«Сабаку не гладзіць!» Рэзідэнцыю Трампа пачалі ахоўваць сабакі-робаты
Падчас перадвыбарчай кампаніі ў ЗША на жыццё Трампа замахваліся двойчы, і менавіта пасля гэтых замахаў Сакрэтная служба ў тэрміновым парадку пачала абнаўляць тэхналогіі аховы.
На ўзбраенні Сакрэтнай службы ЗША з'явіліся першыя патрульныя сабакі-робаты ад кампаніі Boston Dynamics. Адна з іх была заўважана на тэрыторыі рэзідэнцыі абранага прэзідэнта Дональда Трампа Мар-а-Лага ў мястэчку Палм-біч у Фларыдзе, піша ВВС.
Мянушка чатырохногага патрульнага — Спот — заснавана на гульні слоў: у англійскай мове слова «spot» можа быць як назоўнікам («кропка», «пляма»), так і дзеясловам («знаходзіць», «высочваць»).
Электрычны сабака можа быць цалкам аўтаматызаваны, калі пракласці яму маршрут загадзя, ці кіравацца дыстанцыйна, у ручным рэжыме.
Надпісы на кожнай з металічных ног папярэджваюць: «Не гладзіць».
«Не ведаю, у каго можа ўзнікнуць жаданне такога сабаку пагладзіць, — адзначае палітолаг з прыватнага Каледжа Менла ў Каліфорніі Меліса Мічэлсан. — Ён зусім не выглядае мілым».
Відэа, на якім Спот патрулюе тэрыторыю, стала хітом тыктока, выклікаўшы там неадназначную рэакцыю — каментары карыстальнікаў вар'іруюцца ў дыяпазоне ад «мілага» да «жудаснага».
A robotic dog patrols Donald Trump’s Mar-a-Lago residence amid a heightened security presence at his home following his election victory. #News #DonaldTrump #2024election #Reuters #maralago #Florida
«Наш асноўны прыярытэт — бяспека абранага прэзідэнта», — гаворыцца ў заяве, атрыманай Бі-бі-сі ад кіраўніка Сакрэтнай службы ЗША па сувязях з грамадскасцю Энтані Гульельмі.
За апошнія некалькі месяцаў, падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША, на жыццё Трампа публічна рабілі замах двойчы.
Першы раз — у ліпені, на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Пенсільваніі; другі — у верасні, на поле для гольфа ў Мар-а-Лага.
На канкрэтныя пытанні Бі-бі-сі аб выкарыстанні механічных сабак для аховы Трамп — у тым ліку аб тым, з якога моманту сабака з'явіўся на тэрыторыі прыватнай рэзідэнцыі — у Сакрэтнай службе адказваць адмовіліся, спаслаўшыся на «клопат аб аператыўнай бяспецы».
У кампаніі Boston Dynamics таксама толькі пацвердзілі выкарыстанне Спота Сакрэтнай службай, аднак на канкрэтныя пытанні адказваць адмовіліся.
Каментары