Як паведаміў прадпрымальнік і мецэнат Павел Падкарытаў у фэйсбуку, суд у Ваўкавыску пастанавіў скасаваць дамову наконт набыцця ім маёнтка ў Падароску нібыта «з-за невыканання ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот».
Рашэнне аб скасаванні дамовы Ваўкавыскі раённы суд прыняў на пазоў Ваўкавыскага аддзела культуры.
Сам Падкарытаў лічыць такое рашэнне незаконным, бо
- справа непадсудная раённаму суду, і, адпаведна, дамова павінна была разглядацца Эканамічным судом Гродзенскай вобласці;
- тэрмін даўніны па пазове мінуў шмат гадоў таму;
- аб’ект увялі ў гаспадарчы абарот у 2014 годзе шляхам стварэння турыстычнага прадпрыемства, перадачы яму аб’ектаў нерухомай маёмасці і вядзення прадпрыемствам гаспадарчай дзейнасці — арганізацыі экскурсійнага абслугоўвання турыстаў у маёнтку цягам 2014-2023 гадоў;
- суду прадставілі ўсе доказы ўводу аб’ектаў у гаспадарчы абарот і вядзення прадпрыемствам гаспадарчай дзейнасці з выкарыстаннем набытых па дамове аб’ектаў;
- патрабаваных законам акалічнасцяў, дастатковых для скасавання дамовы, няма.
Рашэнне Ваўкавыскага раённага суда пакуль не ўступіла ў законную сілу, і Падкарытаў плануе абскардзіць яго ў вышэйшых судовых установах.
Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляла сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску. Расійскі бізнэсмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў выкупіў гэту сядзібу ў 2013 годзе.
Летась у кастрычніку ўлады пачалі пераслед кіраўніка і фінансавага дырэктара «Маёнтка Падароск» Юрыя Меляшкевіча і Змітра Карабача. Ім выставілі абвінавачанне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў. Юрый Меляшкевіч правёў пад вартай паўгода і ў красавіку 2023 года быў вызвалены пад паручальніцтва.
Каментары