Грамадства55

Ад Турцыі да Мальдываў. Якія самыя дарагія туры купляюць беларусы ў гэтым сезоне?

Кожны год на моры — ідэальная карціна ва ўяўленні многіх беларусаў. Аднак ёсць сярод нас і тыя, хто можа дазволіць сабе пляжны адпачынак рэгулярна — і не проста са стандартным «усё ўключана», а на ўласнай віле, з індывідуальным басейнам, у самым люксавым гатэлі і, натуральна, з пералётам у бізнэс-класе. Якія турыстычныя кірункі ў сегменце «люкс» выбіраюць беларусы і колькі грошай яны гатовыя траціць на падарожжы, даведаўся «Анлайнер».

«Ужо 68 тысяч еўра, і гэта не столь»

Журналісты патэлефанавалі амаль у 20 турагенцтваў, якія спецыялізуюцца на арганізацыі элітных тураў. Праўда, не ўсе дзеляцца інфармацыяй ахвотна.

«Трэба разумець, што мы прадаём не пакетныя туры, а індывідуальныя. З «пакетамі» ўсё банальна: цяпер гэта толькі Турцыя і Егіпет, бюджэт — 3 тысячы еўра на дваіх. Мы ж з вамі гаворым пра люкс-сегмент, калі ў кошт адпачынку ўваходзіць аплата верталёта і самага крутога гатэля, — тлумачаць у адной з турфірмаў. — Гэта ўжо зусім іншы бюджэт — ад 25 тысяч еўра за 5—6 дзён і да 100 тысяч еўра».

У яшчэ адным турагенцтве спрабуюць растлумачыць розніцу звычайнага адпачынку і катэгорыі «лакшэры». Да прыкладу, тур па Італіі за 500 еўра на чалавека ўключае пераезд на аўтобусе і стандартны экскурсійны пакет, а адпачынак на востраве Сардзінія пачынаецца з 5 тысяч еўра на чалавека.

Пра цяперашні турыстычны сезон і вытанчаныя патрабаванні багатых беларусаў расказвае дырэктар турагенцтва Coral Travel Кацярына Галавіна. У турыстычнай сферы яна працуе больш за 20 гадоў, а свой першы дарагі тур прадала 10 гадоў таму — за 22 тысячы даляраў.

Экспертка прызнаецца: сёлета ў яе прадаецца шмат дарагіх тураў. Цэны пачынаюцца ад 15 тысяч даляраў і заканчваюцца 38 тысячамі даляраў.

«У нашай краіне ёсць сем'і, якія могуць дазволіць сабе адпачываць якасна і дорага, — падкрэслівае Кацярына. — З многімі сем'ямі я сябрую гадамі, бо часцей за ўсё такія кліенты становяцца сталымі. Да прыкладу, адзін з маіх кліентаў — знакаміты былы спартсмен. Многія маюць буйны бізнэс. Яны цэняць якасць, камфорт і сэрвіс».

Кацярына адзначае, што элітныя туры прадугледжваюць індывідуальны падыход. Нядаўна ў яе практыцы быў выпадак, калі чалавек хацеў пабываць у Панаме і парыбачыць у пэўным месцы. Хтосьці звяртаецца з просьбай арганізаваць кругасветнае падарожжа, хтосьці — адпачынак на круізным лайнеры.

У гэтым сезоне ўлюбёным месцам заможных беларусаў сталі Мальдывы. Цэннік пачынаецца з 5 тысяч даляраў за дваіх і да бесканечнасці. Хочаш адпачываць на віле — калі ласка, адно толькі пражыванне абыдзецца ў 20 тысяч даляраў, не кажучы пра поўны пакет. Дадаём пералёт бізнэс-класам — тарыф павялічваецца ўдвая.

«Я якраз цяпер падбіраю для адной сям'і тур, дзе кошт ужо дасягае 68 тысяч еўра, і гэта яшчэ не столь. Там трое дзяцей, эксклюзіўная віла, пералёт бізнэс-класам», — кажа Кацярына.

На другое месца па папулярнасці ў багатых беларусаў выходзяць Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Сапраўды, сегмент цэн вельмі розны. Можна жыць у Дубаі ў гатэлі катэгорыі «тры зоркі» з опцыяй «усё ўключана», ездзіць на пляж на трансферы і ўкласціся ў 1,5 тысячы еўра ці адпачываць на востраве ў VIP-гатэлі з уласнай вілай. Адпаведна, і кошт узлятае мінімум разоў у 10.

«У гэтым сезоне ў мяне было некалькі пуцёвак у ААЭ, дзе людзі аб'ядноўваліся сем'ямі. На адну сям'ю атрымалася па 15 тысяч даляраў, прычым гэта дэлюкс-гатэль, нават не віла, два пакоі падвышанай камфортнасці, выхад на індывідуальны басейн. Пагадзіцеся, у Беларусі далёка не кожны чалавек можа дазволіць сабе такі адпачынак».

За трэцяе месца па запытах багатых турыстаў змагаюцца Турцыя і Еўропа. У Турцыю можна з камфортам злятаць вялікай сям'ёй з шасці чалавек за 15 тысяч еўра. Для параўнання: нядаўна кліенты Кацярыны вярнуліся з вострава Корфу ў Грэцыі. Яны адпачывалі ў эксклюзіўным гатэлі, прычым нумары браніраваліся ў апошні момант. Кошт туру для адной сям'і склаў 22 тысячы еўра, для другой — 18 тысяч еўра.

Адпачываць можна ў Турцыі, а пясок будзе як на Мальдывах

Дырэктар турыстычнай кампаніі «Натурлэнд Трэвел» Канстанцін Мацюшкін пацвярджае, што дарагія і ад гэтага не менш запатрабаваныя кірункі ў гэтым сезоне — ААЭ і Турцыя.

Кампанія не спецыялізуецца на элітных турах, пуцёўкі даражэйшыя за 10 тысяч даляраў прадаюцца вельмі рэдка. Гэта адзінкавыя выпадкі, калі кліенты звяртаюцца па рэкамендацыі.

«Кошт на дарагія пуцёўкі залежыць ад кошту гатэля і яго паслуг. Так як дарагія гатэлі катэгорыі «пяць зорак» не падаюць у цане практычна ніколі, кошт пералёту ў такім туры не з'яўляецца вырашальным фактарам. Але бывае і перыяд высокага попыту на кірунак, калі нават гатэль «тры зоркі» ў пакетным туры каштуе нятанна. Тут ужо грае ролю попыт на авіябілеты, якія ідуць па высокіх тарыфах. У залежнасці ад запаўняльнасці рэйса цана пуцёўкі павышаецца на 200—300 еўра, — тлумачыць Канстанцін фактары, якія ўплываюць на кошт адпачынку. — Напрыклад, ААЭ самі па сабе — гэта кірунак дарагога адпачынку. Калі чалавек хоча жыць у новым гатэлі на востраве Пальма, на адкрыцці якога выступала Беёнсэ, то гэта адназначна будзе каштаваць вельмі дорага».

Калі меркаваць па досведзе працы кампаніі ў гэтым сезоне, самыя дарагія пуцёўкі ў ААЭ на дваіх каштавалі 10 тысяч даляраў, калі браць Турцыю — гэта 7—8 тысяч еўра на дваіх чалавек.

Па словах эксперта, Турцыя цяпер прыцягвае турыстаў вялікай колькасцю паслуг. Кошт пуцёўкі залежыць ад таго, ці будзе ў вас асабісты кухар, нянька для дзяцей, індывідуальнае абслугоўванне вілы, асобны басейн.

Многія карыстаюцца паслугай прывазных пяскоў: гэта значыць, адпачываць можна ў Турцыі, а пясок будзе як на Мальдывах. Цудоўна, ці не так?

Цэны на адпачынак у Турцыі таксама практычна не маюць столі. Да прыкладу, калі спыніцца ў прэзідэнцкай віле ў адным з найлепшых гатэляў, то кошт пуцёўкі даходзіць да 150 тысяч еўра. Можна аддаць 15 тысяч еўра за тыднёвы адпачынак.

«Элітныя туры ў нас бяруць звычайна людзі 40+»

«Па факце самым папулярным кірункам у беларусаў застаецца Турцыя. Усё проста: туды бліжэй за ўсё ляцець, з Мінска практычна кожны дзень лётаюць прамыя рэйсы, — распавядае дырэктар «Салемарэ Тур» Яўген Скудны. — Беларусы бываюць у Турцыі нават зімой, калі не купаешся ў моры. Затое можна пагуляць, узяць экскурсійную праграму. Цана стартуе ад 1,5 тысячы даляраў за дваіх на тыдзень. Адпаведна, такі адпачынак можа дазволіць сабе больш людзей».

Калі ў Турцыі гэтая цана распаўсюджваецца на «ўсё ўключана», то ў ААЭ з яе стартуюць пуцёўкі толькі са сняданкамі. Гэта другі распаўсюджаны кірунак цяпер, таму што туды таксама ёсць прамы рэйс з Мінска.

На трэцім месцы — Мальдывы. Тут цана пачынаецца з 3—4 тысяч даляраў за тур на дваіх. Мяжы няма, гэта можа быць 20 тысяч даляраў і вышэй у залежнасці ад гатэля, тыпу харчавання, катэгорыі нумара, працягласці адпачынку і сезона.

«Элітныя туры ў нас бяруць звычайна людзі 40+, якія моцна стаяць на нагах. Едуць сем'ямі, адпаведна, патрабуецца больш квіткоў, камфартабельныя нумары з некалькімі спальнямі, а гэта аўтаматычна высокі цэннік», — працягвае Яўген.

Напрыклад, нядаўна кампанія Яўгена арганізоўвала адпачынак для сям'і з пяці чалавек у Дубаі. Пяцізоркавы гатэль дэлюкс, усё ўключана, індывідуальныя трансферы — за ўсё 30 тысяч даляраў.

Каментары5

  • именем рэвалюцыи
    13.08.2023
    Не завидуйци им. Эта очень уставшие людзи. Ани очынь харашо трудзяцца, и им пастаянна трэбуецца отдых. Предлагаю дажэ нашему общэству сабираць им дзенег, штоб ани ешчо качественнее атдыхали.А ешчо лутшэ будит, если их всех взять, и атправиць на вечный отдых.
  • Žvir
    13.08.2023
    Saūki adpisálisia, chto b sumniavaūsia...:)
  • Максим Дизайнер
    13.08.2023
    ром

    Отличный комментарий!Лет 15 назад сделал для себя аналогичный вывод.

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →