Культура11

Археалагічны комплекс на Менцы абяцаюць зрабіць новым брэндам Беларусі

Яшчэ ў 1920-я з’явілася версія, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Менск. Каб нарэшце пацвердзіць альбо абвергнуць гэтае меркаванне, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук ладзіць маштабныя раскопкі, піша выданне «Культура і мастацтва».

Пачаць даследаванне комплексу, каб устанавіць яго гісторыка-культурную ролю ў ІХ—ХІ стагоддзях і значэнне ў мінуўшчыне краіны, даручыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Ён зазначыў, наведаўшы помнік у верасні 2022-га: развіццю аб’екта ў вёсцы Гарадзішча неабходна надаць дынаміку і на аснове навуковых рэкамендацый скласці канцэпцыю комплекснага развіцця. Мяркуецца, што мясціна ператворыцца ў музей пад адкрытым небам, пляцоўку для імпрэз і навуковых форумаў — і стане новым брэндам Беларусі. 

«Знаходкі ў Міжрэччы»

У археалагічным комплексе на Менцы палявы сезон пачаўся ў красавіку інструментальнымі даследаваннямі, пазней стартавалі паўнавартасныя раскопкі. З таго часу выяўлена каля 300 індывідуальных знаходак і звыш 5 тыс. адзінак масавага керамічнага матэрыялу. Унікальныя артэфакты зараз можна ўбачыць на выставе «Падарожжа ў мінулае…» ў Мінскай гарадской ратушы. Археолагі тым часам працягваюць пошукі. 

— Мы зрабілі шэсць раскопаў. І калі вывучаць матэрыяльную культуру, то яна не сельская, а гарадская. Яна звязаная з рамяством, — расказвае кіраўнік раскопак, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч. — За валамі мы адшукалі рэшткі ювелірнай майстэрні, якая функцыянавала ў ХІ — пачатку ХІІ стагоддзя. Вельмі шмат гандлёвых пломбаў розных старажытнарускіх княстваў. Знойдзены гіркі, манеты, арабскія пацеркі. Таксама ёсць сведчанні таго, што тут развівалася кастарэзнае і кавальскае рамяство. А сельскагаспадарчага інвентару вельмі мала. 

Што да значнасці пасялення, Андрэй Вайцяховіч сцвярджае: яно было сапраўды буйным. Агульная плошча пасадаў складала 30 гектараў. Гэта дазваляе казаць, што ў Х — першай палове ХІ стагоддзя паселішча было адным з самых вялікіх. Яно пачало фарміравацца як цэнтр славянскага рассялення. Плямёны з поўдня і паўднёвага ўсходу прыйшлі ў вярхоўі Пцічы на ўрадлівую зямлю, куды пазней хлынула хваля новых людзей. 

Паказальны і той факт, што ў археалагічным комплексе адшукалі ўжо некалькі фрагментаў посуду з родавым знакам князя Ізяслава. Леташняя знаходка стала першай на тэрыторыі Беларусі з асабістай паметай славутай асобы. На думку кіраўніка раскопак, артэфакты могуць сведчыць, што ў гэтым месцы альбо правёў пэўны час сам Ізяслаў, альбо прысутнічалі яго прадстаўнікі, якія мелі права карыстацца знакам. 

«Ацаніць узрост»

Як мяркуецца, на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў нашай эры былі насыпаны валы, і паселішча на Менцы атрымала статус паўнацэннага горада. Каб дакладна ўстанавіць, калі створаны ўмацаванні, археолагі раскопваюць гэтыя вялізныя насыпы. У выніку адмыслоўцы павінны выйсці да самага падножжа. Там захаваліся асновы валоў — дубовыя клеці. Іх выявіў у 1983 годзе слынны навукоўца Георгій Штыхаў. Сучасныя даследчыкі маюць задачу раскрыць драўляныя элементы, узяць спілы і правесці дэндрахраналагічны аналіз. Раней такія дакладныя метады ў гэтым месцы не прымяняліся. 

Удзельнікі раскопак рыдлёўкамі здымаюць пласты зямлі і тачкамі вывозяць грунт. Іншыя работнікі ўручную правяраюць, ці ёсць у ім артэфакты, адкладваюць знаходкі ў адмысловыя скрыні. Фрагменты керамікі пазней дбайна прамываюць. Перыядычна насыпы абследуюць з металашукальнікам. А часам рыдлёўкі даводзіцца пакідаць ды брацца за шуфлікі і пэндзлі. 

«Дапамога ад моладзі»

Разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў раскопках удзельнічаюць валанцёры і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вышэйшых навучальных устаноў Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Полацка. Гэта каштоўная магчымасць для маладых людзей атрымаць навыкі, адкрыць для сябе новае месца на карце Беларусі і зрабіць унёсак у лёс важнага помніка. 

— Гэта вельмі пазнавальна. І я ўпэўнена, што ўсім нашым хлопцам і дзяўчатам падабаецца, асабліва калі атрымліваецца нешта знайсці, — дзеліцца ўражаннямі камандзір студатрада Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Настасся Худзік. — Нядаўна трапіліся рэшткі вазы, і мы ўсе разам спрабавалі сабраць элементы, як мазаіку. Радаваліся, калі адшукалі нож. А пацеркі ХІ стагоддзя былі, напэўна, самай захапляльнай знаходкай. Як нам патлумачылі, іх часта прапускаюць і выкідаюць. Таму нам пашанцавала. Цікава, як выглядала ўпрыгажэнне цалкам, хто яго насіў і хто ўвогуле жыў на гэтым месцы. 

Хоць адмыслоўцы ўжо атрымалі нямала артэфактаў, што дапаўняюць старонкі нашай гісторыі, цяперашнія археалагічныя работы — гэта толькі пачатак. Навукоўцаў чакае каласальная прастора для пошукаў. Сёлета раскопкі працягнуцца да халадоў.

Каментары1

  • Андрусь
    04.09.2023
    Некалькі гадоў на навуковым даслдаванні гарадзіча настойваў журналіст, актывіст і заснавальнік ліквідаваных уладамі курсаў Мова Нанова Глеб Лабадзенка, які стварыў побач з гарадзішчам музей "Стары Менск". Ён зрабіў шмат для захавання помніка. І гэты камень са слушнай назвай сталіцы Беларусі - ягоная справа. Яму дапамагалі навукоўцы-археолагі проста з уласнай ініцыятывы. І ў матэрыяле пра яго ні слова. Добра, той дзяржаўнай "Культуры і мастацтву" ўзгадваць Лабадзенку не дазваляе ідэалогія. А ў Нашай Ніве хіба не чулі пра тое, што там столькі гадоў рабіў і дамагаўся Глеб? Галоўчанку вы ўзгадалі... 
    Трэба ж не толькі пераказваць "госаў" (з чаго ўжо любяць парагатаць розныя там "слівы"), але і дадаваць нейкую сваю даданую вартасць.  

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты1

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

Вызначыліся супернікі зборнай Беларусі ў адборачным турніры да ЧС-20263

Латушка — камандзе Бабарыкі: Большасць выступае за тое, каб працягваць ціск30

У Мінпрацы расказалі, як зрабіць сабе 3 студзеня выходным днём

Грамадзяніна Расіі Дзмітрыя Лукашэнку затрымалі ў Маскве за наркотыкі3

Канапацкая: Дзяржаўныя СМІ пароўну асвятляюць працу ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты6

У Мастах другакласнік выратаваў ката з сабакам ад пажару2

Джым Кэры прадаў асабняк у Лос-Анджэлесе за $20 мільёнаў, прычым зрабіў зніжку на $9 мільёнаў

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі25

Лукашэнка падоўжыў бязвіз для еўрапейцаў да канца 2025 года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты1

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →