-м.
Каментары